ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Паглядзець з верай

Слова рэдактара

 Надышоў час, калі мы асаблівым чынам перажываем найвялікшыя таямніцы нашай веры: смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. Цяжка абыякава прайсці міма такіх падзей.
    У гэтыя дні здзяйсняецца праўда пра тое, што “калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24). Перажываем гадзіну праслаўлення Збаўцы. Ён прайшоў праз смерць і ўваскрос, каб даць нам жыццё. Ахвяра Езуса Хрыста на крыжы аб’явіла аб дасканалай любові Бога да свету. Пустая магіла з’яўляецца нямым сведкам цэнтральнай падзеі ў гісторыі чалавецтва – змёртвыхпаўстання нашага Пана.  
Крыж у людскіх вымярэннях прадстаўляецца знакам ганьбы, знакам паражэння. Менавіта такім чынам вучні ўспрынялі смерць свайго Настаўніка. Яна вельмі іх напалохала і знеахвоціла. Змірыўшыся, вучні вярнуліся да абавязкаў, якія выконвалі, перш чым уступілі ў школу Езуса. Не зразумелі таго, што адбылося: “А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраіль” (Лк 24, 21).
    Чаканні вучняў разыходзіліся з вучэннем Езуса. Яны думалі ў чалавечых катэгорыях, Божая ж логіка зусім іншая. І калі Хрыстос аб’явіўся апосталам пасля ўваскрасення, крыж атрымаў для іх іншае значэнне. Ён заяснеў у сваім бляску і стаў знакам збаўлення: “Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю хвалу?” (Лк 24, 26). Пасля сустрэчы са Збаўцам апосталы атрымалі адвагу і не маглі ўжо вярнуцца да папярэдняга ладу жыцця. Адкрылі ў сабе неабходнасць абвяшчаць, што Езус жыве і ёсць з намі ажно да сканчэння свету.
    Кожная сустрэча чалавека з уваскрослым Хрыстом перамяняе жыццё. На жаль, ёсць многа тых, хто варожа ставіцца да праўды аб смерці і змёртвыхпаўстанні Месіі. Погляд на гэтую Таямніцу з надзеяй дае чалавеку абсалютна іншую перспектыву. Вера з’яўляецца брамай, праз якую ўваходзім у іншы свет, у іншую рэчаіснасць, больш поўную, чым пэўнасць нашага розуму – пэўнасць таго, што мы любімыя, важныя для Пана Бога.
    Евангеліст Ян адназначна сцвярджае: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Такім чынам, крыж і ўваскрасенне – гэта досвед любові Бога да чалавека. Мы павінны верыць Езусу!
    Адзначаем Вялікдзень – фундаментальнае свята для ўсіх хрысціян. Яго належыць перажыць не павярхоўна, толькі спажываючы асвечаныя яйкі, а глыбока ўдаючыся ў сутнасць самой урачыстасці. Варта грунтаваць сваё жыццё на смерці і ўваскрасенні нашага Пана, каб адчуць Яго ўваскрасенне і жыццё ў нас.
   
   
   Дарагія Чытачы!
   Жадаю Вам адкрываць у сабе найперш жаданне сустрэчы з уваскрослым Хрыстом, а потым – пасля адкрыцця сэрца – досведу гэтай сустрэчы. Няхай яна дасць новыя сілы, каб супраціўляцца выклікам і быць сведкам Добрай Навіны ў свеце.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.