ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Вястунка Божай міласэрнасці

З жыцця Касцёла

У першую нядзелю пасля Вялікадня ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца свята Божай Міласэрнасці. Папа Ян Павел ІІ абвясціў яго 30 красавіка 2000 года, у дзень кананізацыі с. Фаўстыны Кавальскай, апосталкі Божай міласэрнасці. Яе галоўнай задачай было перадаць свету напамін біблейскай праўды пра бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека. Адной з форм ушанавання гэтай праўды з’яўляецца абраз з надпісам “Езу, давяраю Табе”. Менавіта з ім звязана адметная гісторыя, якая падарыла нам сваю апосталку міласэрнасці Госпада.
На рызыку дзеля любові
    С. Цэцылія Абухоўская з кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) мае амаль 100 гадоў і жыве з іншымі сёстрамі з супольнасці ў Каменцы (дэканат Шчучын). Падзеі даўніх савецкіх часоў, калі ёй давялося ратаваць ад знішчэння арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, напісаны па эскізе с. Фаўстыны Кавальскай, манахіня памятае ўрыўкамі, але яскрава. “Усё маёй рукой рабілася”, – адзначае яна, узгадваючы, як падмяняла і перавозіла рэліквію з Новай Руды ў Вільнюс (Літва).
    Абраз захоўваўся ў святыні невялічкай вёскі на працягу 30-ці гадоў (1956–1986 гг.). Апынуўся там з прычыны ганенняў на Касцёл у Літве. Аднак варожыя настроі хутка сталі адчувальнымі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мясцовыя ўлады пастанавілі зрабіць з касцёла ў Новай Рудзе гаспадарчы склад, што пазней і было здзейснена. Са святыні павыносілі амаль усе рэчы, узяліся нават разбіраць алтар… Аднак абраз Езуса Міласэрнага пакінулі. Ён вісеў высока пад столлю, і быццам не знайшлося драбін патрэбнай вышыні, каб зняць яго. “Божая міласэрнасць праявілася ў Новай Рудзе. Тое, што абраз у той дзень ацалеў – гэта сапраўдны цуд”, – упэўнена манахіня.
   
У часы ганенняў на Касцёл с. Цэцылія не магла паказваць, што з’яўляецца манахіняй. Аб гэтым ведалі выключна блізкія. Яна не магла насіць хабіт і адкрыта выконваць сваю паслугу. Была вымушана ўкрывацца і займацца іншай працай. Напрыклад, у Парэччы апекавалася сталым чалавекам і дзецьмі, а ў Друскінінкаі (Літва) працавала кухаркай у санаторыі. Толькі пасля змены адносін улад да Касцёла манахіня вярнулася да сваіх ранейшых абавязкаў: служыла арганісткай, катэхеткай. На працягу 25-ці гадоў была генеральнай настаяцельніцай супольнасці Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

    Разам з тым, небяспека знішчэння выявы Езуса Міласэрнага не мінула, таму было вырашана вярнуць абраз у Вільнюс. На момант памятных падзей с. Цэцылія і яе паплечніца с. Тэрэза былі ў сталым узросце, аднак гэта не перашкодзіла ім разам правесці складаную аперацыю.
    “За справу ўзяліся мы ўдваіх ды яшчэ спадар Вацлаў, кіроўца, – распавядае с. Цэцылія. – Рабілі ўсё ў прыцемках, у вялікай таямніцы. С. Тэрэза хоць была значна старэйшая за мяне, адрознівалася вялікай спрытнасцю. Праз хоры мы ўзлезлі на гарышча і дэмантавалі частку драўлянай сцяны. Затым уцягнулі арыгінал і павесілі замест яго загадзя падрыхтаваную копію. На шчасце, абраз не быў цяжкі. Дасталі яго з рамы і скруцілі ў рулон”.
    Да Гродна дабраліся на машыне, а пасля пераселі на цягнік, які даімчаў іх у Вільнюс. Манахіня ўзгадвае, што моцна хвалявалася, калі перавозілі абраз. Падчас падарожжа да іх падазрона прыглядаліся мінакі: увагу прыцягваў прадаўгаватай формы скрутак.
    “Перад паездкай я згаварыла 20 Ружанцаў – цягам усёй ночы. Гэта мой асабісты спосаб на тое, каб справа ўдалася, – дадае з усмешкай с. Цэцылія. – А падчас шляху ўзгадвала вочы Езуса, якія з міласэрнай любоў глядзяць з абраза, і малілася, каб наша падарожжа скончылася паспяхова”.
    Так і атрымалася. У Вільнюсе манахіні накіраваліся ў касцёл Святога Духа. Як і было ўзгоднена, с. Цэцылія падышла да канфесіянала, у якім спавядаў кс. пробашч Аляксандр Кашкевіч, і паведаміла, што прывезла абраз. У святыні для яго ўжо было падрыхтавана месца і замоўлена пазалочаная рама.
    Праз некаторы час рэліквія была перанесена з касцёла Святога Духа ў касцёл Святой Тройцы, дзе паўстаў першы ў Літве санктуарый Божай Міласэрнасці. Там абраз сустракае паломнікаў з усяго свету да сёння.
   
    Бог не робіць выпадковы выбар
    Калі дзякуеш с. Цэцыліі за выратаванне абраза, яна саромеецца і не стрымлівае слёз. “Гэта мне пашчасціла стаць удзельніцай тых падзей. З дзяцінства мела кволае здароўе: слабыя вочы і ногі. Аднак Божая міласэрнасць спадарожнічала на кожным кроку жыцця. Мабыць, Госпад моцна верыў у мяне, раз вырашыў даручыць такую адказную місію”, – адзначае манахіня.
    Яна таксама з захапленнем узгадвае аповеды с. Тэрэзы пра с. Фаўстыну Кавальскую – на працягу пэўнага часу сёстры разам неслі паслугу ў Вільнюсе: “Мала адукаваная, непрыкметная, яна нічым асаблівым не адрознівалася ад іншых сясцёр. Аднак мела ў сабе вялікую пакору і заўсёды са шчырай усмешкай і прыязнасцю ставілася да людзей. Як бачым, Пан Езус вырашыў, што менавіта яна з’яўляецца годнай пасланніцтва”.
    С. Цэцылія жадае, каб кожны чалавек у сваім жыцці дасведчыў падобнага стаўлення з боку Нябеснага Айца: калі на цябе безумоўна спадзяюцца і ўсведамляюць як вялікую каштоўнасць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.