ГРОДНА
Чацвер,
05 снежня
2024 года
 

Дзякуем, што дапамаглі Дашы вярнуцца дадому!

З жыцця Касцёла

Каля 8-мі месяцаў працягвалася акцыя па зборы грашовых сродкаў на куплю апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх для цяжкахворай Дашы Кавалеўскай. У ёй змаглі прыняць удзел і шматлікія чытачы газеты “Слова Жыцця”. У лютым на старонках выдання быў апублікаваны артыкул, дзе гучаў заклік не заставацца раўнадушнымі да чужой бяды, а таксама падаваліся спосабы, якімі можна дапамагчы дзяўчынцы, што доўгі час знаходзіцца ў рэанімацыі Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

   Нітка да ніткі
    Кораценька нагадаем гісторыю 2-гадовай Дашы.
    У 9-месячным узросце дзяўчынцы паставілі дыягназ “спінальная аміатрафія Вердніга-Гофмана”. Хворыя, якім робяць такое медыцынскае заключэнне, маюць цяжкасці з дыханнем, смактаннем і глытаннем.
    Больш за год Даша правяла ў рэанімацыі дзіцячай бальніцы, таму што была падключана да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, які падтрымліваў яе жыццядзейнасць. Каб пакінуць сцены бальніцы, якімі абмяжоўвалася жыццё маленькай дзяўчынкі, такі апарат неабходна мець дома. Але набыць яго ў маладой сям’і магчымасці не было.
У снежні 2017 года Гродзенскі дзіцячы хоспіс распачаў акцыю па зборы сродкаў на куплю апарата пад назвай “Даша, дыхай дома”.
    Да ўдзелу запрашаліся як асобныя людзі, так і арганізацыі, прадпрыемствы, калектывы навучальных устаноў і інш. Па папярэдніх падліках, калі б толькі 5% жыхароў Гродна ахвяравалі па 2 рублі, то неабходная сума на пакупку апарата была б сабрана. Аднак на просьбу аб дапамозе адгукнуліся не толькі гараджане, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі і нават Польшчы.
 Псіхолаг, які наведвае дзяўчынку, адзначае, што Даша расце жыццярадасным дзіцём    Многія даведаліся пра гісторыю цяжкахворай дзяўчынкі са СМІ, у тым ліку і з газеты “Слова Жыцця”.
    Пасля апублікавання артыкула тэлефон у нашай рэдакцыі не сціхаў: дзясяткі нераўнадушных чытачоў прагнулі дапамагчы дзяўчынцы. Сярод адгукнуўшыхся былі і нешматслоўныя мужчыны, што хацелі ахвяраваць сур’ёзныя сумы, і чулыя жанчыны, якія апавядалі пра тое, як таксама сутыкнуліся ў жыцці з няшчасцем і адчулі ў свой час плячо падтрымкі. Кожны званок у рэдакцыі быў аднолькава чаканы і важны. Усе разам разумелі, што крок за крокам набліжаемся да мэты, якая палягала на тым, каб вярнуць Дашу дадому, да бацькоў.
   
Ахвяраванні на куплю апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх для Дашы Кавалеўскай паступалі падчас шматлікіх дабрачынных мерапрыемстваў, пасродкам прамога залічэння на рахунак Гродзенскага дзіцячага хоспіса або праз тэлефонны званок ці адпраўку СМС. Усяго падчас маштабнай акцыі пад назвай “Даша, дыхай дома” было сабрана 15 919.47 бел. рублёў.

    У канцы мая збор сродкаў быў спынены. Стала вядома, што ў хуткім часе апарат будзе куплены і пасля яго дыягностыкі дзяўчынка зможа трапіць дадому.
   
