ГРОДНА
Пятніца,
04 ліпеня 2025 года |
Служыць Божай праўдзе пра чалавека і свет


Ёсць шмат каментарыяў да Святога Пісання. Але і ў іх можна часам загубіцца. Таму я вельмі палюбіла біблійны курс “Эмаўс”, які час ад часу збірае нас, закаханых у Божае слова, на сустрэчы. Яны адбываюцца ў рэкалекцыйным доме ў Оршы. На гэтых занятках можна занурыцца на глыбіню Божага слова і з дапамогаю багаслова знайсці шмат нечаканых адказаў на многія пытанні сучаснага жыцця, якія хвалююць не толькі мяне асабіста, але і тых, хто становіцца героем маіх тэкстаў для каталіцкіх выданняў.
Мінулым летам выйшла ў свет мая кніга хрысціянскіх апавяданняў для дзяцей “Незабудкі”. Здавалася б, дзеці яшчэ не ўмеюць глядзець на свет праз прызму Божага слова, але мы, дарослыя, мусім дапамагчы ім у гэтым. І таму я да кожнага апавядання падабрала кароценькі фрагмент з Бібліі. Нам трэба вучыцца бачыць ва ўсім, што з намі адбываецца, руку нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Ну то і навучымся ж разам!

Сёння няма патрэбы “выходзіць на дахі дамоў” для абвяшчэння Добрай Навіны, бо тэхналогіі дазваляюць рабіць гэта не пераступаючы парога ўласнага пакоя. Але, як вядома, тэхнічны прагрэс спарадзіў і цэлы шэраг адмоўных з’яў, такіх, напрыклад, як фальшывыя, фэйкавыя навіны. Таму адна з найважнейшых функцый хрысціянскай журналістыкі – несці людзям Божую праўду: “Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8, 32). Сёння вельмі актуальна дапамагаць людзям “адвейваць” зерне праўды ад мякіны маны, бо “нават нязначнае скажэнне праўды можа мець небяспечныя вынікі”, – слушна папярэджвае папа Францішак.
Асабіста мне вельмі імпануе думка Бенедыкта XVI пра тое, што, каб навучыцца камунікацыі, трэба навучыцца слухаць і сузіраць, а не толькі прамаўляць: “Гэта асабліва важна для тых, хто працуе ў сферы евангелізацыі, – кажа Папа, – бо гэтаксама маўчанне, як і слова, з’яўляецца істотным і абавязковым элементам дзейнасці Касцёла ў галіне СМІ, каб па-новаму абвяшчаць Хрыста ў сучасным свеце”.
Такім чынам, функцыя засяроджанасці, уважлівасці, немітуслівасці сёння, у гэтым сучасным жыццёвым галопе, у гэтай непамернай пагоні за сенсацыямі (на жаль, часам і ў хрысціянскіх СМІ таксама), вельмі важная і неабходная.
Не адкрыю нічога новага, калі скажу, што супрацоўнік хрысціянскіх СМІ павінен кіравацца найперш прынцыпамі сумленнасці і праўдзівасці, пра якую я ўжо казала. А яшчэ павінен быць сведкам Хрыста, бо нішто так не прамаўляе да сённяшніх людзей, як уласнае сведчанне, тое “лагоднае святло веры”, пра якое казаў калісьці кардынал Джон Генры Ньюмэн і якое мы павінны несці ў сваіх сэрцах і сваім словам.
Калі казаць пра крыніцы натхнення, то часам знаходжу іх у садзе на родным хутары пад Лідаю, часам – слухаючы старажытны арган у сваім парафіяльным белагрудскім касцёле, а часам – чытаючы псалмы ў Брэвіярыі, калі малюся Ютрань, або гартаючы паэтычную “Літургію гадзін” Томаса Мэртана, а іншы раз, зусім нечакана – у скупым сонечным промні на заснежанай лапцы яліны, калі яна заіскрыцца, заззяе ўсімі магчымымі дыяментамі, акурат як у маленстве, і ты раптам усвядоміш сабе, што крыніцаю ўсяе гэтай прыгажосці і твайго натхнення ў тым ліку з’яўляецца Адзіны і Найвялікшы Творца… Хвала Яму за ўсё!

Мы прытрымліваемся думкі, што хрысціянская журналістыка павінна спрыяць яднанню людзей на аснове евангельскай весткі. Калі вернікі больш пазнаюць адзін аднаго, становяцца бліжэйшымі, усталёўваецца дыялог і разуменне, паўстае сям’я дзяцей Божых – Касцёл. Нездарама ў дакументах Каталіцкага Касцёла падкрэсліваецца, што слова “communio”, ад якога паходзіць слова “камунікацыя”, азначае паяднанне.
Асноўным, універсальным прынцыпам, якім у першую чаргу кіруемся ў сваёй працы, з’яўляецца любоў да Бога і да бліжняга, як да самога сябе. На гэтай падставе іншыя прынцыпы фарміруюцца самі ў працэсе працы і дыялогу. Зыходзячы з пазіцыі любові, перад хрысціянскім журналістам адкрываюцца новыя і вельмі шырокія далягляды.
Вельмі цешыць, што вернікі, сувязь з парафіяй якіх дастаткова слабая, калі даведваюцца больш аб жыцці супольнасці, стараюцца быць актыўнейшымі, ахвотней уключаюцца ў парафіяльнае жыццё, бліжэй знаёмяцца паміж сабой, пачынаюць сябраваць і перастаюць насцярожана адносіцца адзін да аднаго. Так сувязь паміж людзьмі паглыбляецца і супольнасць вернікаў набліжаецца да ідэалу і мэты кожнай парафіі – адысці ад ананімнасці і станаць сям’ёй Божых дзяцей.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 181 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.