ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Крыжовы шлях – дарога ў вечнасць

З жыцця Касцёла

Інсцэніраваны крыжовы шлях у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы

Папяльцовай серадой у Касцёле распачаўся Вялікі пост. У добрым перажыванні пакаяннага перыяду вернікам садзейнічае ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху. Чаму так важна не абмінуць яго ўвагай, і які плён здабывае чалавек, засяроджана чэрпаючы са шматвекавой традыцыі?
Гісторыя Крыжовага шляху
    Традыцыя велікапоснага набажэнства бярэ пачатак у першых стагоддзях хрысціянства. Напярэдадні гадавіны ўваскрасення Езуса Яго паслядоўнікі здзяйснялі паломніцтвы ў Святую Зямлю і шукалі сведчанні жыцця Збаўцы. Але з пашырэннем хрысціянства ў свеце далёка не ўсе мелі магчымасць прымаць удзел у малітоўных працэсіях вуліцамі Іерусаліма. Такім чынам, сталі распаўсюджвацца духоўныя паломніцтвы ў Святую Зямлю.
    У сярэднія вякі папулярнасць набралі т. зв. Кальварыі (ад лац. “Calvaria” – “Галгофа”). Вернікі выбіралі ў сваёй мясцовасці ўзвышаную тэрыторыю, якая б сімвалічна нагадвала пра месца ўкрыжавання Бога-Чалавека. Будавалі там капліцы або змяшчалі скульптуры на сюжэт Пакут Хрыста. Часам тут можна было натрапіць на сцяжынкі, якія вядуць да журботнай фігуры Найсвяцейшай Маці. Гэта сведчыць аб тых рэлігійных акцэнтах, што былі характэрны для дадзенай мясцовасці.
Святая Гара ў Ашмянах, дзе мясцовыя вернікі кожны год усталёўваюць новы крыжПаступова зарадзіліся і стацыі Крыжовага шляху. Вернікам хацелася не толькі засяродзіцца на ўспамінах мінулых падзей, але і мець магчымасць больш глыбока перажываць пакуты і смерць Езуса. Перажываць так, каб гэта магло змяніць іх жыццё і дапамагчы ўзрастаць у Богу. Сёння барэльефы ці абразы з выявамі стацый Крыжовага шляху змяшчаюцца па перыметры ў кожным касцёле ці капліцы. Часам яны могуць быць усталяваны і звонку святыні.
    У традыцыі Касцёла таксама вельмі распаўсюджаны публічны Крыжовы шлях вуліцамі горада, экстрымальны, інсцэніраваны. У 1931 годзе папа Пій XI дазволіў здзяйсняць набажэнствы Крыжовага шляху перад распяццем для хворых і зняволеных.
   
    Духоўны саўдзел у Муках Хрыстовых
    Крыжовы шлях “уключае” нас у гісторыю збаўлення. Нагадвае пра тое, што кожны з’яўляецца яе часткай. На крыжы – пакуты, боль і грахі ўсяго чалавецтва. Але ў той жа час і надзея на вечнае жыццё, атрыманая праз перамогу Езуса над смерцю. Толькі ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце можам здабыць выратаванне і адкупленне.
    Перажыванне Крыжовага шляху вучыць нас давяраць Богу, быць адкрытымі на Яго любоў, упэўненымі ў ёй. Нагадвае, што Хрыстос церпіць разам з намі. Вучыць таксама глядзець з цеплынёй і пяшчотай на іншых, асабліва на тых, хто пакутуе, мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.
   
    Кожны вернік праз перажыванне Крыжовага шляху можа атрымаць поўны адпуст. Для гэтага трэба выканаць наступныя ўмовы:
    • адправіць гэтае набажэнства ў месцы, дзе ўстаноўлены Крыжовы шлях (у касцёле, на прыкасцёльным пляцы і да т. п.);
    • разважаць Муку Пана Езуса (зместам разважання не абавязкова павінны быць стацыі);
    • пераходзіць ад адной стацыі да другой.
   
