ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дарога да прабачэння і аздараўлення ад пачуцця крыўды

На шляху да святасці

Адной з галоўных тэм Вялікага посту з’яўляецца прабачэнне.
    У гэты літургічны перыяд Божае слова скіроўвае позірк вернікаў на міласэрнае прабачэнне іх грахоў і правін Панам, а таксама на неабходнасць шчырага даравання ран бліжняму.
    Ці існуе хоць адна асоба, якая б не спазнала ў сваім жыцці пачуцця крыўды?
    Многія церпяць з-за таго, што іх родныя, блізкія, сябры са школы, універсітэта ці працы, людзі на вуліцы і ў розных установах дрэнна да іх адносяцца. На жаль, на кожным этапе жыцця – у дзяцінстве, маладосці, дарослым узросце і ў старасці – чалавеку наносяць большыя ці меншыя раны. Што рабіць з крыўдамі?
    Дзе і ў каго шукаць суцяшэння і палёгкі ў перажываемым цярпенні?

    Прыклад дасканалага прабачэння
    Спачатку хачу расказаць пра Чалавека, які стаў ахвярай закону. Ілжыва абвінавачанага на несправядлівым судзе, Яго неправамерна асудзілі на смерць. Гэта былі цяжкія і палітычна неспакойныя часы, таму прысуд трэба было ажыццявіць як мага хутчэй. Напалоханыя вучні пакінулі свайго Настаўніка, толькі Маці і некалькі Яго сяброў засталіся побач. Адчуваючы пакутлівы боль і адрынутасць, Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34). Пасля чаго сканаў.
    Хрыстос паказаў нам, што трэба рабіць з уласнымі крыўдамі і крыўдзіцелямі – прабачаць. Ён выразна падкрэслівае гэта, пакідаючы апосталам малітву “Ойча наш”: “…І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Заўважым, што Божае прабачэнне залежыць ад таго, ці даравалі мы сваім крыўдзіцелям. Калі асоба свядома не хоча прабачыць, то нібы просіць: “Ойча, не прабачай мне, бо і я не хачу прабачыць майму бліжняму”.
    Прабачэнне з’яўляецца адной з асноўных умоў, якія павінны спадарожнічаць малітве, каб яна была выслухана Нябесным Айцом. Калі мы не жывём у міры з бліжнімі, не можам нават наблізіцца да Бога. Езус гаворыць: “Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар” (Мц 5, 23–24). Гэта зразумелае патрабаванне: калі мы хочам быць хрысціянамі, павінны прабачаць. Але як? Што павінны рабіць, калі рана так баліць, а пачуццё крыўды настолькі жывое, што мы не ў стане прабачыць? Ці калі не здолеем прабачыць, хоць усім сэрцам гэтага прагнем, ужо ніколі не зможам ускласці на алтар свой дар?
   
