ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Моцныя ў сакраманце сужэнства

З жыцця Касцёла

Падчас сёлетніх урачыстасцей у Дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях каля сотні сужэнстваў нанова склалі прысягу жыць у любові, вернасці і сумленнасці да самай смерці. Ініцыятарам аднаўлення сужэнскіх абяцанняў выступіў кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі. Нагодай для гэтага стала жаданне падкрэсліць у Год сям’і, які перажываем у Касцёле ў Беларусі, важнасць заступніцтва Маці Божай.
Разам у штодзённасці, разам у вечнасці
    Ва ўрачыстай цырымоніі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, сярод іншых удзельнічала сям’я Мікалаевых – Валерый і Вольга. Перад абрадам сужэнцы разам з дочкамі Ленай, Палінай і Ганнай далі публічнае сведчанне веры. “Гэтае сведчанне з’яўляецца галоўным знакам прысутнасці Марыі ў нашым жыцці, – адзначае спадарыня Вольга. – На пачатку свайго духоўнага шляху я ўвогуле не разумела культу Маці Божай. Памятаю, як прасіла Бога дапамагчы ставіцца да Марыі так, як хоча Ён.
І Езус прывёў мяне да Яе.
    А цяпер Марыя нястомна накіроўвае мяне да Хрыста”.
    Аказалася, Маці Божая чувала над парай ад яе нараджэння. “Пазнаёмілася я з будучым мужам на вуліцы. Не адмовіла, калі ён папрасіў нумар тэлефону, аднак калі запрасіў на спатканне, адказалася, таму што быў час Вялікага посту. Прапанавала пайсці са мной на Песні жальбы ў касцёл… І ён не спужаўся, – распавядае з усмешкай жанчына. – Той жа ноччу Валеру прыснілася Маці Божая, якая стаяла ў прамянях і асвячала яго святлом. Муж успрыняў гэта як знак, што я прызначана яму звыш. Праз 4 месяцы мы ўзялі шлюб”.
    Сужэнства Мікалаевых шчаслівае разам ужо 20 гадоў і за гэты час выпрацавала асабістую духоўную праграму: па пятніцах – пост, кожную нядзелю і святы – св. Імша, штомесяц – споведзь. Акрамя таго, кожны вечар сям’я практыкуе супольную ружанцовую малітву ў адпаведнай атмасферы: пры абразе і свечках. “Калі муж кудысьці ад’язджае, а я застаюся дома, мы молімся разам па тэлефоне, – дадае жанчына. – Я заўважаю, як праз практыку сямейнага Ружанца мы сталі бліжэй адзін да аднаго, адносіны напоўніліся спакоем і глыбокім даверам. Калі ўзнікаюць крыўды, з малітвай яны паступова адыходзяць у нябыт”.
   
    “Вось спадчына ад Госпада: дзеці…” (Пс 127, 3)
    Прыгажосць хрысціянскіх каштоўнасцей спадарства Валерый і Вольга імкнуцца перадаваць сваім дзецям. Вучаць давяраць Богу як любячаму Айцу і верыць, што з Ім можна прайсці праз любыя цяжкасці.
    “Заўважаю моцную прагу Бога ў старэйшай дачкі Лены, якая знаходзіцца ў найбольш свядомым узросце. Цяпер, прабываючы дома на канікулах, яна амаль штодня імчыць на Імшу а 8-ай гадзіне раніцы. Мяне гэта крыху здзіўляе, бо, колькі памятаю, раннія пад’ёмы даваліся ёй вельмі цяжка, – усміхаецца жанчына. – А нядаўна ўвогуле абвясціла, што паедзе на місіі ў Перу”.
    Пра місіі дзяўчына думала яшчэ з 15-гадовага ўзросту. З запалам распавядае пра магчымасць здзейсніць даўнюю мару: “Еду на 3 тыдні ў адзін з самых бедных рэгіёнаў краіны, літаральна ў трушчобы. Вырушаю з групай у складзе 18-ці чалавек на чале з манахінямі. Там падзелімся паводле тыпу валанцёрскай дзейнасці: хтосьці будзе наведваць хворых у шпіталі, хтосьці – дапамагаць бяздомным або арганізоўваць вольны час у доме састарэлых. Я б хацела папрацаваць з дзецьмі. На маю думку, колькі любові і радасці атрымаеш у дзяцінстве, настолькі лёгка табе будзе ўпарадкаваць дарослае жыццё. Я вырасла ў шчаслівай сям’і, у Божай любові і хачу дзяліцца тым, чым была адорана.
    У Перу дзеці жывуць у складаных умовах. Часта ім не хапае пяшчоты, здараецца, іх выкарыстоўваюць як працоўную сілу… Пастараюся падарыць ім крыху цяпла, а ўзамен, мяркую, навучуся адкрывацца на таго, хто побач. Зразумела, мы будзем праводзіць і евангелізацыйную дзейнасць: завітваць у дамы, размаўляць з людзьмі, абвяшчаць Хрыста. Вялікай адвагі не трэба – у Перу любяць місіянераў. Наша задача, хутчэй, заключаецца ў тым, каб паглыбляць веру людзей. Я прайшла паўгадавую падрыхтоўку перад выездам: рэкалекцыі, сведчанні, лекцыі, урокі іспанскай мовы – таму еду не з пустой галавой”.
    Спадарыня Вольга штодня дзякуе Богу за тое, што атрымалася пабудаваць сям’ю, заснаваную на веры, і што кожны яе член паволі ўсталёўвае асабістыя адносіны з Госпадам.
   
