ГРОДНА
Серада,
22 мая
2024 года
 

Душпастырская паслуга мае выключна евангелічнае вымярэнне!

Інтэрв'ю

У першыя дні студзеня, пасля амаль 27-мі гадоў паслугі ў Касцёле на Гродзеншчыне, Беларусь пакінуў польскі святар кс. доктар Раман Катлімоўскі – шматгадовы выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, ініцыятар разнастайных душпастырскіх акцый, выдатны прапаведнік, поўнасцю адданы святарскай паслузе і заклапочаны будучыняй Касцёла. Кс. Раман быў звязаны з Гродзенскай дыяцэзіяй з моманту яе ўзнікнення: стаяў ля вытокаў стварэння касцёльных структур, з’яўляўся сведкам мноства гістарычных падзей. У інтэрв’ю для “Слова Жыцця” святар успамінае пра сваю паслугу ў Беларусі і, ад’язджаючы ў родныя мясціны, складае выразныя словы пажаданняў Касцёлу на Гродзеншчыне.
– Ксёндз Раман, ці памятаеце Вы, калі прыехалі ў Беларусь?
    – Я прыехаў у Беларусь 20 сакавіка 1990 года разам з кс. прафесарам Ежы Лявінскім. Ён застаўся тады ў Гродне разам з першым біскупам у Беларусі, сённяшнім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Мяне ж скіравалі ў парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску, дзе я служыў каля 3-ох месяцаў. Там спазнаў цудоўную набожнасць і вялікую сардэчнасць людзей. Затым біскуп Эдвард Матэрскі, які скіраваў мяне ў Ваўкавыск, прапанаваў паехаць у Вільнюс у парафію Святога Духа, дзе пробашчам быў кс. Аляксандр Кашкевіч.
Там я служыў больш за 10 месяцаў. Гэта быў цудоўны час. Я ўбачыў прыгажосць маладога Касцёла, які праслаўляе Пана, нягледзячы на пануючую на працягу многіх гадоў атэістычную сістэму, што вымывала ўсе евангельскія, больш таго, нават сямейныя каштоўнасці з пакалення, якое “кармілі” бязбожнай ідэалогіяй, што абсалютна супярэчыць Усемагутнаму і Касцёлу.
    Калі з Польшчы я вярнуўся ў Вільнюс, распачалося зусім іншае жыццё. Было вырашана, што паеду разам з новапрызначаным біскупам у Гродна. Біскуп Матэрскі даў дазвол на гэта, паколькі ён быў маім ардынарыем. Памятаю, як пастыр тады вельмі слушна сказаў: “Ты яшчэ замалады”. І сапраўды, калі я прыехаў у Гродна, зразумеў гэтыя словы. Аднак дзякуючы зычлівасці старэйшых святароў і акружэння, дзякуючы іх вопыту і падтрымцы я стараўся добра рэалізоўваць свае абавязкі.
   
    – Шмат гадоў Вы выкладалі ў духоўнай семінарыі ў Гродне. Якімі прынцыпамі кіраваліся ў нялёгкай паслузе выхавання маладога пакалення святароў?
    – Пасаду прэфекта і выкладчыка літургікі ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі мне прапанаваў біскуп Аляксандр. Шчыра кажучы, я адмаўляўся ад гэтых функцый. А сёння дзякую Пану Богу, што Ён карыстаўся мною для фармацыі новых пакаленняў святароў, якіх з “кузні” гродзенскай семінарыі выйшла ўжо больш за 200. Я вельмі часта паўтараў ім тады: “Выносьце з семінарыі самае прыгожае, святарскае, людскае, бо тады вы будзеце аўтэнтычнымі ў перадачы Евангелля, а таксама ў абвяшчэнні хрысціянскай культуры і традыцыі Касцёла”.
    Гэты выхаваўчы этап працягваўся 10 гадоў. З 2001 года, згодна з пастановай біскупа Аляксандра, я перастаў быць прэфектам, але надалей выкладаў у семінарыі. На працягу гэтых гадоў праводзіў заняткі ў розных абласцях: катэхетыцы, Каталіцкім сацыяльным вучэнні, тэалогіі душпастырства, а пасля абароны кандыдацкай – таксама ў літургіцы.
   
Kс. Раман Катлімоўскі
    Нарадзіўся 07.08.1963 года ў Грабоўскай Волі (Польшча).
    Закончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Сандаміры і Радаме.
    Святарскія пасвячэнні атрымаў 28.05.1988 года з рук біскупа Эдварда Матэрскага.
    У 1988–1990 гадах выконваў душпастырскую паслугу ў Радаме (Польшча), у 1990 годзе – у Ваўкавыску (Беларусь), у 1990–1991 гадах – у Вільнюсе (Літва).
    З 1991 года быў выкладчыкам і мадэратарам у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, з 1995 года – рэдактарам літургічнага календара Гродзенскай дыяцэзіі.
    У 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэалогіі літургіі ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне (Польшча).

