ГРОДНА
Чацвер,
03 кастрычніка
2024 года
 

Як выглядае Маці Божая?

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Перажываем цудоўны месяц май, які з’яўляецца месяцам, прысвечаным Марыі. Напэўна, многія з нас хацелі б ведаць, як на самой справе выглядае Маці Божая. Сёння можна ўбачыць разнастайныя Яе выявы, якія адрозніваюцца паміж сабой, але ў той жа час вельмі падобныя адна да адной. А некаторым нават пашчасціла ўбачыць Марыю на ўласныя вочы падчас аб’яўленняў. Аднымі з такіх шчасліўчыкаў з’яўляюцца дзеці з Фацімы.
102 гады мінула, як Маці Божая паказалася ў малавядомым тады яшчэ мястэчку ў Партугаліі тром маленькім пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце. Францішак не сумняваўся ў тым, што бачыў Багародзіцу, але быў адзіным, хто не мог пачуць, што Яна кажа. Паводле слоў хлопчыка, Марыя прыйшла хутка, з усходу, і спынілася над дубам. Адышла ў бок кропкі ў небе, дзе ўзыходзіць сонца. Была апранута ў белую вопратку з залатым арнаментам і плашч, які пакрываў усю Яе постаць. Рукі трымала складзенымі, як быццам да малітвы, і мела ў іх ружанец з белых пацерак. “Я ніколі не бачыў нікога прыгажэй, чым Яна”, – з захапленнем казаў Францішак.
Жасінта, апісваючы Багародзіцу, дадала, што ў Маці Божай быў залаты пояс вакол таліі, які вісеў аж да краю адзення. Дзяўчына таксама адзначыла, што Марыя не мела абутку – Яе ногі былі вельмі бледнымі. Складвалася ўражанне, быццам мела на сабе белыя шкарпэткі.
    Цікава, што Люцыя не бачыла пояса, але звярнула ўвагу на маленькія залатыя завушніцы, якіх не заўважылі ні Францішак, ні Жасінта. Люцыі здавалася, што Багародзіца выглядала на 15-гадовую дзяўчыну. Яна адзначала, што ў часе аб’яўленняў апускала вочы долу, таму што святло, якое зыходзіла ад Марыі, ззяла так моцна, што ад яго балелі вочы. Дзяўчынка прызналася, што ў першы раз дзеці хацелі ўцячы, таму што спалохаліся, але Марыя супакоіла іх, запэўніла, што не трэба баяцца, што не ўчыніць ім ніякай шкоды. Паведаміла Люцыі, што прыходзіць з нябёсаў, але не сказала, хто Яна. Абяцала адкрыць ім гэтую таямніцу падчас апошняга аб’яўлення.
    Усе дзеці ўспаміналі, што Марыя не ўсміхалася і не плакала: была сур’ёзная. “Потым, – расказвае Люцыя, – Яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні неба. Святло, якое атуляла Марыю, здавалася, пракладвала Ёй шлях праз зоркі”.
    Постаць Найсвяцейшай Панны Марыі выпраменьвае незвычайную пяшчоту і цеплыню. Чалавек з вялікім замілаваннем і даверам углядаецца ў аблічча Маці, якая заўсёды апекуецца сваімі дзецьмі. Дапамагае кожнаму, хто звяртаецца да Яе, і ніколі не пакідае ў бядзе, асабліва хворых і пакрыўджаных. Прыкладам гэтага з’яўляецца наступная цікавая гісторыя.
   
    Быў ціхі вечар. Трое дзяцей – Цэзар, Антоній і Джавані Анджэла – радасна гулялі на пляцы каля касцёла. Джавані Анджэла быў глухім і нямым ад нараджэння хлопчыкам і не мог далучыцца да радасных крыкаў іншых дзяцей. Ён мог удзельнічаць у гульні толькі з дапамогай жэстаў. І, як бы гэта не было сумна, не чуў нават гукаў касцёльных званоў, якія нагадвалі дзецям, што час адпачынку скончыўся і трэба вяртацца дадому. Пра гэта яму падказвалі сябры. Але ў той дзень усё пайшло інакш…
    Фасад касцёла ўпрыгожвала фрэска з выявай Мадонны і малога Езуса, які сядзеў у Яе на каленях. Марыя вельмі сумавала, назіраючы за хлопчыкам у двары, які ніколі не здолее вымавіць ні слова сваім сябрам. Ён не мог нават памаліцца “Вітай, Марыя”, калі ўсе збіраліся на малітву. Таму Марыя папрасіла Езуса: “Сын мой, спусціся да тых Тваіх равеснікаў і зрабі сёння нешта прыгожае, каб забраць мой боль. Сэрца разрываецца, калі гляджу на гэтага хлопчыка”.
    Тады Божы Сын адарваўся ад фрэскі і пайшоў, каб змяшацца з дзецьмі. У той час як яны працягвалі бегаць і гаманіць, здарыўся цуд. Джавані Анджэла пачаў размаўляць і радасна крычаць! Ды не нейкія там гартанныя гукі, а цэлыя фразы, якія выцякалі з яго вуснаў ясна і ўпэўнена. Хлопцы спачатку не зразумелі, што адбываецца. Але раптам Цэзар спыніў гульню, схапіў нямога дагэтуль хлопчыка і звярнуў увагу ўсіх на тое, што ён гаворыць. Джавані Анджэла быў вельмі шчаслівы і сказаў: “Гэта сталася дакладна тады, калі гэты новы Хлопчык, бегаючы сярод нас, крануў мяне за плячо”.
   kacik2 Цэзар і Антоній глядзелі на яго недаверліва і на момант анямелі ад здзіўлення. Але ў тое ж імгненне гук званоў папярэдзіў іх, што прыйшоў час вяртацца дадому. Упершыню Джавані Анджэла быў тым, хто крыкнуў усім: “Час вяртацца!”. На гук званоў Марыя спусцілася на зямлю, узяла Езуса за руку і сказала: “Нам таксама час вяртацца туды, у вышыню”. І яны разам вярнуліся ў фрэску.
   
    Вось так, Маленькі Чытач, нічога немагчымага не бывае ў Марыі, калі Яна штосці просіць у свайго Сына. Езус не можа адмовіць у надзяленні сваёй ласкай таго, хто звяртаецца да Яго Маці. Ты таксама можаш звяртацца да Яе ў кожны момант, а асабліва ў гэты прыгожы месяц май, прысвечаны Марыі.

   Заданне: падрыхтуй у сваім пакоі маленькі алтарык для Маці Божай і кожны дзень да канца месяца мая маліся Ларэтанскай Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, просячы аб усіх неабходных ласках для сябе і сваіх блізкіх.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  90

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.