ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Адносіны з памерлымі. Удзячнасць чыстцовых душ

З жыцця Касцёла

Пытанне ўдзячнасці чыстцовых душ з’яўляецца для нас чарговай нагодай, каб пакорна стаць перад абліччам таямніцы веры аб вечным жыцці і еднасці святых. Святых? Але ж чыстцовыя душы не ў Небе? Так, аднак яны ўжо збаўленыя, хоць яшчэ не поўнасцю ачышчаныя.
З ранніх прац і сведчанняў, якія датычаць чыстца, даведваемся, што азначэнне “святыя чыстцовыя душы” ўжывалася дастаткова часта. Гэта было ясным пасылам для вернікаў: паколькі яны святыя, можна прасіць іх аб заступніцтве перад Богам за жывых. Сёння існуюць сумненні адносна гэтай ісціны, бо неаднойчы сутыкаемся з меркаваннем, што памерлыя, якія пакутуюць у чыстцы, могуць дапамагчы толькі тады, калі дзякуючы нашым малітвам трапяць у Неба. Тым часам яны ўжо з чыстца могуць падтрымліваць нас, а калі дасягнуць Неба, іх заступніцтва, бясспрэчна, будзе яшчэ больш эфектыўным. “Старанна маліся за мяне, – прыспешвала памерлая с. Габрыэла сваю жывую таварышку, – каб я хутка дасягнула мэты сваіх вялікіх жаданняў, якія так доўга мяне турбуюць! Я буду табе больш патрэбная ў Небе, чым тут” (“Рукапіс з чыстца”).

    У супольнасці святых
    Святасць – гэта не толькі нябеснае шчасце. Кожны чалавек, які жыве ў стане асвячаючай ласкі, любіць Бога і бліжніх, таксама належыць да супольнасці святых (параўн.: “Лексікон фундаментальнай тэалогіі”). Мы забываемся пра гэта, бо часта проста не ўсведамляем дадзеную праўду.
    Святасць палягае на трыванні ў Хрысце і жыцці па Яго прыкладзе. Таму кожны, хто з Езусам пераступіў парог вечнасці, памёр шчасліва. Розум, воля, усе сілы душы з гэтага моманту поўнасцю арыентуюцца на Стварыцеля і падпарадкоўваюцца Яму. Адзіная змена, якая яшчэ можа адбыцца пасля смерці, датычыць сэрца. Калі яно не было поўнасцю ачышчана, памерлы даведваецца аб гэтым у Божым святле і з удзячнасцю прымае дар агня любові Усемагутнага, у якой будзе “даспяваць” да Неба. І хоць не бачыць Пана, адчувае Яго як Таго, па кім балесна тужыць і якога прагне ўсёй сваёй істотай. Чаму тады душа памерлага не можа называцца святой? Калі можна так сказаць пра жывых, што трываюць у Божай ласцы і яшчэ могуць паддацца спакусе і скіравацца да зла, то тым больш можна сказаць пра тых, хто пасля смерці – праз пакуты ў чыстцы – імкнецца па ўмацаванай, вернай дарозе да Неба.
    У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем, што Касцёл з’яўляецца камуніяй святых, супольнасцю ў Езусе, “які памёр за ўсіх, так, што кожны ўчынак ці цярпенне ў Хрысце і для Хрыста прыносіць плён усім” (ККК, 960–961). Таму можна быць упэўненымі, што спяшаючыся з дапамогай чыстцовым душам, мы таксама зможам чэрпаць з іх эфектыўнага заступніцтва за нас (параўн.: ККК, 958).
   
    На ўзроўні веры
    Гэта адзіны бяспечны абшар, які робіць магчымым кантакт з памерлымі, церпячымі ў чыстцы. Толькі застаючыся ў коле веры, мы будзем упэўнены, што не ўваходзім у стасунак са злымі духамі, якія могуць прадставіцца душамі нашых памерлых блізкіх.
    Трываючы ў навуцы Касцёла, мы ніколі не павінны выклікаць духі памерлых (параўн.: ККК, 2116–2117). Ні ў адным са сведчанняў святых адносна камунікацыі з чыстцовымі душамі не сустрэнем такога выпадку, каб хтосьці жадаў прыходу памерлых, хацеў бачыць ці чуць іх. Ініцыятарам такога духоўнага досведу заўсёды з’яўляецца Бог, а не чалавек. Душы памерлых вернікаў знаходзяцца ў руках Пана (параўн.: Мдр 3, 1–9) і таму яны не могуць з’яўляцца па нашым жаданні.
    Калі на спірытычных сеансах жывыя бачаць кагосьці ці чуюць, гэта несумненна не могуць быць ні памерлыя, якія пакутуюць у чыстцы, ні святыя з Неба, але выключна злыя духі, гатовыя прыйсці на кожны людскі заклік. Дэманы могуць нават прыняць аблічча памерлай асобы, толькі б звесці і ашукаць чалавека.
    Таму трэба быць асцярожнымі і не эксперыментаваць у кантактах з памерлымі пры дапамозе любых тэхнік. Хрысціянская вера ўказвае правільны напрамак і спосаб адносін да жыцця пасля смерці.
    Касцёл рэкамендуе жывым, каб ахвяравалі за чыстцовыя душы малітву, пост, міласціну і адпусты. Сцвярджае таксама, што можна прасіць памерлых аб заступніцтве перад Богам у сваіх зямных справах.
    Неабходна трымацца гэтага, як штурвала, каб не збочыць з правільнага курсу і не разбіцца духоўна аб скалы акультных практык або – у самым лёгкім выпадку – не сесці на мель фальшывых уяўленняў пра вечнасць.
   
