ГРОДНА
Серада,
19 лютага 2025 года |
400-годдзе касцёла і кляштара адзначылі ў Гальшанах

На ўрачыстасці, якая адбылася напярэдадні свята Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, сабраліся шматлікія госці: святары, манаскія сёстры, прадстаўнікі свецкай улады, парафіяне і вернікі з суседніх мясцовасцей.
Напачатку прысутныя мелі магчымасць здзейсніць экскурс у мінулае, даведацца, як паўставала святыня і кляштар. Гістарычнае паведамленне з прэзентацыяй падрыхтавала Вікторыя Янушкевіч. Валянціна Лабуніна паказала жыццё касцёла праз аб’ектыў фотаапарата. Яе аўтарская выстава, арганізаваная з дапамогай мясцовай школы, разгарнулася пры святыні. †

Надзвычай карысная дзейнасць айцоў у Гальшанах упісалася залатымі літарамі не толькі ў гісторыю Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных, але і ў гісторыю Каталіцкага Касцёла на гэтых землях. І хоць пасля ліквідацыі кляштара царскімі ўладамі ў 1832 годзе францысканцы мусілі надоўга пакінуць Гальшаны, у 1990 годзе духоўныя сыны св. Францішка вярнуліся да сваёй гістарычнай калыскі. Ім давялося прыняць сур’ёзны выклік аднаўлення знішчанай святыні і адраджэння рэлігійнага жыцця ў парафіі пасля шматгадовай адсутнасці святара.
Падчас св. Імшы, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч, вернікі дзякавалі Пану Богу за айца пробашча і ўсіх святароў – яго папярэднікаў, якія з вялікай руплівасцю і самапрысвячэннем спаўнялі тут, у Гальшанах, душпастырскае служэнне, спалучаючы цэлебрацыю святых сакрамантаў і клопат пра духоўнае дабро парафіян са справай вяртання годнага выгляду гэтай цудоўнай святыні. Маліліся таксама за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, якія шмат гадоў рознымі спосабамі, але заўсёды з вялікай ахвярнасцю і сапраўдным клопатам прыходзяць са шчодрай і бескарыслівай дапамогай парафіяльнай супольнасці ў справе рамонту і захавання касцёла і кляштарнага комплекса.

Пасля Эўхарыстыі вернікі прайшлі ў працэсіі вакол касцёла і кляштара. Пробашч а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv падзякаваў прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці, а таксама павіншаваў з імянінамі ўсіх, хто носіць імя Ян. Затым усе сабраліся перад уваходам у святыню, дзе ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі асвяціў памятны крыж і юбілейную табліцу да 400-годдзя касцёла і кляштара.
Свята прадоўжылася тэатралізаванай пастаноўкай, падрыхтаванай работнікамі мясцовага аддзела культуры. Затым з канцэртнай праграмай перад удзельнікамі ўрачыстасці выступіў узорны інструментальны ансамбль Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў “Мелодыка”, гурты “Talitha cum” з Віцебска і “MFTau” з Гродна.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 316 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.