ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Некалькі думак з Дня дзіцяці

На шляху да святасці

1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся IX Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.
    У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 2,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дзецям спадарожнічалі манаскія сёстры, святары, бацькі і апекуны. Больш за сотню валанцёраў і аніматараў стараліся разнастаіць свята, каб усе яго ўдзельнікі атрымалі неймаверныя ўражанні. Сярод іншых дзяцей забаўлялі фокуснікі, артысты лялечнага тэатра. На прыкасцёльнай тэрыторыі працавалі надзіманыя горкі і батуты, цырульніцкі салон, фізіка-хімічная лабараторыя, творчая майстэрня. У дзяцей была магчымасць паспрабаваць сыграць на розных музычных інструментах, а таксама пасядзець у крэсле сапраўднага байкерскага матацыкла. Самыя адважныя маглі апынуцца пад штучным дажджом, які падчас воднага шоу арганізавалі прадстаўнікі службы па надзвычайных сітуацыях.
Звяртаючы ўвагу на дэвіз мерапрыемства, які гучаў як “Сям’я – дом любові”, галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што “сям’я – гэта першая школа любові”. Як дакладна! Любоў закладзена ў самім чалавеку, у яго сутнасці. І ён не можа дзейнічаць насуперак сваёй натуры. Роля бацькоў як першых настаўнікаў палягае на тым, каб данесці дадзеную праўду дзецям, за выхаваннне якіх яны адказныя…
    Галоўным пунктам свята стала св. Імша, цэлебраваная ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Удзельнікі ДДД агарнулі малітвай усіх хлопцаў і дзяўчат, якія “па розных прычынах сумныя”. У свеце столькі дзяцей, якія не могуць спазнаць сапраўдную радасць дзяцінства! Неверагодна балюча, калі думаеш пра тых, хто не мае бацькоў, хварэе, гадуецца ва ўмовах, пазбаўленых элементарных дабротаў. Нагадваючы дзецям пра такіх равеснікаў, вучым іх шанаваць і з павагай адносіцца да ўсяго, што маюць. Малітва ў дадзеным выпадку з’яўляецца працягнутай рукой дапамогі няшчасным.
    “Сёння ў свеце ёсць шмат рэчаў, якія робяць для чалавека немагчымай сустрэчу з Богам”, – заўважыў падчас гаміліі прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Ян Раманоўскі. Дзеці самі прызналіся, што ім часам замінае інтэрнэт, гульні і забавы. Варта ўсвядоміць, што нават добрая рэч можа стаць перашкодай у адносінах з Богам. Усё залежыць ад таго, як ёю карыстацца.
    Напрыканцы свята дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў удзельнікам мерыпрыемства бласлаўленне на шчаслівае вяртанне дадому і заклікаў дзяцей ніколі не рабіць канікул ад Бога, малітвы і Касцёла. Сэрца чалавека як Божага стварэння не можа мець адпачынку ад свайго Стварыцеля: яно стукаецца ў грудзях па волі Айца. І чым раней кожны з нас прыходзіць да гэтай высновы, тым лягчэй правільна выбудоўвае сваё жыццё.
    І дакладна так, як мы вучымся хадзіць і размаўляць, вучымся таксама годным паводзінам і сапраўдным каштоўнасцям. З маленства. Ад бацькоў. Па словах біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, “сям’я, моцная Богам, з’яўляецца нашай будучыняй”. Іншымі словамі, ад таго, якія вартасці закладваюцца чалавеку з калыскі, залежыць лёс наступных пакаленняў. Такім чынам, сёння ён залежыць ад нас з вамі, заўтра – ад нашых дзяцей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.