ГРОДНА
Панядзелак,
09 снежня
2024 года
 

Чаму св. Камунія такая важная для католікаў?

Дзіцячы куточак

ciekawcyУ маі, а часам і ў чэрвені шмат дзяцей перажываюць самы важны момант у іх рэлігійным жыцці – дзень Першай св. Камуніі. Тады яны ўпершыню прымаюць у свае маленькія сэрцы Пана Езуса, “схаванага” ў белай Гостыі.
Першая св. Камунія лічыцца адным з самых важных сакрамантаў у хрысціянстве. Паводле Святога Пісання, сакрамант Эўхарыстыі – гэта памятка Апошняй Вячэры, калі Езус Хрыстус прынёс падзяку Богу, свайму Айцу. Сімвалам гэтай падзеі стала св. Камунія, якая з’яўляецца неад’емнай часткай кожнай хрысціянскай літургіі. Прыступаючы да сакраманту Эўхарыстыі, католікі паказваюць, што яны вераць у смерць і ўваскрасенне Божага Сына, які памёр і ўваскрос з мёртвых, каб адкупіць грахі чалавецтва. Слова “Эўхарыстыя” паходзіць ад грэц. “eucharystia”, што азначае “падзяка”, а слова “камунія” – ад лац. “communio”, або “супольнасць”.
“Калі б анёлы маглі зайздросціць, яны зайздросцілі б нам у прыняцці св. Камуніі, у якой Бог цесна звязаны са сваім стварэннем. У такую цесную сувязь Ён не ўваходзіць нават з анёламі” (Дз 1804), – пісала св. Фаўстына Кавальская. Эўхарыстыя асвятляе чалавечую душу. Мы павінны добра рыхтавацца і прыступаць да сакраманту з радасцю. Пра гэта нагадвае апавяданне Фабіо Розі “Крама святла”.
    Аднойчы вельмі скупы чалавек вырашыў купіць трошкі святла, каб асвятліць сваё жыццё. Пайшоў ён у краму, дзе былі ўсе агні свету, і сказаў прадаўцу: “Я хачу купіць святло. Але хачу заплаціць максімум 10 капеек”. Прадавец адказаў: “Добра. За 10 капеек я магу прадаць табе адну запалку. Яе святло мае прыгожы колер, але будзе доўжыцца ўсяго некалькі секунд”. Скупы чалавек узяў запалку і паплёўся назад сумны.
    Неўзабаве пасля гэтага міма праходзіла вельмі прыгожая дзяўчына, якая таксама жадала купіць святло. Яна звярнулася да прадаўца: “Мне патрэбна святло, якое б асвятляла мой шлях. Магу патраціць 1 рубель, таму што іншыя грошы патрэбны для маёй прыгажосці”. Прадавец сказаў: “За 1 рубель дам табе свечку. Яна будзе асвятляць твае крокі, але гэта будзе доўжыцца ўсяго некалькі хвілін”. Дзяўчына ўзяла свечку і пайшла, таксама сумная.
    Купіць святло захацела і адна вельмі разумная старая. “Прадавец, я дам табе 10 рублёў. Так змагу мець святло, якое пратрымаецца значна даўжэй, чым у дваіх іншых пакупнікоў”, – сказала яна. “Маеш рацыю, – адказаў прадавец. – За 10 рублёў прапаную табе факел. Ён больш моцны, чым запалка альбо свечка. Але памятай, што яго святло доўжыцца ўсяго некалькі гадзін”. Старая жанчына ўзяла факел. Аднак і яна пайшла прэч несуцешаная.
    Мець жыццё, поўнае святла, хацеў і вельмі багаты хлопец. “Прадавец, я не супраць выдаткаў. Дам табе 100 рублёў за маё святло”, – сказаў ён. Прадавец дастаў пышную люстру і сказаў: “Мой сябар, за 100 рублёў ты можаш мець гэта. Напэўна, гэта люстра будзе асвятляць цябе і твой дом на працягу доўгага часу. Але яе лямпачка зможа гарэць толькі на працягу некалькіх дзён”. Багаты хлопец узяў лямпу і пайшоў прэч сумны, як і ўсе астатнія.
    Пасля там праходзіў хлопчык, які рыхтаваўся да прыняцця Першай св. Камуніі. Ён увайшоў у краму і сказаў: “Я хачу атрымаць святло, якое б асвятляла мяне. Але не маю грошай, каб даць табе. У мяне ёсць толькі сэрца, і я буду рады ахвяраваць яго, каб атрымаць гэтае святло”. Прадавец адказаў: “Ты самы добры і мудры чалавек з усіх тых, хто завітваў у маю краму. Дзякуючы твайму сэрцу, можаш бясплатна атрымаць святло, якое гарыць на працягу ўсяго жыцця. Гэтае святло – Езус”. Хлопчык узяў Хрыста за руку і пайшоў шчаслівы, каб прыняць Першую св. Камунію.
    Няхай душа кожнага з Вас млее па Богу, прагнучы як мага хутчэй з’яднацца з Ім у Эўхарыстыі!
   
Заданне:
    падрыхтуйся да прыняцця св. Камуніі ўважліва, зрабіўшы добры рахунак сумлення і прыняўшы канкрэтныя пастановы.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.