ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Чаму ў Адвэнце мы чакаем Божага Нараджэння з Марыяй?

Дзіцячы куточак

ciekawcyСёння гэтак жа, як і ў мінулыя часы, наша ўвага звернута да Марыі, Маці Адвэнту. Гэта Яна была абрана Богам, каб стаць дастойнай Маці Збаўцы свету з самага пачатку, яшчэ да таго, як “паўсталі горы, і вада мела свае межы”. Як гаворыць Святы Айцец Францішак, “Марыя была дзяўчынай з Назарэта – невялікай вёскі ў Галілеі, на ўскраіне Рымскай Імперыі, а таксама на перыферыі Ізраіля. Нягледзячы на гэта, Пан скіраваў на Яе свой погляд, каб стала Маці Яго Сына”. Таму Багародзіца была захавана ад першароднага граху. У напамін пра гэтую праўду 8 снежня ў Касцёле святкуецца ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пасля Звеставання Маці Божая стала жывым табернаклем, у якім пачаў жыць Усемагутны. Яго любіла, праслаўляла і дзякавала, што злітаваўся над грэшным чалавецтвам і даў Збаўцу, якога нарадзіла для свету ў стайні Віфліема. У таямніцы Звеставання Божая любоў аб’ядналася з любоўю Марыі, а плодам гэтай любові быў Езус. Маці Божая, якая насіла Яго пад сваім сэрцам, жадае, каб кожны з нас таксама прыняў Хрыста.
    У традыцыі вернікаў перыяд перад святамі Божага Нараджэння мае вельмі глыбокі марыйны характар. Штодня раніцай падчас Адвэнту цэлебруецца раратняя св. Імша ў гонар Маці Божай. На алтары запальваецца дадатковая свечка, якая сімвалізуе Панну Марыю. На пачатку літургіі ў касцёле цёмна – гараць толькі свечкі і ліхтарыкі, прынесеныя дзецьмі і дарослымі. Святло ўключаецца пасля акту пакаяння, да спеву “Хвала на вышынях Богу”. З вялікай любові да Усемагутнага кожны з нас таксама можа стаць той светлай душой, якая здольна несці людзям Езуса. Але для гэтага павінны разам з Маці Божай песціць Хрыста ў сваіх сэрцах і з радасцю чакаць нараджэння Збаўцы, удзельнічаць у падрыхтоўцы Яго аб’яўлення ў свеце.
    Марыя, пакорлівая “слуга Пана”, была і заўсёды застанецца жывым сімвалам вечных чаканняў свету на прышэсце абяцанага Месіі. Яна падтрымлівае нас у падарожжы да Божага Нараджэння, таму што вучыць, як плённа перажываць перыяд Адвэнту ў чаканні Збаўцы: не так важная знешняя пастава, як унутраная. Пра гэта і будзе наступнае апавяданне.
    Гісторыя здарылася ў адной маленькай іспанскай вёсцы на пачатку ХХ стагоддзя. У мясцовым касцёле ля алтара стаяла статуя Маці Божай. Нязграбна вылепленая з гліны, пафарбаваная ў стракатыя колеры. Пробашч, які быў занепакоены ўнутраным убранствам касцёла, хацеў замяніць гэтую статую, але парафіяне не згаджаліся. Казалі: “Мадонна не надта прыгожая, але гэта наша Мадонна”.
    І вось наступіла свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Згодна са звычаем, у гэты дзень на вуліцы вёскі выходзіла працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам. Людзі спявалі песні, неслі харугвы, фігуры. Статуя Багародзіцы была вельмі цяжкай, таму яе везлі на вазку, запрэжаным канём. Вазок быў хісткім. Не найлепшай выдалася дарога. У дадатку да ўсяго пачаўся дождж. Святар паскорыў крокі, народ – за ім. Раптам усе заціхлі. Пачуўся спалоханы крык: “О, Мадонна! Мадонна!”. На выбоістай дарозе вазок падскочыў, і статуя Маці Божай рассыпалася на кавалкі. І тут на вачах прысутных адбылося дзіўнае відовішча. Сярод разбітых кавалкаў гліны паўстала прыгожая статуя Марыі, зробленая са срэбра, аздобленая каштоўнымі камянямі. Усе стаялі ашаломленыя. Гэта ж цуд! З вялікай павагай статую Маці Божай перанеслі ў касцёл.
    Пробашч адразу напісаў пра гэтае здарэнне біскупу. Хутка прыйшоў адказ: “Каля ста гадоў таму адзін багаты чалавек ахвяраваў у вашу парафію каштоўную статую Маці Божай. Але неўзабаве для вернікаў насталі цяжкія часы. Касцёлы абрабоўвалі, разбуралі алтары, фігуры. І тады парафіяне «схавалі» статую Маці Божай. Як можаце здагадацца, людзі абляпілі яе глінай, распісалі стракатымі колерамі. А калі статуя разбілася, то вярнула сабе першапачатковы выгляд”.
    Каб крочыць за Езусам, мы павінны па прыкладзе Марыі імкнуцца быць прыгожымі, перадусім, унутрана. Гэта вельмі падабаецца Богу.
   
Заданне:
    разам з бацькамі падрыхтуй у доме маленькія яслі і падчас Адвэнту кладзі ў іх папяровыя сэрцы, дзе будуць запісаны здзейсненыя Табой добрыя ўчынкі. Гэтымі сэрцамі на свята можаш упрыгожыць ялінку.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.