    Крыжовы шлях у жыцці святых
Мужчыны нясуць крыж на плячах, ні разу не апускаючы яго на зямлю    Часткова дасведчыць пакуты ўкрыжавання Езуса давялося некаторым Яго вызнаўцам, на целе якіх з’яўляліся стыгматы. Часцей за ўсё яны ўтвараліся цудоўным чынам у месцах 5-ці ран Адкупіцеля: на далонях (запясцях), ступнях і ў баку. Аднак часам выяўляліся і на іншых частках цела (сляды цярновага вянка на ілбе, след ад крыжа на плячы і інш.). Раны маглі сыходзіць крывёй пастаянна ці перыядычна, у пэўны час (напрыклад, гадзіна смерці Божага Сына, пятніца як дзень укрыжавання, перыяд Вялікага посту). Праз стыгматы святыя злучаліся з болем Хрыста і ахвяравалі свае цярпенні на алтар збаўлення чалавецтва.
    Лічыцца, што ўпершыню сляды святых ран з’явіліся ў св. Францішка з Асізі. “Здавалася, што і рукі яго, і ступні ў самой сярэдзіне былі наскрозь працяты цвікамі. Так, што след ад шляпкі цвіка паказаўся на ўнутраным баку рук і на вонкавым баку ступняў, а лязо нібы выйшла з адваротнага боку, паколькі след ад шляпкі цвіка быў чорным і круглявым, а ад ляза – выцягнутым і вывернутым, як калі б у гэтым месцы нацягнулася, паднялася і прарвалася плоць, а вакол плоць адступіла і запала. На правым яго баку, нібы прабіты кап’ём, успушыўся барвовы рубец, з якога часта сачылася святая кроў, абрашаючы туніку яго і штаны” (“Вытокі францысканцтва”).
    З таго часу налічваецца больш за 300 выпадкаў з’яўлення ў людзей стыгматаў, якія на сёння прызнаны Касцёлам сапраўднымі. Іх мелі, сярод іншых, св. Кацярына Сіенская, св. Ян Божы, св. Марыя Лопэс дэ Рывас, св. Піо з П’етрэльчыны.
    Некаторым Хрыстос прыадкрываў падзеі Вялікай пятніцы, даючы магчымасць дакрануцца да Яго святых ран. У іх ліку была і св. Фаустына Кавальская, якая ўсе свае цярпенні ахвяравала дзеля выратавання свету. “Сёння ў час Мукі я ўбачыла спакутаванага Езуса, укаранаванага цернем, з трасцінай у руцэ. Езус маўчаў, а салдаты спяшаліся навыперадкі, каб мучыць Яго. Езус нічога не казаў, толькі паглядзеў на мяне. І ў гэтым позірку я адчула такія сташныя пакуты, што мы нават паняцця не маем, што вытрымаў Езус за нас перад укрыжаваннем…” (Дз. 948).
Кожны з нас, суперажываючы Хрысту, імкнецца ўсвядоміць маштаб Яго ахвяры. Удзел у набажэнстве Крыжовага шляху дапамагае асягнуць таямніцу пакуты Божага Сына, а таксама адкрыцца на перажыванне ўсіх гэтых стацый у сваім жыцці, атрымліваючы багаты плён для душы.
   
Кс. Андрэй Бялаблоцкі, вікарый парафіі Святога Духа ў ГроднеУ мінулым годзе падчас Вялікага посту мне давялося сыграць ролю Езуса падчас інсцэніраванага Крыжовага шляху ў Вялікай Бераставіцы. Акурат тады ў мясцовай парафіі Перамянення Пана я праходзіў дыяканскую практыку. Да гэтай падзеі рыхтаваўся адказна: стараўся засяродзіцца, маліўся. Напярэдадні глядзеў “Страсці Гасподнія”. Імкнуўся, наколькі гэта магчыма, наблізіць людзям пакуты Крыжовага шляху нашага Збаўцы.
    Моцна хацеў адчуць сябе на месцы Езуса. Але… крыж быў не надта цяжкі, церні не ўпіваліся мне ў галаву і, урэшце рэшт, я не быў бічаваны. Таму, вядома, чалавек не можа сабе ўявіць нават і кроплі таго, што перажываў Хрыстос перад укрыжаваннем. Аднак у той час, калі не маем магчымасці злучыцца з цярпеннем Адкупіцеля ў фізічным плане, павінны нястомна адкрываць для сябе гэты момант духоўна. Гэта за нашы грахі Езус аддаў жыццё! За кожнага з нас быў распяты!
    Успамінаю, што падчас Крыжовага шляху адчуваў скептычныя позіркі ў натоўпе зявак, падобна Езусу, на якога людзі глядзелі як на злачынцу: коса, з недаверам, агідай. Розніца толькі ў тым, што тады пра Збаўцу маглі яшчэ не ведаць. Сёння, напэўна, няма чалавека, які б не чуў пра Хрыста. Жывем у хрысціянскім свеце – большасць людзей у нашым грамадстве ахрышчаная. Але многія забываюцца, якім коштам былі адкуплены. Крыжовы шлях нагадвае кожнаму чалавеку пра тое, наколькі ён дарагі Пану.
    Я б разгледзеў такога тыпу рэлігійную практыку як від новай евангелізацыі. Гэта спосаб, каб выйсці на вуліцу да людзей і паказаць, што Езус ходзіць паміж намі і сёння, дапамагае несці крыж на дарозе нашага жыцця. Калі асоба пачынае разважаць над гэтым, адбываецца момант сустрэчы чалавека з Богам, момант ацалення яго душы. Хвала Пану!
    Як святар хутка буду праводзіць набажэнства Крыжовага шляху. Сваёй задачай стаўлю данесці людзям любоў Бога, каб яны паверылі ў яе, дасведчылі і пасля маглі жыць гэтай праўдай штодня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.