ГРОДНА
Нядзеля,
14 красавіка
2024 года
 

Святы каралевіч Казімір

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач!
У гэтым нумары прапаную Табе пазнаёміцца яшчэ з адным святым – каралевічам Казімірам. Напэўна, ты можаш спытацца, як каралевіч змог стаць святым? Мы прызвычаіліся, што нябеснай хвалы дасягаюць прастакі, якія аддаюць сваё жыццё на службу Богу і людзям. Але гэта сапраўды магчыма! Негледзячы на тое, што жыццё св. Казіміра было вельмі складаным, што ён мусіў прымаць мноства розных рашэнняў, абраў для сябе шлях святасці праз самакатаванне і пост. Кім жа быў гэты надзвычайны святы? Вось, што я даведалася пра яго з кнігі “Давяраючы Хрысту. Жыццяпіс некаторых святых”.

   Святы каралевіч Казімір нарадзіўся ў Кракаве 5 кастрычніка 1458 года і быў 2-ім сынам Казіміра Ягелончыка – Караля Польшчы і Вялікага Князя Літоўскага – ды Альжбеты з Габсбургаў – дачкі караля нямецкага і вянгерскага Альбрэхта II.
    Казімір вылучаўся выдатнымі здольнасцямі, а асабліва набожнасцю і стараннасцю. Пагарджаў уласным каралеўскім паходжаннем, магчымасцю панаваць і жыць у сваё задавальненне. Лічыў сябе звычайным чалавекам, схільным да ўсіх людскіх слабасцей. Каралевіч ахвотна знаходзіўся сярод бедных, шчодра раздаючы міласціну. Часта таксама заступаўся за бедакоў перад бацькам. Вёў багатае ўнутранае жыццё. Цягнуўся да людзей мудрых і богабаязных. Яго часцей можна было знайсці на малітве ў касцёле, чым у палацы. Вельмі шанаваў Найсвяцейшую Панну Марыю, якую называў “дарагая Маці”.
    Каб не паддацца спакусам, якіх было шмат пры каралеўскім двары, малады каралевіч прынёс пажыццёвае абяцанне захоўваць цноту чысціні і прыкладаў усе намаганні, каб стрымаць яго.
    Калі самы старэйшы з братоў Казіміра, Уладзіслаў, узышоў на чэшскі трон, ён застаўся адзіным наследнікам каралеўскага пасаду. З гэтага часу як будучы манарх суправаджаў бацьку ў паездках па краіне. І нават на працягу некалькіх гадоў кіраваў Каронай, калі кароль вымушаны быў знаходзіцца ў Літве. Тым, хто спрабаваў заваяваць яго сімпатыю ліслівымі хваламі, выказваючы надзею, што хутка ён стане каралём, Казімір адказваў: “Дай Божа, каб спадар і дабрадзей мой бацька, якога мне Пан Бог мой наказаў шанаваць, ніколі, калі магчыма, не паміраў і шчасліва панаваў. Хай я раней памру, каб не чакаў смерці майго бацькі. Гэтага каралеўства не жадаю і не імкнуся да яго, бо для іншага валадарства стварыў мяне Пан Бог – таго, якое нам Хрыстос цярпеннем сваім падрыхтаваў”.
    Тым часам туберкулёз і суровы лад жыцця падрывалі маладыя сілы каралевіча. Па жаданні бацькі ён на некаторы час пераехаў у Вільню, дзе, як лічылася, клімат быў лепшым. У той жа час урачы пачалі раіць яму адмовіцца ад шлюбу чысціні і падумаць пра жаніцьбу, мяркуючы, што такім чынам удасца палепшыць яго здароўе. Аднак Казімір з абурэннем адкінуў такую параду, сказаўшы: “Ніколі я не здзейсню такога, каб дзеля здароўя ў зямным жыцці гнявіць Пана Бога, пераступаць Яго запаведзь і губляць Яго ласку”. У хуткім часе здароўе каралевіча значна пагоршылася. Адышоў у вечнасць у нядзелю 4 сакавіка 1484 года, прыціскаючы да сэрца распяцце і давяраючы сябе Найсвяцейшай Панне Марыі. Цела памерлага было перавезена ў Вільню і пахавана ў катэдральным касцёле свсв. Станіслава і Уладзіслава. У гэтай святыні сёння знаходзіцца капліца святога каралевіча з яго труной і абразом “Трохрукі Казімір”.
    Маленькі Чытач! Яшчэ хацела б дадаць некалькі цікавостак, якія распавядаюць пра св. Казіміра. Пад княжацкім адзеннем ён насіў валасяніцу. Хоць меў мяккі пуховы ложак, спаў на падлозе. Адмаўляўся ад шыкоўных каралеўскіх страў, аддаючы перавагу посту. Здаралася, што нават ноччу прыходзіў у святыню, каб адараваць Найсвяцейшы Сакрамант, а калі знаходзіў дзверы храма зачыненымі, то маліўся, кленчачы на прыступках.
   
    Заданне: Падумай, да якіх матэрыяльных даброт Ты найбольш прывязаны, і пастарайся на працягу аднаго дня імі не карыстацца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  262

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.