ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Патройнае прыйсце Хрыста

Хрысціянскія традыцыі

Тры Імшы. Тры святыні. Тры пакліканні. Такім патройным чынам можна акрэсліць духоўнасць Божага Нараджэння. Справа ў тым, што сучасная цэлебрацыя трох калядных Эўхарыстый звязана са старажытнай рымскай традыцыяй.
Жыхары вечнага горада святкавалі Божае Нараджэнне ў трох рымскіх базіліках, працэсійна пераходзячы з адной у другую. Сярэднявечная містыка бачыць у гэтым патройны прыход Хрыста: праз Марыю, у чалавечых сэрцах, а таксама напрыканцы часоў у славе. У сучаснай жа літургіі гэтыя акцэнты адзначаюцца ў некалькіх імшальных фармулярах.
Першая св. Імша адбывалася апоўначы ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, прысвечанай мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. Біскуп Рыма цэлебраваў урачыстую Эўхарыстыю ў капліцы Бэтлеемскага грота, адсюль і назва – “Імша пры яслях”. Яна была ўведзена ў другой палове V ст. на ўзор іерусалімскай начной літургіі. Хрысціяне ў Святой Зямлі святкавалі Божае Нараджэнне апоўначы ў Бэтлееме разам з працэсіяй да грота. Гэты звычай перанялі ў Рыме. Аднак тут працэсійнасць набыла сваё развіццё. На другую св. Імшу рымляне працэсійна пераходзілі ўжо ў базіліку св. Анастасіі. Невыпадкова памяць гэтай мучаніцы ўрачыста адзначаецца 25 снежня. Жанчына, якая на мяжы III–IV ст. несла надзею і падтрымку хрысціянам ў вязніцы, сама за сваю веру пры Дыяклецыяне была катавана. Падобна і Езус, як узыходзячае Святло, нясе надзею ў вязніцы людскіх сэрцаў. Нездарма другая Эўхарыстыя сімвалічна цэлебравалася тут на ўзыходзе сонца.
    Нарэшце ўдзень вернікі накіроўваліся да базілікі св. Пятра. У гэтай трэцяй Эўхарыстыі рэйнская школа духоўнасці бачыць напамін аб слаўным прыйсці Хрыста Валадара напрыканцы часоў.
    Самае цікавае заключаецца ў тым, што трыма прыйсцямі Хрыста святкаванне не абмяжоўваецца, бо яно ўключае таксама ўдзел і самаго верніка:
    у трох св. Імшах бачны водгук паклону анёлаў, пастухоў і каралёў (валхвоў). Таму вельмі важна схіліцца над кожным з гэтых біблійна-літургічных знакаў больш падрабязна, каб узбагаціцца духоўна.
    Па-першае, функцыя анёла акрэсліваецца як “быць пасланнікам”. Нездарма першую начную цэлебрацыю называлі “Імшой анёлаў”, г. зн. на ўзор анёлаў таксама і кожны вернік пакліканы быць Божым пасланнікам. Але калі быць пасланым дастаткова проста, то стаць пастырам складаней, паколькі неабходна зрабіць вялікі шлях, доўгую працэсію духоўнага жыцця, становячыся сведкам, як пастухі, і мучанікам, як св. Анастасія.
    Акрамя таго, вялікай памылкай пастыра можа быць яго дэспатызм і прага ўлады. Нездарма на “Імшы пастыраў” (другая Імша) у базіліцы святой мучаніцы разам з усім імператарскім дваром прысутнічаў сам імператар, чый палац знаходзіўся пры святыні і чые папярэднікі праследвалі хрысціян. Такім чынам, недастаткова знаходзіцца пры святыні і кантраляваць парадак сваёй паствы любымі метадамі. Педагагічнасць гэтага этапу ў тым, каб навучыцца “новаму метаду”. Для гэтага неабходна прайсці наступны шлях, адлюстраваны ў працэсіі да трэцяй св. Імшы, якая называецца “Імшой каралёў”. Духоўнасць гэтага этапу вучыць таму, што значыць “служыць”. Нездарма апошняя Эўхарыстыя гістарычна цэлебравалася ў базіліцы св. Пятра, наступнікі якога называюцца “слугамі слуг”.
    Такім чынам, анёльская, пастырская і каралеўская функцыі вернікаў чэрпаюць сваю духоўнасць у прыйсці Езуса Хрыста. Без Яго першага прыйсця я не быў бы пасланы (mittere, пар. Мц 10, 16), без Яго другога прыйсця ў маё сэрца – не мог бы стаць пастырам (pascere, пар. Ян 21, 15-17), а без чування перад Яго апошнім прыйсцем не мог бы навучыцца служыць іншым (vigilare, пар. Мц 24, 42-44).
    Толькі ўзаемасувязь паміж гэтымі містэрыямі дазваляе мне іх споўніць.
   
    P.S. У адрозненне ад усходу Еўропы, у Рыме “Імша пастыраў” (Пастэрка) – другая, а не першая. Гэта тлумачыцца тым, што пастырскі вопыт набываецца пасля “выслання” (анёльская функцыя), а не перад ім.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.