ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Пачуць нямы крык патрабуючых

Слова рэдактара

 Кожны з вучняў Хрыста – кожны хрысціянін – пакліканы рабіць дабро. Гэта не можа быць толькі “хобі” ці “опцыя на выбар”. Міласэрнасць з’яўляецца пакліканнем, якое вынікае з прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла. Пра гэта неаднаразова прыгадвае Новы Запавет: “Будзьце міласэрнымі...” (Лк 6, 36), “Шчаслівыя міласэрныя...” (Мц 5, 7), “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” (Мц 9, 13).
   Св. сястра Фаўстына занатавала ў “Дзённіку” наступныя словы, сказаныя Езусам: “Я чакаю ад цябе ўчынкаў міласэрнасці, якія маюць вынікаць з любові да Мяне.
Ты павінна аказваць міласэрнасць бліжнім заўсёды і ўсюды, не можаш ад гэтага адхіліцца, адмовіцца ці апраўдацца” (Дз. 742). Гаворка не ідзе пра бяссэнсную дапамогу, якая ўрэшце не прыносіць ніякага добрага плёну, а часам нават знішчае дабро, што ўжо інуе. Міласэрнасць заўсёды накіроўваецца да пэўных вынікаў, на каторых будуецца Божае Валадарства.
    Праяўленне міласэрнасці па прыкладзе Езуса часта патрабуе ад нас закасання рукавоў і аказання дапамогі бліжнім, нягледзячы на тыя раны, што самі можам атрымаць. Нясенне дапамогі немагчымае без намаганняў і прысвячэння ўласнага часу, шчырай зычлівасці і цярплівай любові, таму што ўрэшце рэшт ніводныя багацці не здольны даць чалавеку супакой і бязмежную радасць.
    Дапамога, якую мы аказваем бліжнім, павінна быць пастаянным працэсам, у якім падтрымка распачынае ці працягвае дарогу змен. Дабро, якое здзяйсняем, змяняе нас саміх, узбагачае і спрыяе таму, што мы ўзрастаем у сваёй чалавечнасці. Дапамагаючы іншым, становімся лепшымі, больш дасканалымі. Бачачы ў людзях бліжніх, знішчаем сцены, што аддзяляюць нас ад акружаючых.
    Сусветны дзень бедных, які перажываем у гісторыі Паўсюднага Касцёла ў 2-гі раз, з’яўляецца заклікам, каб знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з патрабуючымі асобамі. Аднак ён ні ў якім разе не абмяжоўвае да здзяйснення дабра на карысць убогіх толькі раз на год! Наадварот, прыгадвае нам, што павінны штодня працягваць руку тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Бедныя людзі – гэта не праблема, а спосаб, які мы можам выкарыстаць, каб жыць Евангеллем.
   Дарагія Чытачы!
   Просім Пана, каб дапамог нам настроіць сваё сэрца на голас убогіх, бо толькі яно здольна пачуць нямы крык – ад болю, безнадзейнасці, ад расчаравання і смутку, ад адрачэння і роспачы. Просім Пана, каб падзяліўся з намі сваім слыхам на гэты Дзень бедных, на тыдзень, на год… назаўсёды!
    Не забываем: час уцякае, вечнасць чакае!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.