ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка 2024 года |
Вынікі візіту аd limina Apostolorum 2018
Храналогія падзей
З 31 студзеня па 7 лютага ў Ватыкане праходзіў 4-ты ў гісторыі Касцёла ў Беларусі візіт біскупаў ad limina Apostolorum. Рэдакцыя “Слова Жыцця” распавядае, як гэта было і якую ацэнку атрымаў наш Касцёл у ведамствах Святога Пасаду.
31 студзеня
Біскупы прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі Святога Айца Францішка на плошчы св. Пятра. Традыцыйна пасля папскай катэхезы прысутныя іерархі з розных частак свету, у тым ліку з Беларусі, мелі магчымасць асабіста прывітаць Пантыфіка і абмяняцца з ім некалькімі словамі. †
Біскупы прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі Святога Айца Францішка на плошчы св. Пятра. Традыцыйна пасля папскай катэхезы прысутныя іерархі з розных частак свету, у тым ліку з Беларусі, мелі магчымасць асабіста прывітаць Пантыфіка і абмяняцца з ім некалькімі словамі. †
1 лютага
Біскупы афіцыйна пачалі свой візіт з малітвы ў Ватыканскіх гротах у інтэнцыі Беларусі і яе жыхароў. На магіле апостала Пятра ў пячорах старажытнага некропаля іерархі цэлебравалі св. Імшу. На заканчэнне ў цішыні памаліліся перад грабніцамі св. Яна Паўла II і св. Язафата Кунцэвіча.
Затым біскупы прынялі ўдзел у прыватнай аўдыенцыі са Святым Айцом Францішкам. У ходзе сустрэчы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч паведаміў, што Гродзенская дыяцэзія не так даўно адзначала юбілей 25-годдзя свайго заснавання, а ў мінулым годзе распачала гістарычную падзею, якой з’яўляецца І Дыяцэзіяльны сінод. “Няхай сінадальныя пасяджэнні паспрыяюць таму, каб Евангелле для вернікаў дыяцэзіі стала больш зразумелым, а чалавек быў бліжэй да Пана Бога і Яго ласкі, якую Той яму штодзённа спасылае”, – пажадаў Пантыфік.
Падчас сустрэчы іерархі размаўлялі з Папам аб папярэдніх пакаленнях, заслужаных і руплівых святарах, дзякуючы якім вера на нашых землях не загінула, а таксама аб пакліканнях, фармацыі і жыцці святароў, адносінах з дзяржавай і іншымі веравызнаннямі. Святы Айцец выказаў вялікую зацікаўленасць рэлігійным жыццём вернікаў і, разам з тым, высока ацаніў мясцовыя душпастырскія ініцыятывы.
Асаблівым чынам Пантыфік засяродзіўся на сучасным пакаленні моладзі, а таксама на тым, як для яе арганізавана душпастырства. “Я адзначыў, што мы стараемся выходзіць насустрач маладым людзям, – паведаміў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, старшыня Рады па справах свецкіх і моладзі пры ККББ. – Ускладаем вялікую надзею на тых маладых людзей, якія прысутныя ў Касцёле. Клапоцімся, каб яны былі «апосталамі» для аднагодкаў. Вядома, слова дасягае хутчэй і лягчэй, калі малады звяртаецца да маладога: тады няма бар’еру”.
Сустрэча доўжылася 2,5 гадзіны. Разам з Папам біскупы прамовілі малітву, а на заканчэнне атрымалі апостальскае бласлаўленне, якое было ўдзелена ім і праз іх – усім вернікам Касцёла ў Беларусі. “Мы вельмі шчаслівыя, што маглі сустрэцца з Папам. Адчувалі сябе ў гэты час так, як бліжэйшыя вучні побач з Хрыстом, калі маглі пытацца Святога Айца і дзяліцца з ім тым, чым жыве наш Касцёл у Беларусі”, – падсумаваў сустрэчу са Святым Айцом біскуп Юзаф Станеўскі.
У другой палове дня іерархі наведалі Папскую Раду па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, дзе атрымалі ўказанні для далейшага плённага развіцця лакальнага Касцёла. У гэты ж дзень адбылася сустрэча ў Кангрэгацыі па справах духавенства.
2 лютага
Біскупы наведалі Кангрэгацыю па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Кангрэгацыю каталіцкай адукацыі. Кампетэнтныя спецыялісты ведамстваў Святога Пасаду звярнулі ўвагу на неабходнасць арганізацыі прынамсі пачатковай фармацыі на тэрыторыі Беларусі, а не за мяжой (наколькі гэта магчыма ў мясцовых рэаліях). Вырашэнню гэтай праблемы магло б спрыяць стварэнне адзінага цэнтра фармацыі для некалькіх супольнасцей кансэкраванага жыцця. Яны таксама парэкамендавалі звярнуць увагу на падрыхтоўку свецкіх лідараў з дапамогай арганізацыі летніх курсаў пры навучальных установах у Касцёле ў Беларусі.
У канцы дня біскупы канцэлебравалі Эўхарыстыю з папам Францішкам у базіліцы св. Пятра, дзе ў свята Ахвяравання Пана асабліва маліліся за кансэкраваных асоб. Пасля св. Імшы іерархі наведалі духоўны цэнтр супольнасці св. Эгідзія, вядомай дзякуючы экуменічным ініцыятывам і працы з патрабуючымі ды мігрантамі.