    Надзейнае абуджэнне
    Хіба самым распаўсюджаным спосабам дапамогі для памерлых, каб аддзячыць жывым за малітву ў іх інтэнцыі, з’яўляецца ранішняе абуджэнне. Яны могуць эфектыўна падняць з ложка нават самых вялікіх сонь. Некалькі гадоў таму адна журналістка падзялілася са мной сваім досведам. З-за вялікага аб’ёму працы яна вяла ненарміраваны лад жыцця. Бывала, што засынала пад раніцу, а прачыналася каля абеду. Аднойчы павінна была адправіцца ў камандзіроўку, а цягнік мела так рана, што мусіла ўстаць а 4-ай гадзіне, каб паспець на вакзал. У яе не было будзільніка, паколькі часта працавала дома, а ў выдавецтва ніколі не ездзіла раніцай, таму перажывала, ці здолее падняцца ў патрэбны час. Раптам прыгадала пачутую некалі гісторыю, што чыстцовыя душы могуць разбудзіць. Памалілася за іх перад тым, як адправіцца спаць. У пэўны момант пачула, што хтосьці кліча яе па імені. Аднак падумала, што гэта сон, і нават не расплюшчыла вочы. Тады адчула, як яе моцна пацягнулі за руку. Падскочыўшы на ногі, паглядзела на гадзіннік. Было 4.00!
    І хоць мая суразмоўца была вельмі ўдзячна душам за абуджэнне, на выпадак, калі трэба будзе зноў так рана прачынацца, купіла сабе будзільнік.
    Падобных гісторый можна апісваць вельмі шмат. Я ведаю людзей, якія давяраюцца толькі “чыстцоваму” абуджэнню. У іх жыцці малітва за памерлых і адчуванне іх апекі з’яўляецца чымсьці такім жа натуральным, як дыханне. У падобным выпадку і абуджэнне становіцца само сабой зразумелым: проста прыходзіць патрэбная гадзіна – і вочы расплюшчваюцца. Аднак абмяжоўваць удзячнасць чыстцовых душ толькі роляй своеасаблівага будзільніка было б банальна і, магчыма, многім здавалася б звычайным інфантылізмам. Таму варта паглядзець на абуджэнне ў іншым, больш глыбокім аспекце.
    Чыстцовыя душы могуць адказаць на аказанае ім дабро таксама духоўным абуджэннем. Калі хтосьці слухае сведчанні святых і містыкаў або чытае іх не толькі з цікавасці, але як духоўны справачнік, несумненна, пачынае задумвацца над сваім жыццём, над тым, ці дастаткова пакутуе за грахі, ці правільна прымае рашэнні, ці прабачае, ці клапоціцца пра будучае вечнае жыццё.
    Варта тут прывесці чарговы прыклад. Шмат гадоў таму я ездзіла ў розныя парафіі з кніжкамі пра чысцец, каб заахвочваць людзей да малітвы за памерлых. Сярод іншага закранала таксама пытанне неабходнасці клапаціцца аб сваёй вечнасці, каб не цярпець пасля смерці. Пасля св. Імшы, калі распаўсюджвала літаратуру, да мяне падышла маладая жанчына. Нічога не кажучы, яна працягнула далонь, у якой штосьці трымала. У адказ на гэты жэст я зрабіла тое самае, трымаючы сваю далонь раскрытай. Гледзячы на яе сумны твар, я чакала магчымага дару. Тады жанчына, на здзіўленне, уклала мне ў руку залаты пярсцёнак з нейкім высакародным каменем і пайшла, не сказаўшы ні слова. Я не ведала, што тое значыла, але пасля доўгіх разважанняў падумала, што гэта мог быць жэст сведчання аб абуджэнні асобы. Можа, яе ўзрушыў якісьці прыклад? Можа, прыняла рашэнне разарваць заручыны з кімсьці, хто дзеля яе пакінуў сваю жонку і дзяцей? Можа, зразумела, што няварта рызыкаваць стратай Неба для кароткачасовага зямнога шчасця?
    Не ведаю і, напэўна, ніколі не даведаюся, але дар гэтай жанчыны я завязла на Ясную Гару як вотум падзякі і папрасіла, каб Маці Божая мела яе ў сваёй асаблівай апецы. Здараецца таксама, што памерлыя непакояць сваіх блізкіх, даючы аб сабе знаць, каб пабудзіць іх выправіць сваё жыццё. Гэта можа адбывацца праз унутраны голас, які чуваць у сэрцы. Такі досвед мела пэўная жанчына, якая на працягу многіх гадоў не малілася і не прымала святыя сакраманты. Яе маці з жалем глядзела на паводзіны дачкі, молячыся і часта паўтараючы, асаблівым чынам у нядзелю: “Ідзі ў касцёл”. Безумоўна, словы маці не знаходзілі водгуку. Калі яна памерла, дачка нібы пад прымусам удзельнічала ў абрадах каталіцкага пахавання, без споведзі і без прыняцця св. Камуніі. Пасля вяртання дадому жанчына прыгадала словы занепакоенай маці: “Ідзі ў касцёл”. Каб не думаць аб гэтым, адправілася на шпацыр. Аднак, увайшоўшы ў кватэру, зноў пачула тыя самыя словы. На працягу чарговых дзён сітуацыя паўтаралася, як толькі жанчына пераступала парог дома. Думала нават, што мае псіхічную праблему. Не магла ні спаць, ні адпачываць у кватэры. Непакоячая просьба маці заглушалася толькі па-за домам. Нарэшце, у пэўную нядзелю пасля некалькіх дзясяткаў гадоў без Бога жанчына прыступіла да споведзі. Калі вярнулася дадому, ужо не чула голасу маці. Тады зразумела, што гэта не хворая псіхіка, а Божае ўздзеянне. Усемагутны дазволіў памерлай маме такім чынам схіліць дачку пакінуць грэшнае жыццё.
    Хоць, можа, рэдка да нас даходзяць сведчанні аб навяртаннях, выкліканых сутыкненнем з чыстцовымі душамі, іх існуе нямала. Некаторыя апісаны ў кнігах Марыі Сімы “Мае перажыванні з чыстцовымі душамі” і “Вызваліце нас адсюль!”; у публікацыях аб Натузе Эволе “Стыгматычка” і “Боль становіцца радасцю”. Акрамя таго, цэлы “Рукапіс з чыстца” з’яўляецца дэманстрацыяй клопату памерлай манахіні аб тым, каб прывесці да святасці сястру-таварышку. Існуе таксама шмат асоб, якія перажылі духоўнае абуджэнне ўжо праз сам факт смерці кагосьці блізкага, нават без нейкіх звышнатуральных падзей.
   
