ГРОДНА
Субота,
25 мая
2024 года
 

400-годдзе касцёла і кляштара адзначылі ў Гальшанах

З жыцця Касцёла

Святочнае набажэнства з нагоды юбілею ўзвядзення каталіцкай святыні і кляштара айцоў францысканцаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
    На ўрачыстасці, якая адбылася напярэдадні свята Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, сабраліся шматлікія госці: святары, манаскія сёстры, прадстаўнікі свецкай улады, парафіяне і вернікі з суседніх мясцовасцей.
Напачатку прысутныя мелі магчымасць здзейсніць экскурс у мінулае, даведацца, як паўставала святыня і кляштар. Гістарычнае паведамленне з прэзентацыяй падрыхтавала Вікторыя Янушкевіч. Валянціна Лабуніна паказала жыццё касцёла праз аб’ектыў фотаапарата. Яе аўтарская выстава, арганізаваная з дапамогай мясцовай школы, разгарнулася пры святыні.
Падчас асвячэння  памятнага крыжаСабраныя ўспомнілі тых, хто ўнёс уклад у духоўнае жыццё парафіі: фундатара касцёла і кляштара Паўла Стэфана Сапегу – стайніка ВКЛ і ашмянскага старасту, а пазней літоўскага падканцлера. Будучы ўладальнікам мясцовага замка, Сапега запрасіў у Гальшаны айцоў францысканцаў, для патрэб якіх узвёў велічны касцёл і заснаваў кляштар.
    Надзвычай карысная дзейнасць айцоў у Гальшанах упісалася залатымі літарамі не толькі ў гісторыю Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных, але і ў гісторыю Каталіцкага Касцёла на гэтых землях. І хоць пасля ліквідацыі кляштара царскімі ўладамі ў 1832 годзе францысканцы мусілі надоўга пакінуць Гальшаны, у 1990 годзе духоўныя сыны св. Францішка вярнуліся да сваёй гістарычнай калыскі. Ім давялося прыняць сур’ёзны выклік аднаўлення знішчанай святыні і адраджэння рэлігійнага жыцця ў парафіі пасля шматгадовай адсутнасці святара.
    Падчас св. Імшы, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч, вернікі дзякавалі Пану Богу за айца пробашча і ўсіх святароў – яго папярэднікаў, якія з вялікай руплівасцю і самапрысвячэннем спаўнялі тут, у Гальшанах, душпастырскае служэнне, спалучаючы цэлебрацыю святых сакрамантаў і клопат пра духоўнае дабро парафіян са справай вяртання годнага выгляду гэтай цудоўнай святыні. Маліліся таксама за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, якія шмат гадоў рознымі спосабамі, але заўсёды з вялікай ахвярнасцю і сапраўдным клопатам прыходзяць са шчодрай і бескарыслівай дапамогай парафіяльнай супольнасці ў справе рамонту і захавання касцёла і кляштарнага комплекса.
 Важным момантам урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол касцёла   У гаміліі біскуп Аляксандр узгадаў постаць св. Яна Хрысціцеля, культ якога жыве на гэтых землях на працягу многіх гадоў і якога продкі сённяшніх гальшанскіх парафіян абралі сваім асаблівым апекуном.
    Пасля Эўхарыстыі вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і кляштара. Пробашч а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv падзякаваў прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці, а таксама павіншаваў з імянінамі ўсіх, хто носіць імя Ян. Затым усе сабраліся перад уваходам у святыню, дзе ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі асвяціў памятны крыж і юбілейную табліцу да 400-годдзя касцёла і кляштара.
    Свята прадоўжылася тэатралізаванай пастаноўкай, падрыхтаванай работнікамі мясцовага аддзела культуры. Затым з канцэртнай праграмай перад удзельнікамі ўрачыстасці выступіў узорны інструментальны ансамбль Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў “Мелодыка”, гурты “Talitha cum” з Віцебска і “MFTau” з Гродна.
   