    Атрымалася!
    У жніўні апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх для Дашы быў набыты і прывезены ў Гродзенскі дзіцячы хоспіс. З гэтай нагоды ў будынку хоспіса прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якое былі запрошаны бацькі дзяўчынкі, прадстаўнікі СМІ і арганізацый, якія прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Мама не стрымлівала слёз удзячнасці і – адначасова цяжка і нібы з палёгкай – змагла прамовіць перад прысутнымі толькі простае “дзякуй”. Але колькі ў адным гэтым слове!
    Сёння Даша, якая большую частку свайго жыцця правяла ў бальніцы, не хоча яе пакідаць. “Калі гаворым дачцэ, што хутка паедзем дадому, яна адмоўна ківае галавой. За гэты час Даша папросту забылася, што значыць родныя сцены”, – з горыччу дзеляцца бацькі.
  З дапамогай Консульства Польшчы ў Гродне дзіцячы хоспіс атрымаў падтрымку з-за мяжы  Трэба зазначыць, што Даша, пра якую памятаем з лютаўскага нумара, зрабіла вялікія крокі ў сваім развіцці. “Першапачаткова яна нават не магла падняць рукі, сціснуць пальцы, – распавядае псіхолаг Гродзенскага дзіцячага хоспіса Марыя Бразінская. – Мы разам малявалі, я вадзіла яе руку. Аднойчы, калі дзяўчынка спала, я выйшла да другога дзіцяці. Праз некаторы час вярнулася, стала ля шкляных дзвярэй рэанімацыі і ўбачыла, як Даша адкрыла вочы, заўважыла мяне і памахала рукой. Гэта быў такі прагрэс і такая радасць для ўсіх нас! Даша, якая была такой слабенькай, змагла падняць руку і памахаць. Цяпер яна самастойна трымае пэндзаль. Па-ранейшаму вельмі любіць маляваць. Упадабаныя колеры – чырвоны і жоўты. Ёй яшчэ цяжка гаварыць з-за трахеастомы (штучнае дыхальнае горла, або спецыяльная трубка, якая хірургічным метадам змяшчаецца ў трахею – заўв. аўт.), але дзяўчынка ўсё разумее і імкнецца паказаць гэта сваім выглядам: настроем, жэстамі, мімікай”.
    Як заўважае дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка, “калі пацыент на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзіцца дома, гэта непараўнальная якасць жыцця”. Як кажуць, дома і сцены лечаць. Ёсць надзея, што Даша дома адаптуецца, адчуе сябе лягчэй і ўжо не будзе мець пастаяннай неабходнасці ў тым, каб быць падключанай да апарата.
    Такія прагнозы робяцца на падставе падобнай гісторыі, якая здарылася з Машай Кара. Пасля таго, як дзяўчынка трапіла з бальніцы дадому, яе стан значна палепшыўся. Сёння патрэба ў падключэнні яе да апарата абмяжоўваецца некалькімі гадзінамі.
   
На дадзены момант у Гродне 2 дзіцяці знаходзяцца дома на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Хутка гэта лічба павялічыцца з-за таго, што дадому адправіцца Даша Кавалеўская.

    Дырэктар Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка адзначае, што яны не сумняваліся ў паспяховасці акцыі. Ужо не першы раз праводзяць падобныя дабрачынныя мерапрыемствы: “Мы ўвесь час замахваліся на тое, на што ў нас не было грошай. Дзякуючы людзям добрай волі ўсё заўсёды атрымліваецца”.
    Грашовыя сродкі, што засталіся ад пакупкі апарата, перададзены сям’і на далейшую рэабілітацыю дзяўчынкі. Апарат ужо сёння тэсціруюць у бальніцы. Пасля таго, як бацькі навучацца ім карыстацца, яго ўсталююць дома. Такім чынам, дзіцячая мара спраўдзіцца і сям’я зноў з’яднаецца.
   
У лістападзе Дашы споўніцца 3 гады. Гэта будзе першы Дзень нараджэння, які дзяўчынка адсвяткуе дома, з бацькамі. І я хачу, каб Ты ведаў, Чытач, што ў гэтым і Твая вялікая заслуга, таму што адгукнуўся сэрцам і не змог раўнадушна прайсці міма чужой бяды. Дзякуючы такім людзям, як Ты, свет становіцца крышачку лепшым.
    Няхай Бог аддзячыць кожнаму з Вас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  27

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.