    Душы самі па сабе не дапамогуць
    Сцверджанне, што чыстцовыя душы аддзячваюць жывым, патрабуе істотнага ўдакладнення. Тым, хто аказвае чалавеку дабро, заўсёды з’яўляецца Трыадзіны Бог. Гэта ад Яго паходзяць усе ласкі, між іншым тое, што можам быць у кантакце з асобамі, якія ўжо скончылі сваё зямное пілігрымаванне. Анёлы, святыя і чыстцовыя душы могуць рабіць толькі тое, што адпавядае Божым намерам. Таму, молячыся за чыстцовыя душы і просячы адначасова аб іх умяшальніцтве, трэба памятаць, што памерлыя проста заступаюцца за нас, а дар заўсёды паходзіць ад міласэрнага Бога. Усемагутны карыстаецца ўсімі створанымі істотамі і часам выконвае чалавечыя просьбы праз памерлых, якія церпяць у чыстцы.
   Здараецца, нават дае тое, аб чым не просяць. Напрыклад, Натуза Эвола прызналася, што на беатыфікацыю а. Піо ў білакацыйнае падарожжа яе ўзялі чыстцовыя душы. Жанчына знаходзілася адначасова ў Параваці і ў Рыме (параўн.: Л. Рэгола, “Стыгматычка”). Аднак гэта адбылося не па яе просьбе. Ніколі не патрабавала ад Бога ніводнай з харызмаў ці звышнатуральных з’яў, якімі так шчодра была Ім адорана.
    Калі чытаем пра падобныя падзеі, паўстае пытанне: як так адбываецца, што чыстцовыя душы, не валодаючы целам, могуць да нас дакранацца, размаўляць з намі, перамяшчаць прадметы, уключаць святло ў кватэры, стукацца ў дзверы і г. д.? Можа, неабавязкова трэба ведаць адказ. І так урэшце павінны будзем пагадзіцца на гэтую таямніцу і толькі частковае пазнанне, паколькі “разважанні смяротных нясмелыя, і рызыкоўныя задумы нашы, бо тленнае цела прыгнятае душу, а земляны шацёр абцяжарвае поўны клопатаў розум. Мы з цяжкасцю разгадваем тое, што на зямлі, і з намаганнямі знаходзім тое, што пад рукамі; а хто ж зможа даследаваць тое, што ў нябёсах?” (Мдр 9, 14–16).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.