ГРОДНА
Панядзелак,
07 ліпеня 2025 года |
Напоўніць сэнсам сваё служэнне Пану

З 6 па 8 мая ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне праходзілі 26-ыя Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Дэвізaм сёлетняй сустрэчы сталі словы: “Па прыкладзе Марыі буду служыць Пану”. Гэтыя словы працягвалі тэму Сусветных дзён моладзі, якія ў студзені прайшлі ў Панаме пад дэвізам “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
Ахвяруючы, атрымліваеш
Моладзевая сустрэча сабрала больш за тысячу чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хлопцам і дзяўчатам спадарожнічaлі іх душпастыры, манаскія сёстры і катэхеты. Каб стала магчымым размяшчэнне і забеспячэнне ўдзельнікаў усім неабходным, спатрэбілася дапамога 60-ці валанцёраў і 230-ці сямей з горада і прылягаючых вёсак, якія згадзіліся размясціць у сябе на начлег маладых вернікаў. †
Моладзевая сустрэча сабрала больш за тысячу чалавек з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хлопцам і дзяўчатам спадарожнічaлі іх душпастыры, манаскія сёстры і катэхеты. Каб стала магчымым размяшчэнне і забеспячэнне ўдзельнікаў усім неабходным, спатрэбілася дапамога 60-ці валанцёраў і 230-ці сямей з горада і прылягаючых вёсак, якія згадзіліся размясціць у сябе на начлег маладых вернікаў. †

“Я мела 2 функцыі: распаўсюджванне інфармацыі пра ДДМ у інтэрнэце і рэгістрацыю ўдзельнікаў у дзень прыезду. Адзначала прыбыўшыя парафіі і выдавала кожнаму маладзёну адмысловыя атрыбуты. Пасля прыстаўляла да групы вернікаў іншага памагатага, які павінен быў правесці іх да месца начлегу. Часам расло напружанне з-за таго, што збіралася вялікая колькасць людзей і не хапала рук, каб заняцца ўсімі. Аднак згуртаванасць валанцёраў дапамагла справіцца”, – распавядае Марыя Маёрава.
Сям’я Гурскіх была адной з тых, што гасцілі ў сябе маладзёнаў. Размовы пра тое, браць ці не браць на начлег, у гаспадароў нават не вялося. Адразу вырашалі, колькі маладых людзей будуць прымаць. У выніку ў сям’і спыніліся 6 хлопцаў. “Мы маем траіх дзяцей, якія ўжо паспелі пабываць на ДДМ у Смаргоні, Гродне, Мастах. Імі жа там таксама хтосьці апекаваўся, – заўважае спадарыня Ірына. – Наша сям’я старалася прыняць гасцей на годным узроўні. Задзейнічаны быў кожны член сям’і. Малодшая дачка прыбіралася ў хаце перад прыездам маладых людзей. Муж ездзіў начаваць да сваёй матулі, каб было дзе размясціць усіх хлопцаў. Аднак спецыяльна вяртаўся штодня, каб напячы бліноў і падвезці іх да касцёла. Нават бабуля, якая мае ўжо 90 гадоў, была пры справе – абірала бульбу для вячэры”.
Спадарыня Ірына адзначае, што хлопцы трапіліся слаўныя – шчырыя і набожныя. Дзяліліся, што з-за надвор’я давялося парадкам памёрзнуць, але яны ані разу не пашкадавалі, што прыехалі на Дні моладзі. “Адзін з хлопцаў патэлефанаваў нам пасля вяртання дадому, каб яшчэ раз падзякаваць за гасціннасць. Дробязь, а прыемна”, – дадае жанчына.
У імкненні да духоўнага ўдасканалення

“ДДМ сталі для мяне часам, калі можна вырвацца з паўсядзённай мітусні, засяродзіцца на сапраўды істотных рэчах. Падчас сёлетняй сустрэчы мы шмат разважалі пра служэнне Богу і бліжнім, – распавядае Яўген Мозер. – Я нанова ўсвядоміў, што вельмі важную ролю ў жыцці хрысціяніна адыгрывае міласэрнасць, дабрачыннасць. Нават калі твая ахвяра невялікая, яна можа вельмі дапамагчы камусьці. Таксама, як з невялічкага гарчычнага зерня вырастае вялікае дрэва. Разам з тым, вярнуўся дадому з думкай, што нам часта не хапае адвагі. Мала рашучасці не толькі ў вялікіх справах, абвяшчэнні Евангелля, але і ў дробных: самому прапанаваць дапамогу сябру, даслухаць да канца просьбу валацугі на вуліцы замест таго, каб паскорыць крок… Ёсць аб чым паразважаць да наступнай моладзевай сустрэчы”.
Па прыкладзе піярскай духоўнасці

Дзейнасць айцоў піяраў служыць добрым прыкладам таго, як быць на адной хвалі з моладдзю. Манахі ў Шчучыне ладзяць для маладых людзей дні духоўных сустрэч, “Канікулы з Богам”, “касцёльныя лінейкі”, пілігрымкі на веласіпедах, інтэграцыйныя выезды, балі з нагоды Дня св. Каласанса, акцыі накшталт “Таемны Санта” да Раства і інш.
“Крыху пазнаёміць моладзь з піярскай духоўнасцю пастараліся і падчас ДДМ, – адзначае а. Віталь Слука SP. – Маліліся Вяночкам Дванаццаці Зорак, складзеным нашым заснавальнікам, распавядалі пра служэнне ордэна падчас адной з катэхез. Перадусім імкнуліся, каб моладзь адчувала сябе тут камфортна, як дома. Ці не ў гэтым галоўная праява нашай харызмы?”. А. Віталь упэўнены, што падобныя моладзевыя сустрэчы здольны распаліць любоў хлопцаў і дзяўчат да Бога, а тым самым – да бліжняга. Паводле слоў манаха, тут маладзёны сустракаюць шматлікіх аднадумцаў і тым самым пачынаюць адчуваць гонар ад прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці. “Аднак галоўнае – гэта тое, што ДДМ з’яўляюцца магчымасцю стаць сведкам моцы маладога Касцёла”, – падсумоўвае а. Віталь.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 178 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.