ГРОДНА
Серада,
29 сакавіка
2023 года
 

Глыбіня традыцый і моц вялікай сям’і Паспяшальскіх

З жыцця Касцёла

Адна з найбольш вядомых у Польшчы музыкальных сем’яў калядавала ў Гродне. Аркестр, які складаецца з 16-ці прадстаўнікоў 3-ох пакаленняў музыкантаў, 12 студзеня зайграў у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Падчас сямейнага калядавання выступілі чацвёра братоў Паспяшальскіх – Ян, Марцін, Караль і Мацвей – іх жонкі, дзеці разам з сужэнцамі, а таксама ўнукі. Музыканты заспявалі прыгожыя пастаралкі і калядкі ў аўтарскай апрацоўцы: ад класічных версій праз фальклорны клімат да джазавых і рокавых аранжыровак. Адным з найважнейшых вымярэнняў канцэрта была папулярызацыя хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцей.
Як адзначыў Мацвей Паспяшальскі, калядкі спадарожнічалі сям’і заўсёды. “Нашае калядаванне пачалося з музіцыравання дома. З года ў год у перыяд свят Божага Нараджэння мы ігралі і спявалі тыя самыя калядкі, а пасля пачалі іх далікатна перарабляць. У пэўны момант з’явіліся першыя «ўсходы» аранжыровак, – гаворыць музыкант. – Мама, слухаючы наш сямейны спеў, параіла падрыхтаваць асобны рэпертуар, каб захаваць гэты скарб. Мы пачалі камбінаваць, каб стварыць штосьці сапраўды арыгінальнае. Кожны рабіў тое, што гучыць у яго душы і ляжыць на сэрцы. У рэзультаце на пачатку 1990-х мы запісалі дыск з калядкамі. Часткі нашага сённяшняга саставу ў той час яшчэ нават не было на свеце…”.
    Разам са з’яўленнем чарговых членаў сям’і калектыў павялічваўся. З часам дзеці вырасталі ў прафесійных артыстаў. Многія навучыліся іграць на некалькіх інструментах, таму падчас канцэрта можна пачуць як духавы аркестр, так і камерны, а нават джаз бэнд. “Кожны з нас па прафесіі музыкант і іграе ў разнастайных калектывах: Міхал Урбаняк, «Arka Noego», «Zakopower», «Raz Dwa Trzy», «Dzieci z Brodą», тэатр «Gardzienice»… Але раз у год мы сустракаемся, каб вырушыць у міжнародны тур, зайграць канцэрты і прадэманстраваць, што прыгожая польская традыцыя калядавання надалей жыве”, – падсумоўвае Мацвей Паспяшальскі.
    Ян Паспяшальскі – музыкант, журналіст, адзін з заснавальнікаў і прадстаўнік самага старэйшага пакалення калектыву – падкрэслівае, што ў сённяшнія часы дэмаграфічнага крызісу канцэрты аркестра, што складаецца з членаў шматдзетнай сям’і, якую яднае вера, захапленне і пашана да традыцыі, з’яўляюцца пераканаўчым сведчаннем. “Усё пачынаецца ў сям’і: перадача веры, патрыятызму і звычаяў. Чым большая сям’я, тым больш і свят, Дзён нараджэння, хрэсьбін, інакш кажучы, больш нагод, каб быць супольнасцю. Мы разам молімся, падарожнічаем, святкуем. І лічым гэта чымсьці абсалютна натуральным. Дзіўныя, хутчэй, тыя сем’і, якія так не жывуць, – дзеліцца Ян Паспяшальскі. – Падчас сваіх канцэртаў спяваем калядкі ва ўласных, часам незвычайных апрацоўках – ад народнай польскай музыкі да карыбскіх рытмаў, ад паланэза да фанкавага гучання. Так мы хочам данесці, што Езус Хрыстус як малое Дзіцятка прыйшоў у свет, каб вызваліць нас ад слабасці. І гэта добрая навіна. Штогод нанова ўсё перажываць – цудоўна, хоць і няпроста, таму што трэба стаць у праўдзе перад сабой. Для нас найважнейшым падчас канцэртаў і сустрэч з людзьмі з’яўляецца магчымасць адчуць, што гэта не проста рытуал. Мы не адышлі ад таго, што было на самым пачатку – ад сустрэчы з цудоўнай традыцыяй, з хрысціянствам і верай, без якой чалавек не здольны вытрываць. Важна таксама тое, што мы змаглі перадаць нашым дзецям сямейныя традыцыі, але не адзін у адзін, а з дадаткам чагосьці ад сябе. Кожны дакладвае сваю цаглінку. Добрая яна ці дрэнная?.. Калі пратрымаецца, яе ацэніць свет. Найважнейшае, што гэты ланцужок, які мы атрымалі ў спадчыну як пэўны тып дэпазіту, будзе трываць. Можа, у розных формах, аднак яго сутнасць будзе захавана”.
    Сёлетні канцэрт у Гродне – гэта ўжо 2-гі візіт Паспяшальскіх у Беларусь (у мінулы раз яны выступалі ў горадзе над Нёманам у 2016 годзе). У бягучым годзе паслухаць польскія калядкі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля сабралася больш за 1,5 тысячы чалавек.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  278

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.