ГРОДНА
Субота,
28 студзеня
2023 года
 

Спяваць для Пана

Інтэрв'ю

Людміла Казлова (у цэнтры) разам з харысткамі “Calasanz” падчас Парафіяды дзяцей і моладзі ў Гродне

Моладзь у Касцёле
Ужо на працягу 13-ці гадоў пры парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне дзейнічае моладзевы хор “Calasanz”. Удзельніцы калектыву суправаджаюць сваім спевам нядзельныя літургіі ў касцёле, святочныя набажэнствы. Чым сёння жыве хор? Якія мае планы на будучыню? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Людміла Казлова, якая кіруе хорам ад часу яго заснавання.
– Спадарыня Людміла, распавядзіце, калі ласка, гісторыю ўзнікнення хору.
    – Наш калектыў нарадзіўся ў 2005 годзе. На самым пачатку не існавала такой канкрэтнай ідэі – стварыць хор ці вакальны калектыў. Было проста вырашана сабраць дзяўчат, якія маюць вакальныя здольнасці, каб упрыгожыць спевам фацімскае набажэнства. Выступленне спадабалася а. Віталію Цыбульскаму, які працаваў у парафіі, і ён прапанаваў нам падрыхтаваць спеўнае суправаджэнне св. Імшы. Так мы пачалі збірацца, рэпеціраваць.
На той момант нас было ўсяго 5 чалавек. Праз нейкі час пачалі далучацца новыя ахвотнікі, і паступова ўзнік калектыў. Хор назвалі “Calasanz” у гонар св. Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна айцоў піяраў, якія працуюць у шчучынскай парафіі.
   
    – У хор прымаеце выключна музычна адораных дзяўчат?
    – Не і яшчэ раз не. Некаторыя з іх нават ніколі не спявалі, але хочуць гэтаму навучыцца. І што ж, не даць такой магчымасці? Хтосьці, паназіраўшы за нашымі выступленнямі, захацеў і сам паспрабаваць, кагосьці прывялі сяброўкі. Лічу неабходным, каб кожны жадаючы мог праявіць свае творчыя здольнасці ў нашым хоры. Для гэтага штогод робім праслухоўванне для новых ахвочых. Заўважаю, што многія нават не ведаюць аб такім сваім дары, атрыманым ад Усявышняга, як цудоўны голас. Таму мая задача як кіраўніка – раскрываць таленты і пасля ўдасканальваць майстэрства вучаніц.
    Трэба адзначыць, што у “Calasanz” моладзь прыходзіць не дзеля карысці, а таму што іх цягне і кліча сюды душа. Яны хочуць атрымаць эстэтычнае задавальненне, сустрэцца з музыкай. Гэта дарагога варта. Я ж павінна падтрымліваць зацікаўленасць у калектыве, рабіць так, каб дзяўчатам хацелася прыходзіць на рэпетыцыі зноў і зноў, хацелася спяваць у хоры.
    У працэсе, вядома ж, хтосьці адсейваецца, а хтосьці застаецца і ўліваецца ў асноўны склад хору. Згодна з традыцыяй, кандыдаткі далучаюцца да парафіяльнага хору ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Яны складваюць абяцанні, просячы заступніцтва св. Юзафа Каласанса, і атрымліваюць падвескі ў выглядзе ключа – знак прыналежнасці да хору.
   
Хор “Calasanz” вядомы сваімі шматлікімі выступленнямі і ўзнагародамі. Калектыў быў неаднаразова адзначаны на разнастайных фестывалях, якія праходзілі ў Гродне, Васілішках, Жалудку, Ражанцы (Шчучынскі р-н). Выступаў таксама і ў многіх парафіях, суправаджаючы Эўхарыстыю музычным акампанементам. Некаторыя ўдзельнікі хору прадстаўлялі сваю моладзевую школу па-за межамі краіны.

    – Удзельніцамі хору з’яўляюцца дзяўчаты, якія ахвотна дзеляцца сваімі талентамі і спяваюць для Пана. Якая яна – моладзь, што прыходзіць у калектыў?
    – Пастаянны актыў – вучаніцы 8–11 класаў. Калі выпускніцы становяцца студэнткамі, на іх месца прыходзяць новыя ўдзельніцы. Такім чынам, склад калектыву пастаянна абнаўляецца. Але хачу падкрэсліць, што ў нас няма такога паняцця, як “былая харыстка”. Дзяўчаты, якія выязджаюць на вучобу ў іншыя гарады, усё роўна вяртаюцца дамоў на святы, выхадныя. Мы сустракаемся і разам спяваем падчас св. Імшаў і ўрачыстасцей. Нягледзячы на тое, што склад удзельніц увесь час змяняецца, стараемся трымаць планку, знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку, працаваць над рэпертуарам і паляпшэннем свайго выканаўчага майстэрства. Я заўсёды кажу дзяўчатам: “Хор – гэта ты. Канкрэтна ты!”. Вучу іх адказнасці, вучу паважаць тыя традыцыі і тую атмасферу, якая стваралася ў калектыве намаганнямі іншых удзельніц. Стараюся, каб мае дзяўчаты былі самымі лепшымі: творчымі, пазітыўнымі, імкнуліся наперад, развіваліся самі, уздымалі калектыў на новы ўзровень, а таксама нястомна праяўлялі актыўнасць у парафіі.
   
    – Якая асноўная мэта дзейнасці вашага парафіяльнага хору?
    – Дзяліцца сваімі сіламі і талентам з іншымі, рабіць так, каб спеў станавіўся не проста наборам прыгожых гукаў і мелодый, а сапраўднай малітвай. У гэтым, напэўна, і заключаецца сэнс.
    Падчас рэпетыцый мы не зацыкліваемся выключна на музыцы і вакале. Хочацца, каб дзяўчаты не толькі вучыліся чыста, прыгожа і правільна спяваць па нотах, але і каб падчас выканання таго ці іншага твора яны думалі, пра што спяваюць, прапускаючы праз сваё сэрца словы і мелодыю. Рэлігійная музыка – цэлы сусвет! Яна дапамагае адкрыцца Богу, глыбей перажыць св. Імшу. Акрамя таго, супольны спеў збліжае людзей, дазваляе адчуць хрысціянскую еднасць. Як сказаў св. Аўгусцін, “хто спявае, той моліцца двойчы”. Для нас гэта вельмі важныя словы.
    У планах – не толькі ўпрыгожваць сваім спевам набажэнствы, але пачаць часцей выходзіць за межы святыні, каб праз выступленні евангелізаваць асяроддзе, у якім жывём.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  338

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.