ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Госць у нашым доме

Слова рэдактара

 Так ужо павялося ў жыцці, што нас пастаянна нехта адведвае. Часам чуем званок у дзверы, часам – стук, а здараецца, што і голасам госць абвяшчае аб сваім прыходзе. Рэагуем па-рознаму – у залежнасці ад таго, хто прыходзіць. Інакш вітаем паштальёна, інакш цыганку, якая хоча штосьці прадаць, інакш суседку, што прыносіць вязанку плётак, інакш сваякоў, якіх не бачылі ўжо некалькі гадоў…
    Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана ў нашыя дамы стукаецца сам Хрыстос. Выходзіць з касцёла, дзе жыве ў табернаклі, праходзіць вуліцамі, па якіх крочым кожны дзень, і ўсклікае: “Я хачу ведаць, дзе і як вы жывеце, аб чым Я павінен папрасіць Айца для вас”. Менавіта так можна самым простым чынам перадаць глыбокі сэнс свята Божага Цела. 
Наколькі ж актуальны заклік св. Яна Паўла ІІ: “Не бойцеся, адкрыйце дзверы Хрысту”! Збаўца заўсёды хоча ад нас чагосьці канкрэтнага. Часам прагне паяднання ў сям’і, часам чакае, каб дапамаглі суседзям, памаліліся за памерлых… Аднак першым Яго жаданнем нязменна з’яўляецца жаданне пасяліцца ў людскім сэрцы.
    Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана – гэта дзень праслаўлення Эўхарыстыі, цудоўнага дару прабывання Езуса сярод нас пад постацямі хлеба і віна. Нягледзячы на тое, што вачыма мы бачым толькі маленькі кавалачак белага хлеба, невялікую Гостыю, якая змешчана ў манстранцыі, у сэрцы стала паўтараем: гэта Пан мой і Бог мой! Той самы Езус, які навучаў тлумы і чыніў цуды, той самы, якога прыбілі да крыжа, той самы, які на 3-ці дзень уваскрос – Божы Сын, Месія, Адкупіцель.
    Свята Божага Цела – гэта таксама дзень удзячнасці Хрысту за спажытак для нашых душ. Кожны раз, калі святар паўтарае словы Езуса “Гэта Маё Цела! Гэта Мая Кроў!”, робіць так, каб мы жывіліся імі кожны дзень. “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае” (Ян 6, 54). Прыняцце ў сэрца Хрыстовага Цела гарантуе вечнае жыццё: той, хто памірае ў стане асвячаючай ласкі, можа быць упэўнены ў сваім збаўленні.
    Варта нястомна прасіць Пана аб умацаванні нашай веры, паколькі без яе не мае сэнсу не толькі ўрачыстасць Божага Цела, але і кожная св. Імша.
   
   Дарагія Чытачы!
   Заахвочваю Вас прыняць удзел у эўхарыстычнай працэсіі – вялікай таямніцы нашай веры, каб у чарговы раз быць на трапезе ў Вячэрніку разам з Настаўнікам і апосталамі. Прымем праўду аб тым, што сам Бог прыходзіць туды, дзе наш дом, каб быць побач!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.