ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

З музыкай па жыцці

З жыцця Касцёла

У нас сапраўды шчаслівая сям’я – у ёй 5 дружных «я»!” – з такімі словамі ідуць па жыцці Аксана і Гжэгаж Станкевічы і іх дочкі Агнешка, Рэната, Юстына. Героі сённяшняга нумара “Слова Жыцця” добра вядомы не толькі ў сваім родным Сапоцкіне, але і ва ўсім Гродзенскім раёне. А ўсё дзякуючы іх захапленню музыкай і спевам.
Сямейная традыцыя
    У сям’і Станкевічаў усе так ці інакш звязаны з музыкай: бацька іграе на акардэоне і гітары, маці працуе музычным кіраўніком у Сапоцкінскай сярэдняй школе, дочкі спяваюць і іграюць на фартэпіяна і гітары. Станкевічы – дружныя, пазітыўныя, актыўныя. Пастаянна ладзяць сямейныя выступленні, развучваюць новыя песні, дзелячыся добрым настроем не толькі са сваімі блізкімі, але і з аднавяскоўцамі.
    Гжэгаж Станкевіч, галава сям’і, распавядае, што традыцыя сямейнага музіцыравання цягнецца праз пакаленні.
– Мой дзядуля быў вельмі таленавітым скрыпачом, іграў на ўсіх вяселлях і забавах. Згодна з традыцыяй, хацеў перадаць сваё захапленне старэйшаму сыну, але той быў зусім далёкі ад музыкі. Мой бацька быў самым малодшым з сыноў, але больш за ўсіх астатніх праяўляў цікавасць да скрыпкі. Ад хлопца пастаянна хавалі інструмент, але той яго ўсё роўна знаходзіў. Дзеду нічога не заставалася, як навучыць малодшага іграць на скрыпцы, – гаворыць спадар Гжэгаж. – У выніку з яго атрымаўся вельмі добры музыкант, без якога не абыходзілася ніводнае свята ў вёсцы. Я і мае браты таксама перанялі бацькава захапленне музыкай. Толькі я ўжо іграў не на скрыпцы, а на акардэоне і гітары. Калі прыйшоў з войска, стаў удзельнікам парафіяльнага гурта “Адкрытыя сэрцы”. Раней інтэрнэту не было, таму запісвалі словы песень у сшытак, зверху пазначалі акорды, часам самі падбіралі мелодыю. Касетны магнітафон таксама быў вялікай раскошай, таму адзіная надзея была на радыё. Праслухаеш кавалачак песні, што паспееш – занатуеш, а пасля чакаеш, пакуль яна ў чарговы раз прагучыць у эфіры, каб дапісаць твор цалкам.
    Калі Гжэгаж пабраўся шлюбам з Аксанай, нарадзіліся дочкі. Любоў да музыкі не згасла, а знайшла свой працяг у маладой сям’і.
    – Дзяўчынкі пайшлі па мужу, маюць такі ж добры голас і слых, – распавядае Аксана Станкевіч. – Старэйшыя Агнешка і Рэната скончылі музычную школу, малодшая Юстына яшчэ давучваецца. Дочкі спяваюць у парафіяльным моладзевым хоры, неаднаразова ездзілі на парафіяду, з якой вярталіся з узнагародамі за ўдзел у вакальным конкурсе. Сёлета Рэната заняла ІІ месца на фестывалі рэлігійнай песні, які праходзіў у гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Усе разам некалькі разоў прымалі ўдзел у конкурсе шматдзетных сем’яў. Калі старэйшай дачцы Агнешцы было ўсяго 3 гады, мы ўпершыню прынялі ўдзел у сапоцкінскім праглядзе калядак і пастаралак, і гэта стала нашай сямейнай традыцыяй. Цяпер кожны год з вялікай адказнасцю рыхтуемся, падбіраем рэпертуар. Зусім нядаўна, калі былі ў касцёле на св. Імшы, да мяне падышла бабуля, запыталася, ці плануем выступаць у гэтым годзе, і прапанавала праспяваць калядную песню, якую яна памятае яшчэ са свайго маленства. Напэўна, так і зробім, бо былі вельмі ўражаны прыгожым тэкстам гэтай калядкі.
    Станкевічы падкрэсліваюць, што атрымаўшы ад Бога музычныя таленты, яны стараюцца іх не загубіць, не абленавацца, не ўзнесціся ў гардыні. У памяць аб пачынальніку прыгожай традыцыі музіцыравання захоўваюць дома сямейную рэліквію – дзедаву скрыпку, якой ужо каля сотні гадоў.
   