3 лютага
Біскупы цэлебравалі св. Імшу ў базіліцы св. Паўла за Мурамі. У гаміліі старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на постаці апостала Паўла: “Гэта прыклад бескарыслівага служэння Хрысту і Касцёлу, прыклад служэння біскупаў. Ці ставім мы ў цэнтр сваёй паслугі Езуса і справу збаўлення даручанага нашай пастырскай апецы Божага народу? Ці гатовы па прыкладзе св. Паўла зносіць усе знявагі, цярпенні і неразуменне сучаснага свету?”. Іерарх заклікаў біскупаў адказаць на гэтыя пытанні, каб візіт ad limina Apostolorum не абмежаваўся толькі справаздачай аб дзейнасці лакальнага Касцёла, але і стаў часам пастырскага навяртання.
Пасля св. Імшы іерархі наведалі дом манаскай супольнасці “Дзейнасць Касцёла”, галоўным заданнем якой з’яўляецца евангелізацыя.
4 лютага
Біскупы наведалі генеральны дом Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста. У капліцы манаскага дома іерархі цэлебравалі Эўхарыстыю.
Кангрэгацыя сясцёр змёртвыхпаўстанак мае шмат агульнага з Беларуссю. Яе заснавальніца Цэліна з Хлюдзінскіх Бажэнцкая 22 гады пражыла ў Абрэмшчыне каля Гродна. Пасля смерці мужа ў 1891 годзе разам са сваёй дачкой Ядзвігай выехала ў Рым і заснавала манаскую супольнасць, харызмай якой з’яўляецца хрысціянская адукацыя і выхаванне дзяўчат.
5 лютага
Біскупы наведалі Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў. Прэфект кангрэгацыі кардынал Рабэр Сара звярнуў увагу іерархаў на неабходнасць паглыблення сярод вернікаў сэнсу літургіі і захавання народнай набожнасці, дзякуючы якой людзі збераглі веру ў часы ганенняў. Пасля біскупы наведалі базіліку св. Яна на Латэране, дзе цэлебравалі св. Імшу. Дзень завяршыўся візітам іерархаў у Дзяржаўны сакратарыят Апостальскай Сталіцы, дзе біскупы сустрэліся з кіраўніком Другой яго секцыі (адпаведнік міністра замежных спраў) арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.
6 лютага
Біскупы наведалі Кангрэгацыю па справах біскупаў, Кангрэгацыю веравучэння, Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама сустрэліся з Дзяржаўным Сакратаром Апостальскай Сталіцы кардыналам П’етра Паралінам.
У рамках дыскусіі прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэле выказаў заклапочанасць служэннем у Беларусі замежных святароў і святароў, якія прыбываюць у краіну як госці або турысты. Паводле мясцовага заканадаўства, ім неабходна атрымліваць ад дзяржаўных органаў дазвол на тое, каб цэлебраваць св. Імшу, з чым кардынал сутыкнуўся на ўласным вопыце падчас свайго прабывання ў Беларусі. Па словах папы Францішка, “гэта супярэчыць агульнай тэндэнцыі інтэрнацыяналізацыі Паўсюднага Касцёла”.
Падчас сустрэчы біскупаў з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці папы Францішка кардыналам П’етра Паралінам была абмеркавана справа падрыхтоўкі пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам і пытанне візіту Пантыфіка ў Беларусь.
7 лютага
Іерархі цэлебравалі Эўхарыстыю ў базіліцы Маці Божай Вялікай, наведалі Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў, а таксама генеральны дом айцоў марыянаў.
Супрацоўнікі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця выказалі гатоўнасць дапамагчы Беларусі ў арганізацыі пілігрымак на Сусветны дзень моладзі ў Панаме ў 2019 годзе і Сусветны кангрэс сем’яў у Ірландыі ў 2018 годзе, а таксама паведамілі аб жаданні больш цеснага супрацоўніцтва з адпаведнымі структурамі Каталіцкага Касцёла ў краіне.
8 лютага
Перад вяртаннем на Радзіму біскупы Беларусі цэлебравалі св. Імшу перад грабніцай св. Яна Паўла ІІ у базіліцы св. апостала Пятра. Ва ўступным слове старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што на завяршэнне візіту аd limina Apostolorum іерархі прыйшлі падзякаваць Папе славянскага паходжання за адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што стала магчымым і адбылося ў значнай ступені менавіта дзякуючы яго заслузе.
Пасля св. Імшы біскупы вярнуліся самалётам у Беларусь.
Прадстаўнікі ККББ наведалі разнастайныя ведамствы Святога Пасаду, каб прадставіць лакальную сітуацыю ў розных галінах душпастырства і пракансультавацца адносна існуючых праблем. Падобныя сустрэчы “да апостальскіх парогаў” прадстаўляюць пастырам дыяцэзій цудоўную магчымасць мацней адчуць пульс Паўсюднага Касцёла і ўбачыць глыбокае значэнне супольных намаганняў на карысць Бога і Яго люду.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 86 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.