ГРОДНА
Чацвер,
22 лютага
2024 года
 

Як перажыць канікулы па-каталіцку

Дзіцячы куточак

Ліпень і жнівень – гэта месяцы, калі ў навучэнцаў канікулы, а тыя, хто працуе, ахвотна накіроўваюцца ў водпуск. Аднак, як сведчыць старая польская прымаўка, няма канікул у школе жыцця. Не бывае таксама адпачынку ад Пана Бога, які чакае сустрэчы ў Эўхарыстыі, у сакраманце пакаяння і паяднання, у малітве, ва ўдзячнасці за прыгажосць створанага свету. Дык як пражыць водпуск, каб ён не паўплываў негатыўна на духоўнае жыццё?
Неразумна ўзмацняць сваё цела, але занядбаць душу. Нярэдка летам фізічная актыўнасць дасягае зеніту, а духоўная спадае да нуля. Найлепшым спосабам, каб аднавіць духоўны стан, з’яўляецца малітва і размова з Панам Богам. Аднак гаворка ідзе не пра павелічэнне малітоўных пунктаў дня, а пра сустрэчу з Усемагутным, перажываемую ў цішыні сэрца, у засяроджанні, на ўлонні прыроды. Штодзённа можна знайсці некалькі хвілін на духоўную сустрэчу з Богам і малітву.
Важней за ўсё не тое, дзе правядзём канікулы, але як. Куды б мы не скіраваліся, усюды можам знайсці Езуса. Дастаткова толькі захацець. Ён будзе прамаўляць у шуме мора і прыгажосці гор, у цішыні манументальных катэдраў і маленькіх касцёлаў. Будзе прыходзіць падчас Эўхарыстыі і ў іншым чалавеку.
    Варта памятаць пра нядзельную св. Імшу. Яна павінна быць “сэрцам кожнай нядзелі”, таксама і ў водпуску. У эру паўсюднага доступу да інтэрнэту не так ужо і цяжка знайсці касцёл побач і паглядзець, а якой гадзіне там адпраўляецца св. Імша, паколькі нядзельная Эўхарыстыя абавязковая для кожнага католіка на працягу ўсяго года. Калі ўдзел у св. Імшы сапраўды немагчымы, варта выкарыстаць сучасныя сродкі перадачы інфармацыі і дзякуючы інтэрнэту ці радыё далучыцца да цэлебрацыі літургіі духоўна.
    Летні адпачынак – нагода, каб умацаваць сувязі з Богам. Адны выбіраюць рэкалекцыі, іншыя – пілігрымку, яшчэ хтосьці наведвае санктуарый. На канікулах варта таксама забраніраваць больш часу для духоўнага чытання. На самой справе біяграфія святога можа аказацца больш захапляльнай, чым прыгодніцкі раман ці дэтэктыў.
    Не трэба саромецца публічна даваць сведчанне сваёй веры. Тады, магчыма, тыя асобы, якія не маюць нічога агульнага з Касцёлам, убачаць, што ўсё ж варта жыць з Богам.
    Варта зрабіць сабе канікулы ад тэлебачання і сацыяльных сетак. Спачатку не будзе лёгка, аднак праз некалькі дзён бясспрэчна адчуем сапраўдную свабоду. Замест таго, каб гадзінамі размаўляць са знаёмымі па тэлефоне, можна сустрэцца з імі ў рэальным свеце. Адбудуйма сямейныя і сяброўскія сувязі. Размова твар у твар з тымі, каго не бачылі ўжо доўгі час, абавязкова прынясе шмат радасці.
Канікулы для многіх з’яўляюцца праверкай веры і перакананняў. Трэба таксама прызнацца, што лета робіць наш дух больш лянівым. Кожны тады хоча мець т. зв. “святы супакой”, часта перастае быць успрымальным да пагроз і спакусы, перастае патрабаваць ад сябе, вызваляецца ад адказнасці і настроены выключна на чэрпанне прыемнасцей. Чалавек лягчэй і хутчэй адмаўляецца ад усяго, што спалучана з прыкладваннем намаганняў. Тлумачым і апраўдваем сябе тым, што “цяпер жа канікулы, а пасля іх усё вернецца ў норму”.
    Даваць сабе льготны тарыф у справах веры, адсоўваць Бога на другі план і разбураць з Ім сувязі, якія будаваліся цэлы год, небяспечна. Адпачынак павінен быць мудрым – такім, каб падчас яго заўсёды ўдавалася штосьці атрымаць, а ні ў якім разе не страціць, каб стаць мацнейшым, а не больш змучаным.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  314

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.