ГРОДНА
Нядзеля,
21 красавіка
2024 года
 

ТОП-10 каталіцкіх жамчужын Гродзеншчыны

З жыцця Касцёла

Лета – спрыяльны час для адпачынку. Для адных ён асацыіруецца ў першую чаргу з паездкай на мора, для другіх – з падарожжамі па гарадах і мястэчках. Многія нашы суайчыннікі ўжо даўно выбіраюць родную старонку ў якасці альтэрнатывы замежным курортам. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: маем прыгожыя краявіды, багатую гісторыю. Наведваючы каталіцкія святыні, можам узбагаціць сваё бачанне адносна нашай самабытнай архітэктуры. Прапануем гід па месцах, якія сапраўды варта наведаць. Летні час з’яўляецца для гэтага добрай нагодай.
Касцёл св. Уладзіслава ў Суботніках
    Святыня ў неагатычным стылі пабудавана ў 1904–1907 гадах на сродкі графа Уладзіслава Умястоўскага і яго жонкі Яніны. У сужэнстве не было дзяцей, і граф вырашыў, што гэта праклён роду, таму задумаў будаўніцтва касцёла. Для фундатара было важна, каб святыня насіла імя якоганебудзь святога, у выніку спыніўся на Уладзіславе Венгерскім, які прынёс хрысціянства ў Венгрыю. Дарэчы, касцёл у Суботніках з’яўляецца адзіным у Беларусі, які носіць імя гэтага святога.
    У святыні знаходзіцца крыпта з родавай пахавальняй Умястоўскіх і Дунін-Раецкіх, размешчаная пад асноўным алтаром касцёла. Першым у ёй пахавалі заснавальніка – Уладзіслава, а затым туды былі ўнесены парэшткі яго сваякоў. Пра гэта падрабязна паведамляе мемарыяльная дошка, устаноўленая ў 1931 годзе. Толькі на надмагіллі, прызначаным для Яніны (яна прадбачліва паклапацілася пра яго сама), няма ні імя, ні дат: графіня памерла ўдалечыні ад родавага гнязда – у Рыме (Італія). Стваральнікамі некропаля былі майстры са Швецыі.
    Суботніцкі касцёл – сапраўдны музей, экспанаты якога па вартасці ацанілі б многія мастацтвазнаўцы. Тут ёсць арган, які старэйшы за сам будынак – гэта спадчына ад старажытнага, яшчэ драўлянага касцёла. Таксама не могуць не ўразіць старыя касцёльныя лаўкі, створаныя ў 1884 годзе – на іх сядзелі самі Умястоўскія. Сярод іншых старадаўніх прадметаў – мармуровая купель для хрышчэння немаўлят, скульптуры.
    Касцёл ужо здалёк зачароўвае прыгожай сілуэтнай графікай: высокая трох’ярусная званіца вылучаецца на фоне неба высокім шпілем. Такой жа “калючай” выглядае цэнтральная брама, убудаваная ў агароджу. Знутры святыню ўпрыгожваюць 3 алтары: галоўны – св. Уладзіслава (калісьці было 54 воты), левы бакавы – Маці Божай Ружанцовай з цудадзейным абразом, правы – св. Юрыя.
   
    Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах
    Цудоўная святыня ў неагатычным стылі, якая магла б упрыгожыць любую еўрапейскую сталіцу, пабудавана ў 1899–1903 гадах на сродкі князя Альшэўскага. Як аказалася, месца для яе было абрана не самае ўдалае: грунтавыя воды пастаянна размывалі падмурак касцёла. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікам давялося павярнуць рэчышча мясцовай ракі Лошы. А на яе беразе была спецыяльна ўзведзена цагельня, дзе выраблялі будматэрыял высокай якасці (кажуць, у кожную цагліну для моцы дадавалі па курыным яйку). У выніку на самым высокім месцы Гервятаў вырас адзін з найвышэйшых храмаў Беларусі: вышыня званіцы складае 61 метр. Шпіль вянчае крыж, які знізу здаецца зусім невялікім, але на самой справе ён 6-метровы. Касцёл дзівіць багаццем гатычных элементаў, за што яго часта параўноўваюць з саборам Парыжскай Божай Маці і Кёльнскім саборам.
    Унутранае ўбранне святыні з’яўляецца выдатным працягам яе знешняга аблічча: выглядае строга і светла. Тым не менш, у аздабленні інтэр’ера маюцца ўнікальныя і складаныя элементы. Напрыклад, на высокім майстэрскім узроўні выкананы металічныя каваныя дэталі, вітражы з каляровага шкла, драўляныя статуі, крыжы. А цэнтральныя ўваходныя металічныя вароты – гэта сапраўдны твор мастацтва.
    Колькі ж часу адвесці на наведванне гэтага касцёла? 10-15 хвілін хопіць, каб хутка прабегчыся вакол і зрабіць некалькі фотаздымкаў святыні і скульптур 12-ці апосталаў, гадзіну – каб пабываць на службе і паслухаць гукі аргана. І больш за палову дня можа спатрэбіцца, каб палюбавацца зелянінай у дэндрарыі (тут больш за 2 тысячы відаў раслін).
   
