ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Быць клапатлівым і ўважлівым татам

З жыцця Касцёла

У першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень бацькі, калі ва ўсіх святынях моляцца за жывых і памерлых татаў. Кожны бацька з’яўляецца стаўпом сям’і. Неабходна, каб ён быў блізкі да жонкі, каб раздзяляў з ёй усё: радасці і пакуты, цяжкасці і надзеі. А яшчэ, каб спадарожнічаў дзецям у іх сталенні: калі яны разгубленыя і заклапочаныя, калі гуляюць і працуюць, выказваюцца і маўчаць, храбрацца і пужаюцца, робяць памылковыя крокі і вяртаюцца на правільны шлях.
Як бацькоўства змяняе жыццё мужчыны? У чым заключаецца роля бацькі і мужа ў сям’і? Што значыць быць сапраўды добрым татам? – пытаемся ў мужчын, якія з’яўляюцца апорай для сваіх жонак і дзяцей.
Арцём Ткачук
    Яшчэ да нараджэння дзіцяці мне трапіла на вочы такое выказванне: “Няма сэнсу выхоўваць дзяцей. Яны ўсё роўна вырастуць такімі ж, як ты. Выхоўвай сябе”. Гэтыя словы вельмі мяне ўразілі і вось ужо на працягу некалькіх гадоў застаюцца ў памяці. Я імкнуся любіць Бога, размаўляць з Ім, быць верным мужам, выконваць запаведзі – у гэтым, лічу, і заключаецца мая галоўная роля. Такім павінен быць добры муж, бацька і сын.
    Пасля нараджэння дачкі я толькі ўпэўніўся ў вышэйсказаным. Дзіця глядзіць, як я жыву, як стаўлюся да жонкі, іншых людзей, яно капіруе мае словы, эмоцыі, звычкі. Калі я стаў бацькам, то лепш зразумеў Божую любоў. Асэнсаваў, што значыць любіць проста так, без умоў, адчуў, што гатовы прабачыць свайму дзіцяці ўсё на свеце. Але гэтая любоў абмежаваная – накіравана толькі на дзіця, а вось каб такім жа чынам палюбіць бліжніх… А Бог жа іменна такі.
    Я мару, каб мае дзеці, калі вырастуць і зразумеюць шмат чаго ў жыцці, не сказалі пра мяне: “мой тата двулічны”, “тата не шануе маму”, “тата дрэнны”. Хацелася б здаць гэты самы галоўны экзамен перад дзецьмі – ніколі не страціць аўтэнтычнасці. Мару, каб Слова ўцелавілася ўва мне, каб людзі глядзелі на маё жыццё і пыталіся пра Бога. На жаль, пакуль не пытаюцца, але я не здаюся!
   
    Уладзімір Крупенка
    Мне зараз вельмі блізкі вобраз мужа і бацькі, як “галавы цела”. Муж у сям’і галоўны, але ў той жа час, як галава не можа існаваць без цела, так і муж не зможа доўга праіснаваць без жонкі і дзяцей. І тут не ідзе гаворка пра тое, што калі жонка паедзе да мамы, то муж адразу прападзе. Справа ў тым, што добрыя адносіны ў сужэнстве ўзбагачаюць: духоўна, эмацыйна і нават фізічна. Сямейнае жыццё вучыць любіць па-сапраўднаму. Днём атрымліваеш гэтыя веды, а ўвечары здаеш іспыт.
    Часта ў паўсядзённым жыцці даводзіцца сутыкацца з цяжкімі пытаннямі і заданнямі, ад якіх пачынае “балець галава”. Але зараз, пасля 2-ух гадоў сужэнскага жыцця, такіх момантаў стала ў некалькі разоў менш.
    Бо цяпер я не адзін. Змагацца прасцей.
    Як змянілася маё жыццё са з’яўленнем дзіцяці? Стала цікавей і складаней.
    У адносінах моцна нічога не перамянілася, стала толькі больш момантаў, калі любіць трэба не толькі з радасцю, але і з вялікай стомаю. А цікава тое, што Бог паклікаў быць сведкам цуду станаўлення чалавека чалавекам, што для чагосьці прыдумаў гэтыя 6 першых гадоў жыцця, калі дзеці асабліва патрабуць бацькоў. І для мяне пакуль застаецца вялікім пытаннем, каму гэты час прыносіць больш карысці: дзіцяці ці бацькам.
    Роля мужа ў сям’і – любіць. Любіць пры розных абставінах і па-рознаму. Добры бацька – гэта той, хто любіць сваю жонку. Я заўважаю, як цешыцца наша дачка, калі бачыць праявы нашай любові адзін да аднаго. Падаецца, што больш нічога і не трэба. Але яшчэ прашу ў Бога, каб, калі прыйдзе момант і трэба будзе перапрасіць у дзіцяці, зрабіць гэта адважна і хутка.
   
