ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Бог піша проста на крывых людскіх дарогах

Лісты чытачоў

У кожнага чалавека свой шлях, свая жыццёвая дарога. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што многія людзі мараць аб прэстыжных прафесіях і часта не разумеюць тых, хто ад усяго адракаецца, хто аддае сябе Богу і выбірае шлях святарскага служэння. Толькі адзінкі так могуць. Гэта пакліканне, Божы дар.
Сёння хачу расказаць пра вельмі цікавага і паважанага чалавека – нашага пробашча кс. Люцыяна Радомскага, які служыць у парафіі св. Ганны ў аграгарадку Лунна, што на Мастоўшчыне. Гэты святар – чалавек з вялікай літары! Яго простыя і такія мудрыя словы зразумелыя як малому дзіцяці, так і сталай асобе. Той, хто хоць аднойчы з ім сутыкнуўся, напэўна, пераасэнсаваў свой погляд на жыццё, глыбей пазнаў Божае слова.
Кс. Люцыян – патрыёт сваёй малой радзімы, якой для яго стала наша лунненская зямля. Нямногія так, як ён, ведаюць гісторыю гэтых мясцін і з такой цікавасцю і замілаваннем могуць аб іх расказаць. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што дзякуючы любові святара да Лунна і мясцовага касцёла аб нашай парафіі ведаюць далёка за межамі Беларусі. А яшчэ мы ганарымся, што пробашч з’яўляецца канонікам Катэдральнага капітула Гродзенскай дыяцэзіі.
    Якім жа быў шлях да святарства кс. Люцыяна? Ці мог ён калісьці падумаць, што будзе весці паству да Бога?
    У 1949 годзе на ўскрайку Ваўкавыска ў каталіцкай сям’і Радомскіх нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Люцыян. Ён, як і многія іншыя, рос у пасляваенныя, атэістычныя часы, калі рэлігію лічылі опіумам для народа. Аднак людскую веру ў Бога не здолеюць выкараніць нават самыя заўзятыя атэісты, бо яна перадаецца з малаком маці, жыве ў чалавечай душы. У юнацкія гады хлопец пра святарства не мог нават падумаць – з дзяцінства марыў пра медыцыну. Але Усявышні нярэдка ўносіць карэктывы ў нашы планы. Пасля заканчэння школы юнак з бласлаўлення бацькоў паехаў у Тарту (Эстонія) паступаць вучыцца на ўрача, але недабраў паўбала. Вярнуўся дамоў, уладкаваўся на чыгунку, дзе працавалі бацькі, але паанейшаму жыў марамі пра медыцыну.
    На наступны год хлопец паступіў у медыцынскае вучылішча ў Слоніме. Паспяхова закончыў вучобу і накіраваўся на працу ў Літву. У Эйшышках выконваў абавязкі фельчара хуткай дапамогі. Гэтыя 9 гадоў не былі простымі, бо медык з “хуткай” кожны раз павінен рэагаваць, думаць і прымаць рашэнні аператыўна. За гэты час хлопец таксама паспеў скончыць медінстытут у Вільнюсе.
    Здавалася б, мара споўнілася. Але зноў нечаканы паварот у лёсе. “Бог піша роўна, проста піша на крывых людскіх дарогах”, – разважае кс. Люцыян пра тую жыццёвую сцежку, якая прывяла яго на шлях святарства. Сваё паступленне ў Каўнаскую вышэйшую духоўную семінарыю ён інакш як Божай воляй растлумачыць не можа. Родныя жаданне стаць святаром падтрымалі: “Дактароў у нас многа, а ксяндзоў не хапае”.
    27 мая 1984 года Люцыян Радомскі прыняў святарскія пасвячэнні і пачаў душпастырскую дзейнасць у Вільнюсе, у касцёле Святога Духа. Служыў там 2 гады, а ў красавіку 1986 года вярнуўся ў Беларусь. З таго часу з’яўляецца пробашчам лунненскай парафіі. Быў перыяд, калі кс. Люцыяна запрасілі чытаць лекцыі ў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, дык парафіяне не маглі дачакацца, калі ён вернецца назад.
    Гэтай вясной святар адзначыў 70-гадовы юбілей. У маі спаўняецца 35 гадоў яго душпастырскай дзейнасці. Верай і праўдай служыць кс. Люцыян Богу, настаўляе людзей на шлях хрысціянскіх вартасцей. Лічу, што лунненцам у свой час пашанцавала з пробашчам, бо дзякуючы сваёй эрудыцыі і мудрасці кс. Люцыян умее знайсці правільны падыход да кожнага.
    Мясцовыя вернікі не нацешацца са свайго пастыра: ён разам і ў бядзе, і ў радасці, з іншымі працуе, калі патрэбна навесці парадак вакол касцёла ці на могілках. А колькі ў яго планаў і задум!
    З нагоды юбілею святарскіх пасвячэнняў вернікі парафіі св. Ганны ў Лунне ад шчырага сэрца прагнуць пажадаць свайму пробашчу патрэбных Божых ласкаў, апекі Маці Божай і шчодрых дароў Святога Духа, здароўя на доўгія гады, поспехаў у паслузе, стойкасці на душпастырскім шляху і зычлівых людзей побач.
    Паважаны кс. Люцыян, мы ўдзячны Вам за нястомную працу на ніве Пана, абвяшчэнне Божага слова, духоўную апеку, клопат і ўвагу да кожнага, хто шукае шлях да Найвышэйшага. Нізкі паклон за шчырую малітву, цярплівасць, дабрыню і разуменне. Мы ўсе молімся за Вас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.