    Касцёл свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках
    st wasiliszkiУзведзены ў 1897–1903 гадах па праекце польскага архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага. Фундавала будову святыні шмат людзей, у тым ліку яўрэйскага паходжання. Аб гэтым сведчаць выявы шасціканечнай зоркі на кожнай з грані вежаў і імёны, выгравіраваныя на плітах падмурка касцёла.
    Мастацкая выразнасць інтэр’ера храма дасягаецца дзякуючы выкарыстанню элементаў керамікі, чаканкі, разьбы па дрэве. Унутраная прастора раздзелена магутнымі слупамі на 3 нефы і накрыта высокімі стральчатымі скляпеннямі. На міжнефавых слупах устаноўлены скульптуры апосталаў. На бакавых барэльефных карцінах-пано паказаны Крыжовы шлях Хрыста. Сюжэты з жыцця Збаўцы, а таксама апосталаў Пятра і Паўла адлюстроўваюць вітражы, зробленыя на рэнесансны манер. Асаблівую ўвагу прыцягваюць бакавыя нішы. У іх створаны штучныя пячоры з экспазіцыяй прывітання вешчунамі нараджэння Хрыста. Такіх пячор няма больш нідзе ў Беларусі.
    Апрача іншага, касцёл у Старых Васілішках вядомы тым, што ў ім спяваў у дзяцінстве сусветна вядомы музыкант Чэслаў Немэн (Выдржыцкі), а ягоны бацька іграў там на аргане. Гэты інструмент быў перанесены ў сучасны касцёл з ранейшага драўлянага. Існуе меркаванне, што яго вырабам займаліся нямецкія спецыялісты з гамбургскай майстэрні Фрыдрыха Самуэля Янтцона.
   
    Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішчолне
    Святыня ў стылі позняга барока пабудавана ў 1758 годзе дзякуючы намаганням гарадзенскага харужага Іосіфа Вала. Стаіць на вялікім склепе, дзе ляжаць парэшткі практычна ўсіх уладальнікаў Ішчолна з XVI стагоддзя. Прама перад уваходам у касцёл размешчаны 2 магільныя пліты. Надпісы на іх сцёртыя, таму разабраць, хто пад імі пахаваны, немагчыма. Аднак існуе мясцовае паданне, што тут некалі жыў ганарысты шляхціц, які на схіле жыцця ўсвядоміў: быў несправядлівы да людзей. І таму завяшчаў пахаваць яго перад уваходам у касцёл, каб кожны, хто будзе ісці, таптаў яго гонар. Падчас паўстання 1863 года ў касцёле служыў кс. Адам Фалькоўскі. Тут, з кафедры, ён агучыў для парафіян Маніфест народнага ўрада. Па даносе аднаго з жыхароў святар быў арыштаваны і расстраляны ў Лідзе. У знак яго адыходу ў касцёле білі ўсе 3 званы без прыпынку.
    Знутры храм вылучаецца барочным алтаром, упрыгожаным ляпнінай і карынфскімі калонамі. Захаваўся тут і старадаўні арган на 9 галасоў.
    Асаблівую цікавасць уяўляе сабой сонечны гадзіннік, які знаходзіцца на каменным пастаменце ў паўднёвай частцы касцёльнага двара. Ён быў зроблены ў XVIII стагоддзі віленскім майстрам Малецкім. Паказваў час вельмі дакладна дзякуючы таму, што пры стварэнні ўлічвалася шырата, на якой ён будзе выкарыстоўвацца. Гадзіннік цалкам захаваўся, за выключэннем стрэлачак на цыферблаце. Замест іх сучасны майстар паставіў драўляную дэталь, але яна паказвае час толькі прыблізна.
   
   Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку
    Пабудаваны ў 1854 годзе з выкарыстаннем бутавага каменю ў стылі позняга класіцызму. Фасад і прылеглая тэрыторыя ўпрыгожаны мноствам скульптурных кампазіцый і ляпнінай, што на тыя часы было невымоўнай раскошай. Праект святыні распрацаваны архітэктарам Каралем Падчашынскім.
    Касцёл мае трохвугольны франтон на галоўным фасадзе, вуглы якога ўвенчваюць скульптурыпінаклі. Уваход аформлены амаль абавязковым для класіцыстычнай эстэтыкі масіўным чатырохкалонным порцікам, да якога вядзе шырокая лесвіца. На паўднёвай сцяне побач з уваходам знаходзіцца старадаўні сонечны гадзіннік.
    Унутраная прастора святыні нагадвае ўрачыстую залу. Пад алтаром размешчана крыпта з пахаваннямі. Адной з найбольш знакамітых асоб, што спачываюць у тым мецы, з’яўляецца Антоній Тызенгаўз – выдатны рэфарматар і мецэнат, гродзенскі стараста.
   
    Фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку
    Храм быў закладзены, як мяркуюць, у 1395 годзе князем Вітаўтам на месцы паганскага капішча. Ён доўгі час быў драўляным. Толькі ў першай палове ХVІІ стагоддзя пры касцёле з’явіліся 2 мураваныя капліцы. У 1422 годзе ў святыні адбыўся шлюб караля Польшчы Уладзіслава ІІ (Ягайлы) і князёўны Соф’і Гальшанскай.
    З правага боку касцёла ў адной з капліц знаходзiцца цудоўны абраз Мацi Божай Навагрудскай. На ім прадстаўлена Марыя з Дзіцяткам Езус. Найсвяцейшыя постаці ўпрыгожвае сярэбраная сукенка і 2 кароны. Абраз Багародзіцы паходзiць прыкладна
    з першай паловы XVIII стагоддзя. Праўдападобна, перад ім адбылося цудоўнае ацаленне маленькага Адама Мiцкевiча пасля таго, як той упаў і вельмі моцна пабіўся (ужо ніхто не верыў, што дзіця будзе жыць). Хлопчык апрытомнеў перад абразом Маці Божай, калі яго, амаль нежывога, прынеслі ў касцёл, скарыстаўшы апошнюю надзею.
    У святыні знаходзіцца саркафаг з парэшткамі 11-ці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка, расстраляных немцамі падчас ІІ Сусветнай вайны. Таксама ў храме можна ўбачыць мармуровы барэльеф у памяць аб навагрудскіх рыцарах, якія загінулі ў бітве з туркамі пад Хоцінам у 1621 годзе.
   
    Касцёл св. Міхала Арханёла ў Міхалішках
    Узведзены айцамі аўгустынцамі ў 1653 годзе паводле праекта віленскага архітэктара Крыштафа Пенса. За ўнутраны выгляд святыні адказвалі італьянскія майстры на чале з П’етра Перці. Касцёл стаў першым будынкам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, пабудаваным у стылі сармацкага барока.
    Святыню вылучае багаты дэкор, які складаецца з разьбы, барэльефа і моцна разбудаванага арнаменту, што, як карункі, накінутыя на сцены, злучаюць дэкарацыі ў адно пластычнае цэлае. Сцены касцёла ўпрыгожваюць 8 бакавых алтароў. Галоўны алтар мураваны, аздоблены абразом св. Міхала Арханёла з калонамі і скульптурнымі выявамі біскупаў і анёлаў. Бясцэнную вартасць мае драўляны амбон са змешчаным над ім балдахінам у форме кароны, упрыгожаным раслінным арнаментам. Выключную прыгажосць і мастацкую вартасць святыні надае выкананы барэльеф са скульптурнымі постацямі 12-ці апосталаў.
    У тыльнай частцы касцёла знаходзяцца 2 капліцы: Укрыжавання Пана Езуса і св. Юзафа са старажытным абразом, выкананым на палатне. Таксама захаваліся 2 драўляныя пазалочаныя арлы, на плячах якіх раней трымалася трунка з рэліквіямі святых, запламбаваная біскупскімі пячаткамі. У цяперашні час след трункі знік.
    У падзямеллі касцёла знаходзяцца 2 пахавальныя крыпты з трунамі памерлых прадстаўнікоў графскага роду Бжастоўскіх, фундатараў святыні, і асабліва заслужаных парафіян.
   
