ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Сутнасць культу Божай міласэрнасці

Хрысціянскія традыцыі

Праўда аб Божай міласэрнасці належыць да фундаментальных пытанняў хрысціянства. Уся Біблія прасякнута зместам пра Усемагутнага як міласэрнага Айца, які клапоціцца аб збаўленні чалавека і яго карысці.
Абавязковасць даверу
    На пачатку XX стагоддзя Езус аб’явіўся с. Фаўстыне Кавальскай і наказаў аднавіць культ Божай міласэрнасці ў Касцёле, распаўсюджваючы яго новыя формы: свята Божай Міласэрнасці, абраз Божай Міласэрнасці, Вяночак да Божай міласэрнасці, Гадзіну міласэрнасці, Навэнну да Божай міласэрнасці. Хрыстос склаў вялікія абяцанні для шанавальнікаў гэтага культу. Аднак, праслаўляючы Найвышэйшага, варта ведаць, што сутнасцю гэтых набажэнстваў, іх унутраным актам з’яўляецца давер. Гэта пацвярджаюць і словы Езуса, скіраваныя св. Фаўстыне падчас аб’яўленняў: “Ласку з Маёй міласэрнасці можна чэрпаць толькі адным начыннем – даверам” (Дз. 1578). Бог, які выходзіць да чалавека, прагне, каб той даверыўся Яму і даручыў сваё жыццё. Кожны акт культу, калі ён толькі знешні, не гарантуе атрымання абяцаных Хрыстом дароў.
Бл. кс. Міхал Сапоцька, духоўны кіраўнік с. Фаўстыны і адданы распаўсюджвальнік культу Божай міласэрнасці, сцвярджаў, што міласэрнасць Пана з’яўляецца не толькі прадметам даверу, але і яго найбольш эфектыўным матывам: чалавек звяртаецца да Пана, паколькі верыць у Яго міласэрнасць, прызнаючы Яго ўсемагутным, добрым, гатовым прыйсці на дапамогу.
    Адзінай перашкодай для атрымання гэтай ласкі з’яўляецца свядомае адкідванне Бога і пачуццё самадастатковасці.
   
    Падстава даверу
    Давер нараджаецца пад уплывам пазнання сапраўднага аблічча Айца і ўшанавання Божай міласэрнасці. Кс. Міхал пісаў: “Хто пакланяецца Божай міласэрнасці, у таго заўсёды будзе хапаць даверу […], а хто жыве поўняй надзеі і даверу, праслаўляе Бога ў тым, у чым Ён найбольш заслужвае праслаўлення”. Пакланенне Богу, якому мы абавязаны ўсім, што маем і кім з’яўляемся, – справа абавязковая, правільная і збаўчая. Хрысціянін павінен праслаўляць Стварыцеля, пакорна прызнаючы ўласную ўбогасць і бязмежна давяраючы яго дабрыні (параўн. Дз. 742). Як адзначае кс. Сапоцька, праслаўленне Пана ў Яго міласэрнасці ўжо тут, на зямлі, – гэта ўдзел у хвале Неба, якую складаюць святыя. Яно павінна выражацца ў поўным прыняцці ўсяго, што спатыкае чалавека. Праслаўленне становіцца адзіным заданнем верніка і адначасова станам святасці па прыкладзе Божага Сына. Само імкненне да святасці ўжо з’яўляецца актыўным праслаўленнем міласэрнасці Усемагутнага, а кожны акт даверу ўсхваляе яе. Святасць, грунтуемая на даверы, павінна фарміраваць духоўную паставу кожнага хрысціяніна.
   
    Рысы даверу
    Вера ў Божую міласэрнасць павінна займаць цэнтральнае месца паміж 2-ма крайнімі падыходамі: квіетызмам (адданне ўсяго Божай ласцы без клопату аб уласным збаўленні) і празмернай актыўнасцю (спадзяванне толькі на ўласныя сілы). Яна павінна быць моцнай і трывалай, вольнай ад сумненняў і слабасцей. Добрым прыкладам з’яўляецца постаць Аўраама, які не ўсумніўся нават тады, калі па загадзе Бога меў скласці ў ахвяру ўласнага сына. Такую веру мелі таксама мучанікі, якія і пад страхам катавання ды смерці не гублялі даверу да Стварыцеля.
    Давер мае асаблівую сувязь з бояззю Божай. Без яе давер становіцца высакамернасцю, а боязь без даверу – маладушнасцю. Спалучаная з даверам, яна з’яўляецца пакорнай і мужнай, а давер, спалучаны з бояззю – моцным і сціплым. Калі не хапае даверу, можна ўпасці ў абыякавасць, а калі не хапае боязі – у саманадзейнасць.
    Вера ў Божую міласэрнасць не павінна быць нахабнай, легкадумнай, палахлівай ці поўнай сумненняў, бо тады яна будзе дэфармаванай і ілюзорнай. Каб пазбегнуць гэтага, трэба грунтаваць яе на шчырым навяртанні і сардэчным пакаянні за грахі.
   
    Плён даверу
    Вера ў Божую міласэрнасць прыносіць плён мужнасці і сілы, каб вытрымаць у самых складаных акалічнасцях, абараняе ад атак пекла (усе спакусы можна перамагчы кароткай малітвай, накіраванай да міласэрнага Хрыста: “Езу, давяраю Табе”). Тыя, хто давярае Богу, адчуваюць перамену: чалавечая сіла, што на самой справе з’яўляецца слабасцю, ператвараецца ў Божую моц. Давер здзяйсняе цуды, бо звязаны з усемагутнасцю Стварыцеля.
    Бласлаўлёны святар падкрэслівае, што вера ў Божую міласэрнасць прыносіць суцяшэнне ў цярпеннях, пазбаўляе ад смутку і дэпрэсіі, напаўняе душу звышнатуральнай радасцю. Чалавек, які спадзяецца на ўсемагутнага і міласэрнага Пана, упэўнены ў Яго дапамозе, таму заўсёды захоўвае супакой і ні з-за чаго не трывожыцца. Давер – гэта ратунак і бальзам ад людскіх цярпенняў. Асаблівым чынам суцяшае паміраючага. І, урэшце, запэўнівае ўзнагароду пасля смерці.
   
    Учынкі міласэрнасці Чалавек,
   які пры жыцці

    не практыкаваў справы міласэрнасці, не спазнае міласэрнасці Пана ў дзень Суда (параўн. Дз. 1317). Таму другім падмуркам абмяркоўваемых набажэнстваў з’яўляецца выкананне ўчынкаў міласэрнасці адносна бліжніх. Варта падкрэсліць, што хоць яны не належаць да сутнасці культу і не з’яўляюцца найважнейшымі, набажэнствы будуць поўнымі, калі ўчынкі міласэрнасці спадарожнічаюць іх знешнім актам. Яны абавязковыя для атрымання абяцаных ласкаў, якія вынікаюць з канкрэтных форм практыкуемага культу.
    Праўда аб Божай міласэрнасці не можа не закранаць жыццё хрысціяніна. Аднак, каб прыняць удзел ва ўсіх ласках, звязаных з культам Божай міласэрнасці, трэба захоўваць яго згодна з воляй Пана і навукай Касцёла.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.