    Самае галоўнае – гэта адзінства
    Аксана і Гжэгаж Станкевічы сёлета святкуюць 20-годдзе свайго сужэнства. На пытанне “У чым сакрэт сямейнага шчасця?” адказваюць: “Падтрымка, даверлівыя адносіны, узаемаразуменне і ўзаемапавага”.
    – Самымі цяжкімі ў сужэнстве з’яўляюцца, напэўна, першыя 5 гадоў сумеснага жыцця. Маладыя пазнаюць адзін аднаго, прыціраюцца, бо кожны прыходзіць у сям’ю са сваімі звычкамі, правіламі, традыцыямі, – гаворыць спадарыня Аксана. – Вельмі важна навучыцца саступаць і прабачаць адзін аднаму, шмат размаўляць, а не замыкацца ў сабе. Я, напрыклад, калі ў мяне нешта набалела, заўсёды прыходжу і дзялюся з мужам сваімі перажываннямі, паколькі ведаю, што ён цярпліва выслухае, падтрымае. Мой Гжэсь – самы лепшы і надзейны сябар. Чарговы сакрэт нашага шчаслівага сямейнага жыцця – рабіць усё разам і дапамагаць адзін аднаму, бо сумесныя справы і згуртаванасць вельмі моцна яднаюць. Калі бацькі і дзеці ў сям’і – адно цэлае, тады яна моцная, усе цяжкасці пераносяцца лягчэй, а шчаслівыя імгненні становяцца яшчэ больш яркімі.
    10Аксана і Гжэгаж таксама падкрэсліваюць, што іх сужэнства з самага пачатку будавалася на падмурку веры ў Бога.
    – Я звярнула ўвагу на Гжэгажа яшчэ тады, калі ён іграў у парафіяльным гурце. Пазней мы разам сталі бываць у моладзевых кампаніях, і я заўважыла, што ён ніколі не брыдкасловіў, заўсёды прыстойна сябе паводзіў у адносінах да дзяўчат. Адразу было відаць каталіцкае выхаванне, – узгадвае спадарыня Аксана. – Памятаю, першы час пасля вяселля мы маліліся ўвечары кожны сам па сабе, неяк няёмка было прапанаваць адгаворваць пацеры разам. А потым перасталі саромецца і зарадзілася прыгожая традыцыя пасля пражытага дня разам станавіцца на калені перад фігурай Маці Божай, дзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі. Нават калі сварыліся, то ўвечары разам пачыналі маліцца – і ўсё дрэннае забывалася. Гэтаму навучылі таксама сваіх дзяцей. У нашай сям’і вельмі моцны давер да Пана Бога. Што б ні здарылася, якія б перажыванні не былі, першае, што робім, – молімся. Прывяду такі прыклад. Я пачала атрымліваць вышэйшую адукацыю пасля нараджэння 3-яй дачкі. Вядома, прыходзілася едзіць на сесіі. Перад тым, як пайсці на экзамен ці залік, заўсёды тэлефанавала мужу, і ён абавязкова за мяне маліўся. У тыя моманты я сапраўды адчувала і яго падтрымку, і Божую. Свет сям’і Станкевічаў трымаецца на 3-ох кітах: моцных духоўных каранях, дзецях і веры ў Бога. Спадар Гжэгаж адзначае, што сямейныя каштоўнасці яны ставяць вышэй за ўсё, а энергію і натхненне чэрпаюць ад сваіх дачок.
    – І я, і мая жонка паходзім са шматдзетных сем’яў, таму мы вельмі хацелі мець не адно дзіця. Пан Бог узнагародзіў нас 3-ма дачушкамі. Кожная з іх унікальная, таму не навязваем ім нейкія пэўныя захапленні, даём права выбару, падтрымліваем усе іх ідэі і пачынанні.
    Стараемся выхоўваць дзяўчат на ўласным прыкладзе і вельмі цешымся, што ім таксама спадарожнічае музыка, – гаворыць галава сям’і.
    Спадарыня Аксана дапаўняе, што сямейны агмень яны падтрымліваюць звычаямі і традыцыямі.
    – Дбаем пра тое, каб нашы дзеці не страцілі таго, што ў сям’і перадавалася з пакалення ў пакаленне: умелі гатаваць нацыянальныя стравы, адзначалі святы згодна з каталіцкай традыцыяй – шанавалі сваё, адным словам. Спадзяёмся, што дзяўчаткі выберуць сабе годных мужоў і, як і мы, годна і шчасліва пражывуць сваё жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.