◆ Святыня ў стылі барока прадстаўляе сабой каменную трохнефавую бяскупальную базіліку. Першапачаткова мела 2 вежы, сучасны (бязвежавы) выгляд касцёл набыў пасля перабудовы ў 1774 годзе. Асаблівую мастацкую каштоўнасць мае алтар. Роспісы на плоскай алтарнай сцяне выкананы ў тэхніцы галаграмы, што стварае ілюзію аб’ёму. Роспісы ў алтарнай частцы з’явіліся ў канцы XVIII стагоддзя па замове гвардыяна а. Казіміра Храпавіцкага. У касцёле знаходзілася 6 бакавых алтароў: Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай, св. Францішка Асізскага, св. Антонія Падуанскага, св. Юзафа Купертынскага, св. Ганны і св. Юды Тадэвуша.
◆ Кляштар у Гальшанах быў скасаваны ў 1832 годзе. У той час там знаходзіліся 5 манахаў. Для працы ў касцёле ўлады дазволілі пакінуць аднаго – а. Антонія Кавалеўскага. Ён працаваў у Гальшанах 10 гадоў. Пасля яго змяніў а. Францішак Унгурэвіч. Ад 1848 года Гальшаны больш чым на паўтара стагоддзя засталіся без духоўнай паслугі айцоў францысканцаў.
◆ Пры кляштары ў Гальшанах існаваў адзін з самых старажытных шпіталяў, фундуш на які быў нададзены яшчэ Паўлам Сапегам. Для шпіталя быў вызначаны асобны драўляны будынак непадалёк ад кляштара. У розныя часы там знаходзілася да 10-ці чалавек.
◆ У савецкі перыяд у будынку кляштара ў розны час дзейнічалі Дзіцячы дом і школа-інтэрнат.
◆ Францысканцы вярнуліся ў мястэчка ў 90-х гадах ХХ стагоддзя, калі на хвалі агульнага адраджэння рэлігійнага жыцця будынкі касцёла і кляштара былі вернуты касцёлу. Сёння кляштар цалкам перададзены ва ўласнасць айцоў францысканцаў.
◆ У гальшанскім касцёле знаходзіцца ўнікальны абраз св. Казіміра. Адметнасць яму надае задні фон, на якім адлюстраваны віленскі пейзаж канца XVIII стагоддзя, дакладней, месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю святога: катэдральны касцёл св. Станіслава, Верхні і Ніжні замкі. Касцёл св. Станіслава быў капітальна перабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, і на абразе можна ўбачыць новы воблік святыні. Таксама варта звярнуць увагу на капліцу св. Казіміра, што знаходзіцца з правага боку задняй часткі касцёла. Медны купал італьянскага ўзору пераліваецца на сонцы бронзавым колерам. Адразу за касцёлам знаходзіцца Ніжні замак (рэзідэнцыя Вялікіх князёў літоўскіх), будынак якога быў разабраны ў пачатку XIХ стагоддзя расійскімі ўладамі. Гэта адна з нешматлікіх захаваных да нашага часу арыгінальных выяў замка. На ўзвышшы за Ніжнім замкам – Верхні замак, прадстаўлены з незвычайнага ракурсу.
◆ З кляштарам у Гальшанах звязана адна з самых старых і знакамітых легенд мястэчка – легенда аб Белай Даме. Прыкладна 400 гадоў назад у Гальшанах будавалі кляштар. Перад пачаткам працы святары асвяцілі месца, а праз некалькі дзён павольна стала ўзвышацца сцяна. Але наступнай раніцай працаўнікі прыйшлі на будоўлю і ўбачылі замест сцяны гару цэглы. Прыйшлося работу пачынаць нанова. Назаўтра сцяна зноў абвалілася. У будаўнікоў нічога не выходзіла, і яны вырашылі, што трэба прынесці ахвяру. Пастанавілі, што першая жонка, якая прынясе абед свайму мужу на будоўлю, будзе замуравана ў сцяну. Пачуўшы гэта, захваляваўся малады цясляр. Стаў маліць Бога, каб толькі не яго нарачоная прыйшла першай. Але ахвярай стала менавіта яна. Маладую жанчыну замуравалі ў сцяну. З таго часу сцяна не абвальвалася. Цікава, што легенда мела прамое пацвярджэнне: падчас рэстаўрацыйных прац у кляштары некалькі рабочых расчышчалі падзямелле і за кладкай у сцяне знайшлі рэшткі шкілета жанчыны. Косці пахавалі ў зямлі, а душу замураванай не адпелі ў храме. У хуткім часе рабочыя памерлі, а па сцяне, як і шмат гадоў назад, пайшла глыбокая расколіна. Гавораць, з таго часу па калідорах блукае неспакойная душа маладой жанчыны.
◆ У кляштары з 1989 года размяшчаўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Праз некаторы час з-за аварыйнага стану будынка яго зачынілі.
◆ На браме-званіцы касцёла св. Яна Хрысціцеля знаходзяцца 3 званы. Большы звон мае надпіс “Moje imię Maryja” (“Маё імя Марыя”). Ён быў адліты братамі Фельчынскімі ў 1930 годзе ў г. Пшэмысль (Польшча). 2-гі звон адліты ў 1930 годзе на сродкі парафіян і пробашча кс. Яна Матулевіча. На ім месціцца надпіс: “Святы Ян Хрысціцель, будзь апекуном парафіі Гальшанскай і ксяндза пробашча”. Цікавасць прадстаўляе 3-ці звон з выявай “Хрышчэнне Езуса”. Адліты ён быў у 1854 годзе. Перажыў бурлівае XX стагоддзе і на сённяшні дзень з’яўляецца адным з самых старэйшых званоў у Ашмянскім раёне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  221

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.