ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

“Шануй бацьку свайго і маці сваю”. Разважаючы над 4-ай запаведдзю

На шляху да святасці

Неідэальныя
    Неяк натрапіла ў інтэрнэце на канферэнцыю польскага дамініканца а. Адама Шустака на тэму 4-ай запаведзі. Ведаеце, фенаменальнае разважанне. Пасля праслухоўвання ўбачыла за вядомай з дзяцінства фармулёўкай не абавязак бяздумна кахаць сваіх бацькоў, а рэальную ацэнку ўзаемаадносін паміж дзецьмі і татам з мамай. Элемент, якога мне вельмі не хапала ў разуменні гэтай запаведзі.
    Чаму так важна ўсведамляць, што Бог нам не наказвае беспярэчна кахаць сваіх бацькоў? А таму, што яны ў нас неідэальныя. Кагосьці выхоўвалі ў любові, з мінімумам памылак, кагосьці – менш удала. Іншых кахалі няўдала, наносячы балючыя раны, пакідаючы ў сэрцы дзюры. Каб зразумець паводзіны нашых бацькоў і прабачыць ім, патрэбна ўнутраная свабода, якая вынікае, між іншым, са ўсведамлення таго, што мець абгрунтаваныя прэтэнзіі да таты і мамы – гэта нармальна (ненармальна засяроджвацца на іх і не ісці ў бок прабачэння).

   Кахаем, як умеем
    Рызыкну сцвердзіць, што большасць з нас – і маладых, і сталейшых – як каменне, носіць у сабе непрабачаныя крыўды з дзяцінства. З камянямі ісці нязручна, цяжка: не падбяжыш, каб хутчэй дабрацца да мэты, не падскочыш ад радасці, у пары з кімсьці таксама крочыць не вельмі зручна, бо запавольваеш хаду, а гэта цяжар для абодвух. Так і з крыўдамі: незалежна ад таго, усведамляем мы іх ці не, яны ўплываюць на наша штодзённае жыццё. Чалавек не проста так баіцца браць адказнасць за свае выбары, не проста так не любіць сябе, не проста так шукае пацвярджэнне сваёй вартасці ў позірках мужчын, не проста так не можа спыніцца на адносінах з адной жанчынай, не проста так не спраўляецца з пастаянным пераяданнем, не проста так крыўдзіць слабейшых і г. д. Сябе і іншых мы любім, як умеем, так, як нас любілі ў сям’і і як мы самі навучыліся. (Зрэшты, гэта адносіцца і да нашых бацькоў.)
   
    “Шануй” – значыць “трывай”
    Вяртаючыся да канферэнцыі, адзначу, што ў ёй манах распавядае пра дакладнае значэнне выразу “шануй” у словах запаведзі. У перакладзе з габрэйскай мовы ён азначае штосьці цяжкае, тое, што складана пераносіць, што прыціскае да зямлі. “Шанаваць” у запаведзі азначае не аддаваць хвалу, а трываць. Бог нібы кажа: “Трывай, калі гэта вельмі складана, не адварочвайся”. Дзякуючы гэтым словам я асэнсавала, што Стварыцель блізкі нашым праблемам, усведамляе іх існаванне, бачыць нашу крыўду і разумее сітуацыю, у якой знаходзімся. І гэта наступны вельмі важны момант для ўспрыняцця слоў 4-ай запаведзі і для прабачэння.
    Што значыць трываць, калі маем цяжкасці ў адносінах з татам і мамай? Гэта значыць адважыцца іх кахаць, бо ў чым сэнс любові, калі не ў тым, каб кахаць “цяжкіх” для нас людзей. І гэта не значыць, што мы не павінны называць, як ёсць, нашыя з бацькамі ўзаемаадносіны альбо іх адсутнасць. Пан дасканала ведае, што любіць тых, хто знаходзіцца найбліжэй да нас, хто побач усё жыццё, вельмі цяжка. Таму дае нам такую запаведзь, каб мы адважыліся не адкідваць гэтага. І нават калі вельмі складана і акалічнасці такія, што трэба збудаваць пэўную дыстанцыю, нельга кідаць, бо Ён нас стварыў і даў здольнасць менавіта так кахаць. Мы маем гэтае каханне ў сабе.
P.S. Варта памятаць, што ў цяжкіх адносінах ці то з бацькамі, ці то з сябрамі, у нейкіх складаных сітуацыях на працы ці ў асабістым жыцці мы не пакінуты самі сабе. Бог, як добры псіхолаг (найлепшы), як блізкі сябар (найбліжэйшы), як хтосьці, каго вельмі цэнім, літаральна кажучы, знаходзіцца побач.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.