    Андрэй Грышын
    Кожны мужчына нясе адказнасць за сваю жонку і дзяцей. Не сакрэт, што ў сям’і часам здараюцца складаныя сітуацыі, бо не бывае, каб усё жыццё прайшло роўна і гладка. Гэта і хваробы дзяцей, і фінансавыя цяжкасці, і непаразуменні паміж сужонкамі. Яны загартоўваюць і выпрабоўваюць сям’ю на трываласць.
    Добры бацька-хрысціянін ніколі не будзе ўцякаць ад цяжкасцей і бытавых праблем у гараж ці да сяброў, заглушаць клопаты алкаголем. Наадварот, ён будзе заступнікам і абаронцам сям’і, не будзе цурацца сваіх абавязкаў, падтрымае блізкіх не толькі добрым словам, але і ўчынкамі. Тады дзеці і жонка будуць упэўнены ў тым, што побач знаходзіцца любячы муж і тата, які ніколі не пакіне, не здрадзіць.
    Маю траіх дзяцей і стараюся знаходзіць час для кожнага з іх. Не толькі, каб пагуляць, але каб спакойна пагаварыць, нешта абмеркаваць, вырашыць іх “дзіцячыя” справы і пытанні. Таксама лічу вельмі важным, што нашай сям’і ўдалося закласці ўласныя традыцыі: кожны вечар мы ўсе разам молімся і дзякуем Богу за пражыты дзень, за ўсе атрыманыя ласкі; cа старэйшым сынам спавядаемся кожную першую пятніцу месяца.
    Я з’яўляюся ўдзельнікам групы “Мужчыны св. Юзафа” – гэта суполка католікаў, якія хочуць дасягнуць у сваім духоўным развіцці большага. Дзякуючы ёй я ўзмацняю свой хрысціянскі стрыжань, што, спадзяюся, дапаможа мне выгадаваць дзяцей як шчырых вернікаў. І зрабіць гэта не прымусам, а сваім жыццёвым прыкладам.
   
    Чэслаў Жых
    Сямейнае жыццё – гэта своеасаблівы пасьянс. Пазбегнуць памылак не атрымаецца, бо, як кажуць, “без паражэння не будзе перамогі”. Муж – ледзь не галоўная палова пасьянса. І калі мужчына гэта зразумее, калі будзе верыць у Пана Бога, захоўваць традыцыі, будзе мець прыклад бацькоў, то ёсць надзея, што сям’я вытрымае сваю місію тут, на зямлі. Бацька з’яўляецца прыкладам. Добрым ці благім – залежыць ад яго. І не важна, строгі ён ці не, у камандзіроўках увесь час ці дома, бацька павінен памятаць, што дзеці глядзяць на яго, слухаюць. На маю думку, быць добрым татам – значыць быць цярплівым, справядлівым, мець надзею і веру ў сваіх дзяцей. Падобна як Айцец Нябесны, які любіць нас бязмежна, але потым кожнага будзе судзіць справядліва.
    Якія парады я магу даць сённяшняму пакаленню маладых татаў? Шануйце сваіх бацькоў, бо ад гэтага залежыць, як потым будуць Вас шанаваць Вашы дзеці. Захоўвайце традыцыі, якія панавалі ў Вашай сям’і, каб не губляліся, а перадаваліся далей. Знаходзьце час на тое, каб выслухаць сваіх дзяцей, зразумець іх. Бо, калі Вы іх не пачуеце, яны пойдуць да кагосьці іншага ці закрыюцца ў сабе, і сувязь паміж Вамі парушыцца. Маліцеся за сваіх дзяцей кожны дзень.
   
    Юрый Санько
    Галоўная роля добрага бацькі – навучыць сваіх дзяцей пазнаваць і любіць Пана Бога ў Святой Тройцы, навучыць давяраць Усявышняму і паказаць, што з Богам мы можам пераадолець любыя цяжкасці ў сваім жыцці.
    Я ўпэўнены, што сапраўды добры муж і тата – гэта той мужчына, які не толькі словамі, але, найперш, паводзінамі паказвае сваю любоў да жонкі і дэманструе павагу да іншых людзей. Ён аддае свой вольны час сям’і. Добры бацька вучыць сваіх дзяцей мужнасці, адказнасці за свае ўчынкі. Ён заўсёды гатовы выслухаць, раздзяліць з дзецьмі іх радасці ці перажыванні.
    Сапраўдны мужчына павінен быць абаронцам сваёй сям’і, а таксама слабых і тых, хто не можа за сябе пастаяць. Таму для мяне вельмі важна праблема абароны жыцця. Яно з’яўляецца Божым дарам, што можа быць важнейшым за яго? Мы, мужчыны, нясём адказнасць за новае жыццё. Некалі ўсе мы сустрэнемся з нашым Стварыцелем, Панам Богам, і Ён, напэўна, спытае, як мы любілі не толькі сваіх блізкіх, але і іншых людзей, што зрабілі дзеля аховы пачатых дзяцей – самых слабых і безабаронных.
   
Малітва за бацькаў
    Блаславі, Божа, усіх бацькаў: і маладых, і старых.
    Блаславі маладога бацьку, які ўпершыню трымае сваё дзіця на руках. Дай яму сілы, каб мог задаволіць патрэбы дзіцяці, але ў першую чаргу дай яму любоў, каб мог ёй напоўніць галоднае сэрца немаўляці. Дай час і жаданне, каб стаў сябрам для свайго дзіцяці. Дай мудрасць, цярплівасць, справядлівасць у выхаванні. Учыні яго героем у вачах дзіцяці. Такім чынам слова “бацька” заўсёды будзе ў яго атаясамлівацца з чалавекам правым, які можа ўсё.
    Божа, блаславі таксама бацькаў старэйшых дзяцей, якія – на іх думку – не спраўдзілі бацькоўскіх надзей. Татаў, стомленых працай для сваіх дзяцей, якім тыя здаюцца бяздумнымі, няўдзячнымі, крытычнымі, бунтаўнікамі. Блаславі гэтых бацькаў і суцеш іх.
    Застанься з кожным татам тады, калі надыходзіць час развітацца з сынам ці дачкой. Калі дзіця пакідае родны дом, бацькам таксама неабходна падтрымка (не толькі маці плачуць). Ты, Божа, як наш Нябесны Айцец дасканала разумееш бацькаў. У Тваёй бясконцай любові (і бясконцым досведзе!) блаславі бацькаў. Усіх: і маладых, і старых.

   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  255

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.