    – Якія моманты за час прабывання ў Беларусі асабліва запалі ў Вашу памяць?
    – Гаворачы пра найлепшыя моманты майго побыту ў Гродне, узгадваю 1995 год – першыя святарскія пасвячэнні маіх студэнтаў. Гэта была цудоўная падзея. Мясцовы Касцёл атрымаў 2-ух новых святароў: сённяшняга дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага і пробашча парафіі Святой Сям’і ў Лідзе кс. каноніка Юзафа Ганьчыца. Гэта быў першы плод семінарыйнай фармацыі. Памятаю, у катэдры тады сабралася вельмі шмат людзей...
    Непаўторнымі сталі і кожныя чарговыя пасвячэнні, якія асабіста для мяне заўсёды з’яўляліся вялікай радасцю. Я з прыемнасцю рыхтаваў літургічныя каментарыі на гэтыя ўрачыстасці, прагнучы ашчаслівіць людскія сэрцы, паказаць вернікам прыгажосць паклікання святара, які з’яўляецца сувяззю паміж Богам і чалавекам.
    Памятаю таксама дзень прызначэння першага гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча. Гэта было 13 красавіка 1991 года. Я знаходзіўся тады ў Польшчы. Ведаю, што прыняцце рашэння для біскупа Кашкевіча не было лёгкім, бо ён вельмі просты і сціплы чалавек. Ён разумеў веліч гэтага абавязку і ўсведамляў, што сустрэне на сваім шляху шмат цяжкасцей. Вялізнае ўражанне на мяне аказала ўрачыстасць біскупскай сакры 23 мая 1991 года. Памятаю і падрыхтоўку, і людзей, якія цешыліся з заснавання новай дыяцэзіі і першых у Гродне біскупскіх пасвячэнняў.
   
    – Ці можна сказаць, што вера людзей на нашых землях асаблівая, адрозная ад іншых?
  Кс. Раман Катлімоўскі ў акружэнні клерыкаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, будучых святароў (Вострая Брама, Літва)  – Жывучы ў Беларусі, я захапляўся набожнасцю вернікаў. Тут, у Гродне, людзі жывуць на стыку культур Усходу і Захаду. Жыхары горада над Нёманам робяць усё, каб традыцыю Рыма-каталіцкага Касцёла прышчапіць сваім дзецям і ўнукам. Большасць з тых, хто перажыў праследаванне, ужо адышлі да Пана. Гэта былі вельмі смелыя і загартаваныя людзі. Аднак трэба адзначыць, што ў сынах і дочках бачны працяг іх стылю жыцця і клопату пра Касцёл. Яны з’яўляюцца тымі жамчужынамі, скарбам, з якога можна зачарпнуць у любы момант, калі толькі гэтага захочацца. Моцай Касцёла над Нёманам з’яўляецца таксама марыйнасць, таму што вернікі ўсім сэрцам любяць Найсвяцейшую Панну і даручаюць Яе абароне ўсе свае радасці і смуткі.
    З перспектывы часу магу сказаць, што я вельмі шчаслівы, бо меў ласку пазнаць гэты Касцёл. Мне часта выпадала гаварыць, што ён знаходзіцца ў месцы зліцця Нёмана і Віліі. Гэта прыгожы Касцёл, які трывае ўжо больш за 600 гадоў (гаворка пра Віленскую архідыяцэзію – заўв. аўт.) і мае свае асаблівыя ўрачыстыя звычаі і традыцыі.
   
    – Якія словы Вам хацелася б сказаць на развітанне з Беларуссю?
    – Пасля гэтых амаль 27-мі гадоў паслугі я выязджаю ў сваю родную Радамскую дыяцэзію. Шчыра кажучы, ні на каго не трымаю крыўды, нават на тых, з-за каго не магу працягваць служэнне ў Касцёле ў Беларусі. Ад усяго сэрца малюся, каб людзі, якія ставяць перашкоды не толькі мне, але і іншым святарам, зразумелі, што душпастырская паслуга мае выключна евангелічнае вымярэнне: фарміраваць чалавека як добрага хрысціяніна і грамадзяніна. Кожны ксёндз навучае, што людзі шчыра і сумленна павінны здзяйсняць рэлігійныя практыкі і сацыяльныя абавязкі.
    Цешуся, што гэтае вымярэнне быцця добрым хрысціянінам і чалавекам вельмі выразна падкрэсліваецца біскупам Аляксандрам. Я вельмі ўдзячны яму за давер, за яго высакародную паставу. Жадаю, каб ксяндзы Гродзенскай дыяцэзіі былі такімі ж, як наш біскуп: просты, сардэчны, які вельмі клапоціцца аб узроўні рэлігійнага жыцця і захапляецца Касцёлам. Дзякую таксама ўсім святарам, якія неаднаразова моцна мяне падтрымлівалі, манаскім сёстрам, для якіх амаль на працягу 12-ці гадоў з дапамогай айцоў францысканцаў я быў правадніком у т. зв. пастаяннай фармацыі.
    Хацелася б, каб Гродзенская дыяцэзія, у якой у мінулым годзе адбылася гістарычная падзея – распачацце І Дыяцэзіяльнага сінода пад дэвізам “Жыць Евангеллем”, надалей развівалася і духоўна ўзрастала, каб кожная сям’я і ўсе духоўныя асобы сапраўды жылі Евангеллем, былі ахоплены Божым словам праз катэхезу, гаміліі, фармацыйныя і малітоўныя сустрэчы. Няхай Гродзенскі Касцёл надалей трывае ў рытме дароў Святога Духа. Няхай ім заўсёды апекуецца галоўная заступніца – Вастрабрамская Маці Міласэрнасці, а таксама св. каралевіч Казімір і св. Максімільян Марыя Кольбэ, якія некалі хадзілі вуліцамі гэтага прыгожага горада над Нёманам. Магу смела сказаць, што Касцёл на Гродзеншчыне мае добры фундамент, які, усё ж, трэба нястомна ўзмацняць, каб ніякія цёмныя хвалі не змаглі яму нашкодзіць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  224

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.