ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Марыя Магдалена – сведка Божай міласэрнасці

На шляху да святасці

Жадаючы падкрэсліць значэнне св. Марыі Магдалены для Касцёла, Святы Айцец Францішак у 2016 годзе пастанавіў яе штогадовы абавязковы ўспамін 22 ліпеня ўзвесці ў Рымскім календары ў ранг свята.
Св. Марыя Магдалена з’яўляецца біблійнай постаццю. З Новага Запавету ведаем, што яна належала да кола бліжэйшых вучняў Езуса, дзякуючы чаму была відавочцам большасці падзей, звязаных з пасхальнай справай Збаўцы. Побач з Маці Божай яна верна стаяла пад крыжам, на якім быў распяты Езус Хрыстус (параўн. Мц 27, 55–56; Мк 15, 40–41; Ян 19; 25–27). Была першай, хто сустрэў уваскрослага Месію, каб пазней абвясціць Добрую Навіну апосталам (параўн. Мц 28, 1–11; Мк 16, 1–8; Лк 24, 1–11; Ян 20, 1–18). Праўдападобна, знаходзілася таксама сярод жанчын, сабраных з апосталамі, якія чакалі спаўнення абяцання спаслання Святога Духа (параўн. Дз 1, 14).
“Як вядома, у традыцыі Заходняга Касцёла, асабліва з часу св. Рыгора Вялікага, асобу Марыі Магдалены часта атаясамліваюць з жанчынай, якая ў доме фарысея Сымона намасціла ступні Езуса духмяным алеем, а таксама з Марыяй, сястрой Лазара і Марты. Гэтая інтэрпрэтацыя тры вала на працягу стагоддзяў і мела ўплыў на хрысціянскіх пісьменнікаў, рэлігійнае мастацтва і літургічныя тэксты, якія адносяцца да святой. Баландысты вельмі шырока акрэслілі праблему ідэнтыфікацыі гэтых трох жанчын, рыхтуючы падставу для літургічнай рэформы Рымскага календара. Разам з яе ўвядзеннем тэксты Рымскага імшала, Літургіі гадзін і Рымскага мартыралога адносяцца ўжо толькі да Марыі Магдалены” (абп Артур Рашэ, “Апосталка апосталаў”).
    Нягледзячы на тое, што сёння Марыю Магдалену не атаясамліваюць з распусніцай, якая ў доме фарысея Сымона намасціла алеем ногі Езуса (параўн. Лк 7, 38), аднак, як кожны чалавек, яна здзейсніла ў сваім жыцці не адзін грэх. Апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў піша: “Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены Божай славы” (Рым 3, 23).
    І Марыя Магдалена не з’яўляецца выключэннем. Ёй патрэбна была сустрэча з Хрыстом і Яго прабачаючай любоўю, патрэбна было акунуцца ў Божую міласэрнасць, каб атрымаць аздараўленне душы. Перш чым стаць сведкам уваскрасення Езуса, жанчына праз шчырае навяртанне дзякуючы ласцы Пана перажыла сваё асабістае духоўнае ўваскрасенне. Евангеллі не падаюць апісання першай сустрэ чы Марыі Магдалены з Езусам. Ведаем, што яна была адной з жанчын, якіх Збаўца “вызваліў ад злых духаў і ад слабасці” (параўн. Лк 8, 2–3). Апантанасць тады не была чымсьці выключным. Гэтай з’яве часта спадарожнічалі розныя фізічныя захворванні. Існа вала таксама перакананне, што хвароба – эфект уздзеяння д’ябла (параўн. Лк 13, 16).
    У Новым Запавеце двойчы знаходзім згадку аб тым, што з Марыі Магдалены “выйшла сем злых духаў” (параўн. Мк 16, 9; Лк 8, 2). Іх уплыў на жанчыну меў быць вельмі вялікі. Сямёрка з’яўляецца лічбай, якая ўтварае поўню, адсюль сем злых духаў азначаюць вялікія цярпенні, цяжкую хваробу, абсалютную ступень апантанасці д’яблам. Бясспрэчна, гэта было для Марыі Магдалены прычынай няшчасця, клеймавання ці нават асуджэння. Адчувала ізаляванасць ад грамадства, адасобленасць.
    Аднак Пан прабачыў ёй усе грахі і збавіў як ад пакут, выкліканых злым духам, так і ад немачы. Дзякуючы гэтаму аказалася ў коле асоб, якія спадарожнічалі Езусу. Хрыстос стаў для жанчыны ўсім жыццём, якое прысвяціла Яму. Накіроўвалася за Збаўцам усюды, служачы ад усяго сэрца. Мела вялікую любоў да Пана Езуса, і Ён ахінаў яе шчырай любоўю.
    Спатканне Марыі Магдалены з Хрыстом поўнасцю змяніла яе саму і яе жыццё ў лепшы бок. Бог чакае кожнага з нас, чакае сустрэчы з намі ў веры. Незалежна ад трагізму стану, у якім знаходзіцца чалавек, Збаўца мае моц поўнасцю аздаравіць яго душу і цела, вызваліць ад моцы злога духа, граху і ад любой слабасці, даць яму новае жыццё і ўчыніць відавочцам свайго Уваскрасення. Жыццё Марыі Магдалены сведчыць аб гэтым лепш за ўсё.
    Сёння Марыя Магдалена – прыклад сапраўднага евангелізатара. Св. Рыгор Вялікі назваў яе “сведкам Божай міласэрнасці”, а св. Тамаш Аквінскі – “апосталкай апосталаў”. Св. Тэрэза з Лізьё так піша ў “Гісторыі адной душы”, узгадваючы гэтую святую жанчыну: “Перш за ўсё, я пераймаю паставу Магдалены, яе надзвычайную, а правільней сказаць поўную любові мужнасць, якая зачароўвае сэрца Езуса, а таксама захапляе і маё сэрца”. І няхай такая яе постаць заступаецца за нас!
   
Малітва да св. Марыі Магдалены
    Святая Марыя з Магдалы, сведка Місіі, Мукі і Хвалы Езуса, якая ўсіх уразіла пашанай і праслаўленнем Пана, а таксама палымянай любоўю, якой Яго акружала, правядзі нас дарогай адарацыі Хрыста. Абудзі веру ў Яго бязмежную любоў і жаданне прабачыць кожнаму: вернаму і грэшніку. Злітуйся над тымі, хто заблукаў, заблытаўся ў граху, хто зняволены гэ тым светам, і пра вядзі іх да ног Езуса, дзе ў слязах пакаяння прызнаюць сваю віну і будуць ачышчаны.
    Святая Марыя Магдалена, якая ста яла пад Крыжам, вядзі нас дарогай мужнасці ў цярпеннях, каб мы, несучы свой уласны крыж, памяталі пра Кроў Пана, якая была праліта за кожнага чалавека. Святая Марыя, якая вітала Уваскрослага, умацоўвай нас у веры, як вучняў, якія ўсумніліся, і барані, каб не надавалі лішняй увагі справам гэтага свету. Няхай уваскрослы Езус будзе дарогай і мэтай нашага жыцця, як быў мэтай твайго. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.