   Шлях да прабачэння
    Важна ўсвядоміць, што прабачэнне не з’яўляецца толькі адзінкавым актам волі, толькі працэсам. Меркаванне “прабачу і забудуся” дастаткова небяспечнае, таму што крыўда тады трапляе ў падсвядомасць, а рана далей кроватачыць, негатыўна ўплываючы на жыццё. Траўміраваную руку не ўдасца вылечыць, калі толькі дзьмухаць на яе і паўтараць сабе, што ўсё ў парадку – для гэтага неабходны спецыяльныя працэдуры і, найперш, час. Чым сур’ёзнейшая рана, тым даўжэйшага лячэння яна патрабуе. А спрабуючы штучна паскорыць выздараўленне, рызыкуем нашкодзіць сабе яшчэ больш.
    Працэс прабачэння неабходна распачаць з малітвы, каб у праўдзе і пакоры стаць перад самім сабой і Богам, прыйсці да Пана са сваёй крыўдай, каб слухаць Яго словы. Трэба таксама маліцца за сваіх крыўдзіцеляў. Калі рана настолькі глыбокая, што на дадзеным этапе мы не здольны гэтага зрабіць, варта маліцца за сябе, просячы, каб Усемагутны адарыў такой ласкай. Менавіта ад гэтага пачынаецца працэс прабачэння і аздараўлення: трэба хацець прабачыць. Тады з чыстым сумленнем можна прыступаць да сакрамантаў споведзі і св. Камуніі, прамаўляць малітву “Ойча наш”.
    Маліцца аб прабачэнні і аздараўленні можна парознаму: псалмамі, пацерамі з малітоўніка, Ружанцам ці Вяночкам да Божай міласэрнасці. Варта таксама паспрабаваць малітвы сваімі словамі, каб уласныя страхі, неспакой, боль, самотнасць ахвяраваць Богу, ускласці ўсё гэта на Яго алтар як дар. Часам гэта можа быць толькі разгубленасць, роспач і нават злосць. Малітва не церпіць уцёкаў ад рэчаіснасці і прымушае стаць у праўдзе перад сабой і сваімі праблемамі. Тое, чаго не здольны сказаць іншай асобе, можам прызнаць перад Панам. Ён возьме за руку і пойдзе з намі далей. Па дарозе сустрэнем мноства нечаканасцей. Успрымем уласную адказнасць і ўдзел у працэсе прабачэння. Магчыма, зможам зразумець тых, хто прычыніў нам крыўду. Магчыма, усвядомім, што гэтыя людзі таксама з’яўляюцца ўмілаванымі дзецьмі Пана, якіх некалі саміх зранілі.
    Малітва адкрывае доступ да Божай міласэрнасці, злучае з Усемагутным і адкрывае на Яго любоў.
    Без яднання са Стварыцелем у нашым жыцці нічога не зменіцца. Размова з Богам – найлепшае лякарства ад крыўды.
    Малітва павінна быць пакорнай, таму што пакора вядзе да глыбокай унутранай перамены. А працэс аздараўлення ад пачуцця крыўды з’яўляецца навяртаннем, зваротам да Бога як адзінага Пана і Даўцы жыцця з даверам да Яго надзейнай дапамогі. Чалавек, які перажывае глыбокую рану, павінен стаць перад Усемагутным з усёй сваёй бядой і прыніжанай чалавечай годнасцю. Рашаючым з’яўляецца момант, калі ён усведамляе ўласную бездапаможнасць і, даручыўшы ўсё Айцу, больш не хоча вяртацца да мінулага. Хоць страх, гнеў і жаданне адпомсціць могуць узнікнуць зноў, яны ўжо не стануць пагрозай, паколькі рана, нанесеная чалавечай годнасці, будзе вылечана.
    Падчас працэсу прабачэння варта часцей звяртацца да Святога Пісання. Божае слова дапамагае чалавеку зразумець уласныя раны, а таксама сутнасць спачування і міласэрнасці Стварыцеля, які зычліва схіляецца над церпячымі. Асабліва плённымі для ўнутранага ацалення могуць аказацца разважанні над вучэннем Езуса аб прабачэнні і паяднанні (параўн. Мц 6, 14–15; Мц 18, 21–35), а таксама над аздараўленнямі, якія здзейсніў Месія (напр. Мк 1, 40–44; Лк 8, 43–48; Ян 5, 2–18). У асабліва цяжкія хвіліны варта разважаць аб муках, смерці і ўваскрасенні Хрыста; узяць у рукі крыж і, гледзячы на яго, паўтараць за Езусам: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Атаясамліванне сябе са Збаўцам прынясе пакрыўджанаму чалавеку суцяшэнне, а памяць пра таямніцу паўстання з мёртвых уваскрасіць надзею на вызваленне ад крыўды і болю.
    Аднак прабачэнне можа патрабаваць дапамогі не толькі ад Бога, але і ад людзей. У працэсе паяднання неаднойчы варта звярнуцца да псіхолага ці святара, знайсці асобу, якой свабодна можам расказаць аб сваёй крыўдзе. Гэта дапамагае звярнуць уласныя пачуцці ў правільным напрамку, апанаваць негатыўныя эмоцыі і перамагчы іх, бо тады здолеем рацыянальна і спакойна зірнуць на сваю крыўду.
    Варта заўважыць, што негатыўныя адносіны, недасканаласць, слабасці і недаацэньванне сябе вынікаюць са шматлікіх ран. Трымаючыся за пачуццё нянавісці, мы крыўдзім сям’ю, сяброў, супольнасць, у якой жывём. Трываючы ў такім стане, сеем вакол сябе зло і дазваляем яму знішчаць дабрабыт іншых людзей. Напрыклад, асобы, якіх крыўдзілі ў дзяцінстве, будучы ўжо бацькамі самі неаднойчы раняць сваіх дзяцей.
    Прабачэнне з’яўляецца сапраўднай свабодай. Вызваляе ад прывязанасці да балючых падзей у мінулым, ратуе ад нянавісці і непрыязнасці. Мы тады здольны кантраляваць першыя парывы адмоўных эмоцый: гневу, абурэння, жадання адпомсціць, каб яны не кіравалі нашымі рашэннямі. Прабачэнне робіць чалавека больш адкрытым на бліжніх і іх цярпенне, а таксама на крыўдзіцеляў, вучыць павазе да іх. Яно з’яўляецца падмуркам станоўчай ацэнкі ўласнай асобы, што дазваляе любіць сябе, прызнаваць сваю вартасць і годнасць, якімі адарыў Усемагутны.
    Важна зразумець, што галоўнай прычынай, каб дараваць камусьці віны, з’яўляемся мы самі. Робім гэта найперш для асабістай карысці. Гнеў, нянавісць, жаданне помсты больш за ўсё шкодзяць асобе, у сэрцы якой нараджаюцца, знішчаючы яе жыццё і спакой. Таму просім добрага Бога дапамагчы нам даследаваць уласны ўнутраны стан, распазнаць крыўды і боль, што дрэнна ўплываюць на жыццё, а таксама ўдзяліць сілы, каб здолець распачаць працэс прабачэння. Няхай Яго гаючая Любоў залечыць нашы жыццёвыя раны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.