    Касцёл св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе
   bialogruda Святыня ў эклектычным стылі, дзе рысы неараманікі спалучаюцца з рысамі неаготыкі і мадэрну, пабудавана ў 1908 годзе. З канца XIX стагоддзя да парафіі далучалася могілкавая капліца. У ёй у 1933 годзе быў знойдзены клад касцёльных медальёнаў-памятак.
    Інтэр’ер святыні ўпрыгожваюць 5 алтароў. Галоўны алтар двух’ярусны. У цэнтры першага яруса знаходзіцца абраз Маці Божай Міласэрнасці, вядомы з канца XVIII стагоддзя. Ён праславіўся як цудадзейны, упрыгожаны шматлікімі вотамі. У нішах размешчаны фігуры св. Мікалая і св. Казіміра. Над першым ярусам усталяваны 4 фігуры анёлаў. Левы бакавы алтар прысвечаны Божай Міласэрнасці, правы – св. Міхалу Арханёлу. Унутраная прастора касцёла (асабліва скляпенні) размалявана раслінным арнаментам у стылі мадэрн.
    Над уваходам на 2 калоны абапіраюцца арганныя хоры, якія асвятляе акно-ружа.
    За касцёлам, сярод могілак, захавалася драўляная двух’ярусная брама-званіца ад комплексу папярэдняга драўлянага храма.
   
    Касцёл св. Казіміра ў Ліпнішках
    Святыня ў неагатычным стылі ўяўляе сабой велічны будынак, вежа якога імкнецца ўвысь. Касцёл з граніту і цэглы ўзнесены ў 1927 годзе. Сродкі і лес на будаўніцтва былі выдзелены ўладальнікам мястэчка Аляксандрам Вольскім. Грошы збіралі таксама парафіяне. Вядома, што з кожнага двара ахвяравалася сума, роўная кошту каровы.
    Будаўнічыя работы вяліся ў асноўным летам. Камяні вазілі коньмі і валамі з палёў. Ёсць звесткі, што частку прывезлі з руін геранёнскага замка. Пры ўзвядзенні святыні выкарыстоўвалі цэмент вышэйшага гатунку (фіялетавага колеру). У раствор дадавалі прасеяны пясок, а для моцы – курыныя яйкі. Камяні абсякалі ўручную. Калі ўзводзілі вежу, для іх падачы пабудавалі насціл, па якім коні падымалі будаўнічы матэрыял наверх.
    Над галоўным фасадам касцёла ўзвышаецца васьмігранная вежа з вострым шпілем. Яе галоўнай “разынкай” з’яўляюцца люкарны – невялікія аконныя праёмы, убудаваныя ў схіл даху. Сцены святыні аздоблены каменнымі глыбамі. Унутраную прастору ўпрыгожваюць 3 драўляныя неагатычныя алтары: галоўны, тытульны – св. Казіміра, левы бакавы – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (наверсе змешчаны абраз св. Ганны) і правы – Маці Божай Шкаплернай (з абразом Маці Божай Добрай Рады наверсе).
   
    Касцёл св. Мікалая ў Геранёнах
    Каменная святыня пабудавана на сродкі віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда ў 1529 годзе. Праз некалькі гадоў там адбыўся шлюб яго сына Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл.
    У сярэдзіне XVIII стагоддзя храм згарэў у вялікім пажары. З 1771 па 1779 год ішла яго рэканструкцыя і перабудова ў стылі позняга барока. Гэта адбывалася і на працягу наступных стагоддзяў. У выніку святыня наглядна ілюструе пераход ад барока да класіцызму, гарманічна спалучаючы ў сабе рысы абодвух стыляў.
    У касцёле размешчаны 3 мураваныя двух’ярусныя алтары ў стылі барока і 1 драўляны ў стылі эклектыкі. Галоўны алтар Найсвяцейшай Тройцы са змешчаным у цэнтры абразом Пана Езуса ўпрыгожаны калонамі карынфскага ордэра і дэкараваны паліхромнай скульптурай, гарэльефнымі кампазіцыямі і жывапісам. У інтэркалумніях усталяваны фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла, у другім ярусе змешчаны тытульны абраз св. Мікалая. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Юзафу (наверсе – абраз св. Францішка з Асізі), правы – Маці Божай Чанстахоўскай (наверсе – абраз св. Казіміра). У капліцы змешчаны алтар Укрыжавання. Сюжэтныя і арнаментальныя размалёўкі сцен і арачных праёмаў выкананы ў 1934 годзе ў стылі “другога ракако”. На хорах усталяваны велічны арган, упрыгожаны разьбянай фігурай Давіда з гуслямі ў акружэнні анёлаў.
   
Няхай Бог блаславіць на цікавыя падарожжы!
    Добрага настрою і насычаных летніх дзён!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  255

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.