ГРОДНА
Субота,
19 красавіка 2025 года |
Варта ведаць (105)
• Застаецца яшчэ крыху часу, каб атрымаць поўны адпуст, зацверджаны папам Францішкам у юбілей 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Для гэтага трэба наведаць санктуарый (у любой кропцы свету) ды прыняць удзел у цэлебрацыі і малітве да Найсвяцейшай Панны або памаліцца перад фігурай Маці Божай Фацімскай, якая выстаўлена да публічнай малітвы ў касцёле ці ў іншым адпаведным месцы. Неабходна таксама выканаць звычайныя ўмовы: прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання ды да св. Камуніі, а таксама памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца. З ласкі Юбілею можна скарыстаць да 26 лістапада бягучага года. †
• Першая ў свеце каранацыя фрэскі Багародзіцы – Маці Міласэрнасці – адбылася ў касцёле св. Георгія ў Дзержонюве (Польшча). Кароны для гэтай падзеі асвяціў папа Францішак. Урачыстасць узначаліў біскуп Свідніцкай дыяцэзіі Ігнацый Дэц. У гаміліі іерарх заўважыў, што фрэска ўзнікла на гэтых землях 500 гадоў таму. Біскуп заахвоціў вернікаў аднавіць у сабе любоў да Марыі, а таксама захоўваць вернасць Крыжу.
• Генеральны пракуратар Лівіі Аль-Садзік ад-Соур паведаміў, што з вялікім праўдападабенствам устаноўлена месца, у якім знаходзяцца астанкі егіпецкіх коптаў, варварскі забітых у 2015 годзе джыхадзістамі “Ісламскай дзяржавы”. Ужо распачата праца па эксгумацыі ў брацкай магіле. Копцкі Касцёл ужо прызнаў мучанікаў святымі. Іх літургічны ўспамін адзначаецца 15 лютага – у дзень, калі ў інтэрнэце з’явілася відэа з дэманстрацыяй адсячэння ім галоў. На стужцы чуваць, як у хвіліну забойства мучанікі паўтараюць словы: “Пане Езу Хрыстэ”.
• Незвычайнае фота зроблена ў Шатландскім прыродным тэматычным парку забаў “Bamboozeleum”. Абсталяваная для адпачынку тэрыторыя знаходзіцца ў лесе, забяспечана сістэмай відэаназірання на тэрмакамеру. Сужэнская пара з 2-ма дзецьмі бавіла час на лоне прыроды. Прыбор паказаў, як муж і жонка гуляюць не з 2-ма, а з 3-ма дзецьмі! Малодшае дзіця знаходзіцца ва ўлонні сваёй мамы, але яго ўжо вельмі добра відаць на здымку.
• У Іерусаліме дзейнічае заапарк, дзе сабраны амаль усе жывёлы, хоць раз згаданыя ў Бібліі. На сёння ў ім пражывае больш за 2200 асобін: ад сланоў да лемураў, ад маленькіх зялёных мартышак да велізарных пітонаў. Наўрад ці ўдасца знайсці толькі лефіяфана і адзінарога. Садавіну, гародніну і мяса, неабходныя для харчавання жывёл, бясплатна пастаўляюць ізраільскія кампаніі як дзесяціну. Заапарк можна аб’ехаць на экскурсійным цягніку, а таксама абысці пешшу, вывучаючы не толькі фауну, але і флору: у парку растуць дрэвы і хмызнякі, многія з якіх таксама згадваюцца ў Бібліі.
credo.pro; pch24.pl; deon.pl
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 257 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.