ГРОДНА
Субота,
05 ліпеня 2025 года |
Міфы пра манаства

На жаль, сёння часта можна пачуць меркаванне, што Касцёл перажывае крызіс пакліканняў. Можам назіраць, што грамадскае ўспрыманне манаства з цягам часу нарадзіла пэўныя стэрэатыпы.
Магчыма, гэта з’яўляецца адной з прычын таго, чаму вернікам, якія адчулі прагненне прысвяціць сябе Богу, часам не стае адвагі зрабіць гэты крок.
Разбіраюцца ў здагадках і аспрэчваюць іх кансэкраваныя асобы, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. †
Магчыма, гэта з’яўляецца адной з прычын таго, чаму вернікам, якія адчулі прагненне прысвяціць сябе Богу, часам не стае адвагі зрабіць гэты крок.
Разбіраюцца ў здагадках і аспрэчваюць іх кансэкраваныя асобы, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. †
Абяцанне паслухмянасці адбірае права прымаць уласныя рашэнні

Служачы ў парафіі, калі я прагну арганізаваць штосьці для вернікаў, спачатку шукаю згоды пробашча, каб пачуць яго думку як асобы больш вопытнай за мяне. Мы размаўляем і прымаем пэўнае рашэнне для супольнай карысці. Калі хачу правесці вольны час па-за кляштарам, зноў жа інфармую аб сваіх планах пробашча. Кожны з братоў абавязаны прысутнічаць падчас пэўных падзей на працягу дня: на св. Імшы, малітве, пасілках. Але лічу, што падобныя дысцыплінарныя патрабаванні неабходны для добрай арганізацыі чалавечай дзейнасці, таму не належыць атаясамліваць з імі паслухмянасць. Яна ў манаскім жыцці з’яўляецца нашмат глыбейшай. Глядзець на яе трэба праз прызму непасрэдных адносін паміж Усемагутным і кожным асобным чалавекам. Мы разумеем гэтую цноту як прыладу распазнання Божай волі, падказку: як трэба жыць, каб адчуваць сябе шчаслівым і ў бяспецы.
У кляштар ідуць дзяўчаты, якія не могуць уладкаваць асабістае жыццё

Калі я назіраю за сёстрамі са сваёй кангрэгацыі, бачу таленавітых прыгожых, крэатыўных, працавітых, спагадных асоб. Мяркую, кожная з іх магла б стаць добрай жонкай ці маці. Выбіраючы кансэкраванае жыццё, яны не выбралі горшую версію жыцця, але яго сутнасць – цалкам аддаць сябе Богу.
Калі асоба прымае рашэнне далучыцца да манаскай супольнасці, часцей за ўсё сустракае крытыку ці непрыняцце з боку родных Пагаджуся, што рашэнне ўступіць у кляштар шмат каму падаецца незвычайным і сустракае незразуменне. Напрыклад, у маім выпадку таксама здарыліся пэўныя цяжкасці, але з цягам часу маё манаскае пакліканне стала сапраўдным скарбам для ўсёй сям’і. Упэўнена, блізкім кандыдата да кансэкрацыі дастаткова ўбачыць, што ён шчаслівы ў рэалізацыі свайго паклікання – і ўсе іх сумненні развеяцца.
Кансэкраваныя асобы амаль не маюць “часу для сябе”

Прысвячаючы шмат часу дзецям і моладзі, сёстрам салезіянкам хапае рэкрэацыі: культурны адпачынак праз гульню, цікавы фільм, творчую майстэрню.
Таксама ў нас, як, напэўна, у многіх іншых кангрэгацыях і ордэнах, панядзелак з’яўляецца Днём супольнасці. Гэты час мы прысвячаем на выезд ці вандроўку, духоўны адпачынак і ўпарадкаванне таго, на што не хапіла часу на працягу тыдня. Часта гэты дзень сыходзіць на тое, каб набрацца фізічных сіл і проста адаспацца. Але гэта таксама і магчымасць заняцца любімым хобі: пакулінарыць, папрактыкавацца ў музыцы ці спорце.
Раз у год мы маем так званыя канікулы. Тры тыдні для сябе. Можам правесці іх з роднымі ці сябрамі. Можам паехаць на адпачынак у іншую супольнасць, якая, напрыклад, знаходзіцца за мяжой. Толькі напярэдадні мы павінны ўзгадніць планы на водпуск з адказнай за інспекторыі. Зразумела, гэты час праходзіць у духу чысціні, паслухмянасці і беднасці. Люблю выказванне св. Яна Боско, які паўтараў: “Адпачынак – гэта перамена дзейнасці”. Так і мы імкнёмся выкарыстоўваць свой вольны час з карысцю і памятаць пра ўмеркаванне.
Жаночая супольнасць не можа існаваць без пастаянных непаразуменняў
Мы выбіраем манаскую супольнасць, але не выбіраем людзей, якіх там спаткаем. “Будуйце масты, не сцены…”, – заклікаў св. Ян Боско. І мы стараемся жыць паводле гэтага прынцыпу. Усе добра разумеюць, што нельга казаць дрэнна пра іншых. Тым больш, хто будзе нядобра выказвацца пра блізкіх людзей? Няўжо вы будзеце крыўдзіць маці, бацьку, брата ці сястру? Гэтак жа і ў нас. Манаская супольнасць становіцца сям’ёй, дзе мы імкнёмся любіць з усіх сіл, разам узрастаць на дарозе да святасці, прынімаючы адна адну з сястрынскай любоўю. Аб’яднаныя ў Духу, мы пакліканы сведчыць сваім жыццём аб Божай Любові, як адно сэрца і адна душа.
Зразумела, непаразуменні здараюцца, але з дапамогай Госпада мы з імі спраўляемся.
Дарэчы, хачу адзначыць, што я сустракалася з процілеглым меркаваннем: нібы дастаткова пераступіць парог кляштара – і аўтаматычна знікаюць усе недахопы, а ўзаемаадносіны з іншымі людзьмі становяцца ідэльнымі. Не! З сабой мы нясём увесь цяжар уласных заганаў і змагаемся з імі на працягу цэлага жыцця. Таму ўзнікненне спрэчак – нармальная справа. Канфліктныя сітуацыі вучаць слухаць іншага чалавека, прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння. Шчаслівай з’яўляецца тая супольнасць ці сям’я, дзе кожная асоба працуе над сабой і імкнецца спасцігнуць вялікае мастацтва будавання адносін з бліжнім.
Трыванне ў чыстасці на працягу ўсяго жыцця немагчымае

Сённяшні сексуальны лібералізм зацямняе бачанне духоўных спраў. Чалавек цэніць толькі матэрыяльнае, адчувальнае і прыемнае. Аскеза, адмаўлене, утаймаванне выклікаюць абурэнне і страх. Так часта можна пачуць пытанне: “Як можна жыць без сексу, без сям’і?”. “Хто можа зразумець гэта, няхай разумее”. Варта ўсвядоміць, што гэта не прымус, а евангельская парада. Аднак асоба, якая яе выконвае, атрымлівае вялікае бласлаўленне ад Бога і ўбачаць Яго тварам да твару.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 180 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.