ГРОДНА
Нядзеля,
09 лютага 2025 года |
Захаваць тое, што існуе
Завяршыўся 2-гі этап прац па аднаўленні ўнікальнага драўлянага лямуса, што размяшчаецца на дзядзінцы кляштара сясцёр брыгітак у Гродне. Старажытны будынак быў значна пашкоджаны ў выніку разнастайных прыродных фактараў, а таксама з-за адсутнасці кансервацыйных работ.
Як адзначае кс. Аляксандр Сасноўскі, кіраўнік эканамічна-будаўнічага аддзела Гродзенскай дыяцэзіі і адказны за рэстаўрацыю лямуса, на гэты раз галоўнай задачай спецыялістаў было выдаленне хібаў і пашкоджанняў, выкліканых уздзеяннем біялагічных і атмасферных фактараў. Чарговы этап рамонту прадугледжваў рэканструкцыю і замену знішчаных і тэхнічна зношаных элементаў, а таксама кансервацыю асобных частак пры строгім захаванні адпаведных рэкамендацый. †
|

|
Святар расказвае, што найбольшай складанасцю, з якой прыйшлося сутыкнуцца спецыялістам, быў рамонт унутраных і знешніх драўляных сцен і замена зношаных элементаў. Каб выканаць гэтыя работы, спатрэбілася падняць увесь лямус на пад’ёмніках. Будынак вельмі цяжкі, таму некаторыя з іх не вытрымлівалі. Толькі пасля таго, як са страхі знялі ацяпленне, якое складалася з гліны, перамешанай з саломай, стала магчымым падняць будынак. Пры гэтым трэба было дадаткова змацаваць паміж сабой сцены, каб будынак не разваліўся. “Чарговай праблемай, з якой мы сутыкнуліся, стала тое, што адзін вугал лямуса на 30 см ніжэйшы за астатнія. Патрэбны былі дадатковыя падлікі, каб выраўняць іх. Потым рукамі сцены ачышчаліся да асновы натуральнай драўніны: выдалены рэшткі цэменту і вапны, якімі былі ўшчыльнены вянкі”, – адзначае кс. Аляксандр.
Святар падкрэслівае, што ўсе працы выкананы згодна з падрыхтаванай раней праектнай дакументацыяй. Умяшанне ў арыгінальную структуру будынка было абмежавана да мінімуму, каб захаваць унікальны характар аб’екта. “Цяпер нас чакае чарговая задача – 3-ці этап прац па рэстаўрацыі лямуса. Неабходна накрыць увесь дах гонтам, замяніць некалькі бэлек на страсе, а таксама выканаць шэрах сталярных работ, адрамантаваць знешнюю лесвіцу і цэлую балюстраду”, – дзеліцца кс. Аляксандр.
Эксперты сцвярджаюць, што драўляныя аб’екты хутка падлягаюць псаванню, таму неабходна асаблівая асцярожнасць пры іх эксплуатацыі. Дастаткова некалькіх гадоў – і незабяспечаны аб’ект будзе незваротна страчаны. “Цешыць той факт, што аднаўленне лямуса ў Гродне набірае хуткасці. Неўзабаве гэты прыгожы драўляны гістарычны будынак з цудоўнай архітэктурай атрымае шанс на новае жыццё і стане прывабным турыстычным аб’ектам горада над Нёманам”, – падкрэсліваюць спецыялісты.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 325 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.