Дарэчы, велікодныя вянкі – даволі распаўсюджаная дэкарацыя ў доме. Іх можна змясціць як на гарызантальнай паверхні (пакласці), так і на вертыкальный (падвесіць). Звычайна калі вянок упрыгожвае стол, у цэнтры кампазіцыі ставіцца свечка, што сімвалізуе Святло, якое асвячае цемру. Для аздаблення могуць быць выкарыстаны абсалютна любыя дэталі, у тым ліку фігуркі куранят, зайцаў, баранчыкаў.
Сёння ў крамах можна знайсці шмат розных зарыхтовак для вырабу велікодных дэкарацый. Можна таксама выкарыстоўваць усё, што знаходзіцца пад рукой: пластыкавыя бутэлькі, тканіну, гузікі і г. д. |
|
Яшчэ адным базавым элементам для стварэння велікоднай кампазіцыі з’яўляецца кошык. Многія робяць яго ўласнаручна з лазы, тканіны (на каркасе) або нават шчыльнай паперы і ўпрыгожваюць. У такі кошык можна засцяліць сурвэтку, пакласці пачастунак і пайсці ў госці. Гаспадары будуць вельмі рады, калі пакінеце ім такую рэч у падарунак. Усё, што зроблена сваімі рукамі, заўсёды высока цэніцца і дастаўляе ўладальніку асаблівую радасць.
У велікодных кампазіцыях могуць прысутнічаць элементы самых разнастайных колераў. Пераважаюць чырвоны, жоўты, аранжавы і, канешне, зялёны. |
|
У апошні час папулярнасць набіраюць таксама велікодныя дэкарацыі ў празрыстых вазах. У іх можна ствараць разнастайныя кампазіцыі, абыгрываючы, скажам, кантрасты (дробны і буйны матэрыял, прыродны і штучны). Адна з асаблівасцей і ў той жа час перавага такога віду дэкору – тое, што дэталі ў ёй не злучаюцца, не склейваюцца паміж сабой. Такім чынам, кампазіцыю можна без цяжкасцей разабраць, а празрыстую вазу – далей выкарыстоўваць для дэкарацый на любое іншае свята: Божае Нараджэнне, імянінны вечар і інш. Напрыканцы варта падкрэсліць, што нават звыклая свечка ў форме яйка ці галінка вярбы здольны стварыць у доме святочную атмасферу. Канешне, рашучае значэнне мае тое, што ў душы, але падобныя яскравыя атрыбуты з’яўляюцца для нас наглядным напамінам пра ўрачыстасць, якую нядаўна перажывалі. Гледзячы на іх, сэрцы мімаволі напаўняюцца радасцю і цяплом. А ці не гэтага так часта прагнем у шэрай штодзённасці?