ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Чаму трэба дапамагаць бедным?

Дзіцячы куточак

ciekawcyКожны, напэўна, не аднойчы бачыў бедных людзей на вуліцы ці ў краме, калі яны перабіралі некалькі манет на сваёй далоні і доўга выбіралі, што можна за гэта купіць. Якое пачуццё да іх у Цябе тады ўзнікала? Некаторыя людзі, праходзячы ля ўбогіх, адварочваюць галаву, робяць уражанне, нібыта іх не заўважаюць. Хтосьці глядзіць на такіх няшчасных з пагардай. А іншыя наогул папракаюць ці насмейваюцца. І як жа мала тых, хто сапраўды хоча ім дапамагчы, ці хаця б найменшае – выказаць сваё спачуванне, што трапілі ў дадзенае становішча. На самой справе мы не ведаем, чаму яны такімі сталі, і таму не ў праве іх асуджаць. Пан Езус гаварыў: калі дапаможам аднаму з гэтых людзей, то Яму самому дапаможам. Пра тое, што трэба заўсёды мець адкрытае сэрца на бліжняга, распавядае гісторыя пра дзвюх удоў, якую прапануем Тваёй увазе.
У вузкай даліне пасярод дзікіх панурых гор у напаўразбураных хатках ля аднаго манастыра жылі дзве бабулькі-ўдавы. Адна з іх была скупая, рэдка каму дапамагала. Другая ж, наадварот, – шчодрая і спачувальная, аддавала бедным апошні грош.
    Аднойчы пад вечар разбушавалася моцная бура. Пачула скупая бабулька, што да яе ў дзверы хтосьці стукаецца. “Ах, Божа мой, і павячэраць не паспела”, – прабурчала яна з прыкрасцю, прыбіраючы ў шафу сваю незакончаную вячэру. Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў манах. Бабулька, чакаючы ўбачыць якога-небудзь валацугу, спалохалася, замяшалася пры выглядзе неспадзяванага госця.
    – Здаецца, я перашкодзіў табе. І павячэраць не паспела, – сказаў манах.
    – Так, – адказала бабулька, дастаючы старую скарынку. – Вось што я ела. Вазьмі яе сабе, з’ясі.
    Насамрэч, ёй было шкада аддаваць і гэтую чэрствую скарынку.
    – Што за непагодная ноч! – ціхім голасам прамовіў манах. – Як сябе цяпер адчуваюць тыя, у каго няма ні хаты, каб абараніцца ад непагадзі, ні кавалка хлеба, каб здаволіць свой голад…
    – Так, бяда… Сапраўднае няшчасце быць зараз у лесе без прытулку, – прамармытала бабулька.
    – Ведаеш, – працягваў манах, – да нас у манастыр прыйшлі двое такіх няшчасных. Дапамажы ім! Яны з удзячнасці будуць маліцца Богу, каб не пакінуў і цябе ў няшчасці. Дай, калі ласка, для іх коўдру ці хаця б хустку.
    Удава ледзь стрымлівалася ад прыкрасці.
    – Як?! Змілуйся, айцец! – амаль са слязьмі на вачах ускрыкнула яна. – Хіба багацей мяне не знойдзецца нікога ў суседняй вёсцы?
    Але незнаёмы так строга і гнеўна паглядзеў, што не паслухацца яго тая пабаялася.
    – Вось, вазьмі гэтую хустку, – сказала бабулька, падыходзячы да манаха. – Яна можа сагрэць азяблае цела.
    Больш яна не дала нічога.
    Са смуткам манах пайшоў і пастукаўся ў дзверы суседкі. Другая ўдава сустрэла яго вельмі ласкава. Адразу ж развяла агонь, паставіла на стол кубак малака і дастала ўсё, што ў яе заставалася ў каморы. Манах і суседцы распавёў тое ж самае. Але тут яго слухалі зусім інакш. Бабулька аддала сваю апошнюю вопратку. Набрала прыстойны вузел, звязала яго моцнай вяроўкай і амаль выштурхнула манаха з дзвярэй, прыгаворваючы:
    – Ідзі, ідзі хутчэй да беднякоў, бо яны чакаюць на дажджы! Калі трэба, прыводзь іх да мяне.
    Манах пайшоў, бласлаўляючы яе.
    Пасля яго адыходу бура зараўла яшчэ мацней. Раптам аглушальным трэскам маланка ўдарыла ў дах. Абедзве ўдавы са страхам выбеглі з хат, не паспеўшы нічога захапіць з сабою. У лесе яны сустрэлі таго ж манаха. Ён узяў іх абедзвюх за рукі і павёў да манастыра.
    Манах аддаў усе нядаўна атрыманыя рэчы спагадлівай удаве назад. Да таго, даў ёй яшчэ шмат чаго іншага.
    – Навошта ж ты мне аддаеш усё гэта? Што аддасі няшчасным, пра якіх распавядаў? – спыталася здзіўленая ўдава.
    – Вы самі гэтыя няшчасныя і ёсць! – адказаў манах.
    Затым павярнуўся да другой удавы і выняў з-пад плашча старую хустку.
    – Яна хоць і вельмі зношаная, але ўсё ж зможа сагрэць твае акалелыя плечы, – сказаў манах.
    Скупая бабулька разгубілася і надзела хустку, мармычучы сама сабе: “Ах, калі б я толькі ведала, што гэта ён пра нас распавядаў…”.
    Манах усміхнуўся і заўважыў:
    – О, я і не сумняваюся, што ты паступіла б інакш! – сказаў ён. – Гэта табе ўрок, дачка мая. Іншым разам будзеш думаць, што і сама можаш аказацца ў патрэбе. Раптам маланка асвятліла манаха з ног да галавы так, што ён стаяў у светлым ззянні. У яркіх промнях ён здаваўся грозным у сваёй цудоўнай прыгажосці. А калі бабулькі апамяталіся, манаха перад імі ўжо не было.
    Яны прыйшлі ў манастыр, дзе добрыя манахі іх прытулілі і абагрэлі. Бабулькі сталі распытваць пра манаха, які да іх наведваўся. Але высветлілася, што ніхто з іх нікуды не выходзіў і нідзе не бачыў такога чалавека.
    Мы павінны быць зычлівымі да кожнага чалавека і імкнуцца дапамагаць убогім. Няхай стымулам да гэтага будзе невядомасць, якая нас чакае. Бо нават не здагадваемся, у якім становішчы можам самі некалі апынуццца.
   
Заданне:
    падумай разам з бацькамі, што можаш зрабіць для бедных, і пастарайся гэта выканаць.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.