ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

НЯДЗЕЛЯ УВАСКРАСЕННЯ ПАНА

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”. Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Ян 20, 1–9

Пасланыя ў свет
   Жанчыны і апосталы скіроўваюць нас да пустой магілы, каб самі дасведчылі і паверылі, што там няма Езуса. Прывілеяванае месца ў Евангеллі Уваскрасення займае Марыя Магдалена. Яна перажывае асабістую сустрэчу з Хрыстом. Настаўнік з Назарэта пасылае яе да супольнасці апосталаў, да Касцёла, які ад гэтага часу будзе разважаць найважнейшыя таямніцы веры: жыццё, смерць і паўстанне з памерлых Збаўцы.
    Урачыстасць Уваскрасення Пана Езуса Хрыста з’яўляецца добрай нагодай, каб усвядоміць, што кожны з нас пасланы ў сасмяглы без Слова жыцця, Бога і праўды свет, каб быць сведкам надзеі. Пасланы, каб несці любоў і супакой – тое, чаго так не хапае сучасным людзям.
    У сведчанні, якое даём, мы павінны звярнуць увагу на важны аспект: уваскрослы Пан перамог смерць, пекла і д’ябла. Праз дасканалую паслухмянасць Нябеснаму Айцу – як абвяшчае Велікоднае пасланне – Ён “заплаціў за нас доўг Адама і кроўю сэрца сцёр даўгавы надпіс старадаўняй віны”. Езус зрабіў пустую магілу знакам таго, што жыццё не заканчваецца тут, на зямлі, і тым самым адкрыў перспектыву вечнага жыцця, паказваючы мэту і сэнс чалавечай штодзённасці.
   
● Якім знакам з’яўляецца для мяне пустая магіла Езуса?
● Якую моц мае для мяне Уваскрасенне Хрыста Пана?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.