ГРОДНА
Субота,
15 лютага 2025 года |
Вітайма Збаўцу!

Пальмовая нядзеля праз прызму гісторыі
Вербніца – адно з самых старадаўніх свят у традыцыі Касцёла. Яно вядома з ІV стагоддзя, інакш кажучы, з пачатку прызнання хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй. Тагачасныя вернікі імкнуліся як мага больш дакладна перадаць памятныя падзеі. Пачалося ўсё з рэканструкцыі ўезду Езуса ў Іерусалім. Звычайна іерарх у акружэнні радаснага натоўпу вырушаў на асле з Аліўнай гары і заязджаў у горад. Дарэчы, звяртаючыся да сімволікі абранай жывёлы, асёл павінен быў падкрэсліць убогасць і прастату Збаўцы, а таксама акцэнтаваць яго мірныя намеры. Жарабя асліцы, якое нават не належала Езусу (было пазычана ва ўладальніка), прызначалася толькі для таго, каб даставіць Хрыста ў неабходнае месца. †
Вербніца – адно з самых старадаўніх свят у традыцыі Касцёла. Яно вядома з ІV стагоддзя, інакш кажучы, з пачатку прызнання хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй. Тагачасныя вернікі імкнуліся як мага больш дакладна перадаць памятныя падзеі. Пачалося ўсё з рэканструкцыі ўезду Езуса ў Іерусалім. Звычайна іерарх у акружэнні радаснага натоўпу вырушаў на асле з Аліўнай гары і заязджаў у горад. Дарэчы, звяртаючыся да сімволікі абранай жывёлы, асёл павінен быў падкрэсліць убогасць і прастату Збаўцы, а таксама акцэнтаваць яго мірныя намеры. Жарабя асліцы, якое нават не належала Езусу (было пазычана ва ўладальніка), прызначалася толькі для таго, каб даставіць Хрыста ў неабходнае месца. †

Увогуле, літургія Пальмовай нядзелі звяртае ўвагу на 2 важныя моманты: разважанне Мукі Хрыстовай і радасную працэсію з пальмамі. Такім чынам Касцёл падкрэслівае, што перамога Езуса і Яго ахвяра непарыўна звязаны паміж сабой.
На нашых землях Пальмовая нядзеля адзначаецца з часоў сярэднявечча. Менавіта ў той час узнік звычай асвячэння пальм. І да гэтага дня вернікі ўсяго свету бласлаўляюць іх у памяць аб тых пальмавых галінках, якімі людзі віталі Хрыста, сцелячы перад Ім сваё адзенне, як гэта было прынята на трыумфальных уездах вялікіх асоб. “На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Іерусалім, узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»” (Ян 12, 12–13).
У хрысціянскім кантэксце пальма мае некалькі значэнняў. Па-першае, яна з’яўляецца сімвалам трыумфу, па-другое – мучаніцкай смерці. Абодва элементы знайшлі сваё адлюстраванне ў лёсе Хрыста. Таксама пальма сімвалізуе справядлівасць і мудрасць. У рэлігійнай арнаментыцы пальма азначае райскае жыццё ў Небе або тут, на зямлі. У цені пальмавых галінак святыя шукаюць адпачынку і суцішэння.
У сувязі з тым, што ў Беларусі пальмы не растуць, вернікі прыносяць на працэсію галінкі вярбы, упрыгожаныя кветкамі ці штучным дэкорам. Менавіта па гэтай прычыне сама нядзеля атрымала назву “Вербная нядзеля” ці “Вербніца”.
З вярбой насустрач Пану, або пра сімволіку “коцікаў”

Пашана да вярбы звязана і з народнай традыцыяй. З-за шматлікасці “коцікаў” яна з’яўлялася сімвалам урадлівасці. Прыпісвалі ёй і аздараўленчую моц. Здаўна ў сем’ях вернікаў існаваў звычай спажываць асвечаныя пупышкі. Меркавалі, што такім чынам можна ўберагчы сябе ад шматлікіх хвароб, асабліва ад болю ў горле.
Цікава, што апошняе сімвалічнае значэнне вярбы мае пэўнае адлюстраванне ў лячэбных уласцівасцях, дзякуючы якім яна здаўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Кара гэтага дрэва ўтрымлівае саліцылавую кіслату, якая неабходна для вытворчасці аспірыну ў сінтэтычных умовах. Пры лячэнні яна дае супрацьзапаленчы і абязбольваючы эфект.
Узносіць не толькі пальмы, але і сэрцы

Урачыстасць Пальмовай нядзелі таксама падштурхоўвае задумацца над тым, як мы паводзім сябе ў святыні, чаго чакаем ад удзелу ў св. Імшы і набажэнствах. У Касцёле здараецца шмат трыумфальных момантаў, узнёслых хвілін, такіх як эйфарычны ўзмах аздобленай галінкай вярбы. Ці не настроены мы на выключна такога роду перажыванні? Ці прыцягвае нас з такой жа моцай Касцёл ціхі і сціплы?
Не будзем жа вабіцца толькі постаццю Езуса, які пераможна заязджае ў Іерусалім. Варта адкрыць пакліканне крочыць таксама за тым Хрыстом, які стрыманы і лагодны.
Вербніца ў хрысціянскім календары з’яўляецца рухомым святам, якое адзначаецца за 7 дзён да Вялікадня. У гэтым годзе яна прыпадае на 14 красавіка.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 320 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.