    Вышэйшыя праявы Божай прысутнасці
   Спадарыня Вольга не атрымала прыкладу веры з уласнай сям’і і прызнаецца, што часам нават пагарджала веруючымі. Аднак разам з тым адчувала, што ёй чагосьці моцна не стае… Сваё навяртанне жанчына называе адным са шматлікіх цудаў, якія здарыліся ў яе жыцці.
    “Дар веры я атрымала знянацку. Аднойчы паехала на хутар да бабулі. У яе хаце вісеў абраз Сэрца Езуса. Памятаю, як выпадкова зірнула на яго… і ўбачыла аблічча дэмана. Адразу адвярнулася, але затым асцярожна зірнула яшчэ раз і ўбачыла ўжо постаць Хрыста, – узрушана распавядае жанчына. – Я была ашаломлена і напалохана, але разам з тым задумалася: калі ёсць д’ябал, павінен быць і Бог. І толькі ад мяне залежыць, на якім баку стану я”.
    Другім значным цудам спадарыня Вольга называе навяртанне сваёй маці. Жанчына моцна перажывала нявер’е матулі і, звярнуўшыся за парадай да святара, пачула, што трэба даверыцца Маці Божай і ахвяраваць хаця б адну “Вітай, Марыя” ў дзень у патрэбнай інтэнцыі.
    “Пэўным разам у нашай сям’і здарылася трагедыя: мама атруцілася грыбамі і ўпала ў кому. Стан быў вельмі крытычны. Аналізы паказвалі, што яна ўжо не апрытомнее. Я паклікала ксяндза, каб удзяліў маме сакрамант намашчэння хворых. Разам з тым моцна хвалявалася, ці дастаткова будзе гэтага для збаўлення душы, – узгадвае жанчына. – Нечакана маці выйшла з комы. Яна прыступіла да споведзі, прыняла св. Камунію. Думаю, моц сакраманту і палягала ў тым, каб «абудзіць» маму і дазволіць ёй паспець паяднацца з Богам. Праз некалькі дзён, у свята Маці Божай Ружанцовай, матуля адышла ў жыццё вечнае”.
    Спадарыня Вольга ўпэўнена: штодзённасць поўніцца цудамі. Часам нават не шматгадзінныя прашэнні, літаніі і песні праслаўлення, а кароткая малітва, выказаная з поўнай адданасцю, можа здзейсніць неверагоднае.
   
    Бог ёсць гармонія
    З якімі б цяжкасцямі не сутыкалася сям’я Мікалаевых, яна ніколі не мае пачуцця безнадзейнасці, трагічнасці сітуацыі. “Мы нібыта «запраграмаваны» на тое, што з Богам справімся з любымі праблемамі. З Ім усё атрымаецца, – дзеліцца спадарыня Вольга. – Калі ў адносінах узнікае напружанне, для мяне гэта з’яўляецца сігналам, што адышла ад Бога. Пра блізкасць да Усявышняга сведчаць, перш за ўсё, гарманічныя стасункі з людзьмі навокал”.
    З вышыні сваіх гадоў і досведу сямейнага жыцця спадарыня Вольга адзначае, што вельмі важна маліцца аб добрым сужэнцы. “Трэба старацца жыць згодна з Божымі запаведзямі, звяртацца да Усявышняга, і Ён абавязкова падкажа, хто павінен быць побач з табой, – гаворыць жанчына. – На жаль, моладзь сёння шмат губляе, паддаючыся нячыстасці. Патанаючы ў гэтым граху можа страціць галоўнае – здольнасць любіць…”.
    Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў стала для сям’і Мікалаевых магчымасцю ўмацавацца ў пакліканні, нагадаць сабе, што сужэнства – гэта вялікая таямніца, усталяваная Госпадам. “Мы ўсе толькі стараемся жыць як хрысціяне, але гэта не заўсёды атрымліваецца. Я веру, што кожны падобны абрад, кожная малітва ці любая іншая духоўная практыка прыцягвае Божую ласку ў жыццё чалавека”, – падсумоўвае спадарыня Вольга.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.