ГРОДНА
Панядзелак,
19 мая 2025 года |
Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей

Чаму менавіта Сэрца?

Сэрца – гэта сімвал любові, якая з’яўляецца сутнасцю Святой Тройцы. Бог стварыў усё з любові і з любові таксама ўсё збавіў. “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 8). І таму яна найпаўней акрэслівае Божага Сына. “Калі адаруем Сэрца Езуса, то ў ім і праз яго адаруем неверагодную любоў Божага Слова” (Пій XII, Haurietis aquas). Пашана, аказваемая Сэрцу Пана, з’яўляецца сузіраннем Яго любові, якое праяўляецца ў перайманні Хрыста: “…навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29).
Любоўю пульсавала Сэрца Збаўцы ў Назарэце, калі ў доме Марыі і Юзафа “Езус [...] узрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей” (Лк 2, 52). З Сэрцам, перапоўненым любоўю, Пан абвяшчаў Евангелле, аздараўляў хворых, вызваляў з моцы злога апантаных, уваскрашаў памерлых, цярпеў голад і смагу, карміў галодныя натоўпы людзей у пустыні. Мацнейшай любоўю і трывогай білася Яго Сэрца ў Аліўным садзе, прадчуваючы страшныя мукі, прымаючы здрадніцкі пацалунак Іуды… Калі Збаўца вісеў на крыжы, Яго Сэрца акрамя такіх пачуццяў, як блажэнны спакой, смутак, жах, міласэрнасць і літасць было напоўнена палымянай любоўю.
Устанаўленне культу

27 снежня 1673 года Пан Езус аб’явіўся манахіні ў першы раз. Паказваючы ёй сваё Сэрца, сказаў: “Маё Боскае Сэрца так палымнее любоўю да людзей, што не можа доўга стрымліваць гэтае гарачае полымя замкнутым у маіх грудзях. Прагне выліць яго з тваёй дапамогай і прагне ўзбагаціць людзей сваімі Божымі скарбамі”. Будучая святая перажыла яшчэ 3 аб’яўленні, падчас якіх Пан Езус сказаў: “Вось Сэрца, якое так моцна палюбіла людзей, а замест гэтага атрымлівае пагарду і забыццё”. Збаўца хацеў, каб у духу ўзнагароджання кожную ноч перад першай пятніцай месяца адбывалася гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту (т. зв. святая гадзіна); каб св. Камунія ў першыя пятніцы месяца была ахвяравана як узнагароджанне Божага Сэрца за людскія грахі і халоднасць; каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела была асобным святам, прысвечаным Яго Сэрцу, падчас якога праз Камунію і іншыя набожныя практыкі можна пакрыць Яму спазнаныя знявагі; каб ушаноўваліся выявы Яго Сэрца. Хрыстос даў вялікія абяцанні тым, хто з любоўю будзе выконваць гэтыя наказы.

Асабліва папулярным культ Сэрца Езуса стаў у першай палове ХХ стагоддзя, у перыяд цяжкіх выпрабаванняў, якія закранулі чалавецтва. Сёння ён таксама актуальны, паколькі і сучасны чалавек прагне любові, якую можа наталіць толькі ў Сэрцы Езуса. Толькі ў ім знаходзім крыніцу любові, спакою, дапамогі і абароны ад зла, якое сёння больш чым калі закранае асобных людзей, сем’і і супольнасці.
На заканчэнне прывядзём словы папы Яна Паўла ІІ, прамоўленыя з нагоды 100-годдзя прысвячэння чалавецтва Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса: “Заклікаю ўсіх вернікаў, каб надалей рупліва захоўвалі культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, прыстасоўваючы яго да нашых часоў, каб дзякуючы гэтаму маглі нястомна чэрпаць з яго бяздонных багаццяў і ўмелі з радасцю на іх адказваць, любячы Бога і братоў, знаходзячы спакой, уваходзячы на шлях паяднання і ўмацоўваючы сваю надзею, што калісьці будуць жыць паўнатой Бога ў супольнасці з усімі святымі”.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 227 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.