ГРОДНА
Чацвер,
07 лістапада
2024 года
 

Якія галоўныя заданні святара ў сучасным свеце?

Задай пытанне

Першая з задач сучаснага святара – прысутнічаць у жыцці тых, да каго яго пасылае Хрыстос. Мэтай гэтай прысутнасці ў свеце з’яўляецца евангелізацыя, г. зн. распаўсюджванне Добрай Навіны і вядзенне людзей да Бога, каб яны маглі захапіцца Хрыстом, Яго словамі і ўчынкамі, каб дастасоўвалі сваё жыццё да біблійных наказаў. І каб так сталася, а словы не засталіся толькі словамі, трэба каб Евангелле дайшло да свядомасці чалавека, а чалавек сваёй свядомасцю прытуліўся да Божага слова. Евангелізацыя патрабуе ад святара мужнасці, каб увесь час нанова супастаўляць сябе з вучэннем Езуса і – па прыкладзе Месіі – ісці да людзей найперш для таго, каб моўчкі любіць. Толькі бачная і ахвярная любоў святара садзейнічае таму, што людзі паслухаюць яго, а не маладых ідэолагаў ці цынічных дэмаралізатараў.
Другой важнай задачай сучаснага святара з’яўляюцца паглыбленыя пастырскія адносіны, а асаблівым чынам уменне такога падбору слоў і аргументаў, каб слухач меў толькі 2 магчымасці: зразумець і прыняць Божае слова ці зразумець і адкінуць яго. Не павінен мець 3-га варыянта: не зразумець Евангелле. Не можа ўзнікаць і 4-га, калі чалавек застаецца з ілюзіяй, што не Бог, а ён сам мае рацыю. Прыкладам такога эфектыўнага абвяшчэння Божага слова з’яўляецца Хрыстос, які камунікаваў і аргументаваў так проста і ясна, што Яго разумелі нават няграматныя, і адначасова гаварыў так дакладна, што кніжнікі і фарысеі не маглі абвінаваціць Яго ў якой-небудзь памылцы. Таму задача святара – спалучэнне мовы Бібліі і вучэння Касцёла з магчымасцямі ўспрыняцця і гарызонтамі мыслення сучаснай аўдыторыі. Кожнаму неабходна слова, дастасаванае менавіта да яго.
    Трэцяя задача сучаснага святара – гэта асаблівая адчувальнасць да людзей бедных матэрыяльна, маральна і духоўна, а таксама да пакрыўджаных, залежных, прыгнечаных, бездапаможных. Бяздольнаму чалавеку патрэбные толькі хлеб ці вопратка, але таксама слова суцяшэння, усмешка, прыязны жэст, у якім выражаецца эмпатыя. Яму неабходна кропля любові і зычлівасці, адчуванне, што ён не адзінокі, што нехта прагне раздзяліць з ім цярпенне.
    Не менш важным заданнем з’яўляецца таксама ўмацаванне моцных, каб заставаліся ў прыязнасці з Богам і з людзьмі, бо трыванне ў добрым – нялёгкая справа.
    Эфектыўная работа святара ўплывае на свядомасць сучасных людзей. Таму ён павінен добра адчуваць свет, у якім жыве, але не паддавацца яму; павінен валодаць вопытам жыццёвых і духоўных “тонаў” сучаснага жыцця, яго адценняў, а таксама тонкасцей. І, перш за ўсё, канешне павінен заставацца святаром Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  55

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.