ГРОДНА
Чацвер,
03 кастрычніка
2024 года
 

На што часцей за ўсё хварэюць дзеці ў школе?

З жыцця Касцёла

Згодна статыстыцы праведзеных у школе за апошні час медаглядаў, спецыялісты выдзяляюць тройку найбольш распаўсюджаных сярод дзяцей і падлеткаў захворванняў. Пра якія праблемы са здароўем ідзе гаворка, і што рабіць бацькам, каб іх не дапусціць? У гэтым дапамагае разабрацца Вікторыя Толкіна – педыятр ДУАЗ “Гродзенская гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі”.
Скрыўленне пазваночніка
    Часцей за ўсё гэта скаліёз.
    Заўважыць праблемы з паставай дзіцяці нескладана: яно пачынае горбіцца, візуальна адно плячо становіцца вышэй за другое.
    “На пачатку бацькам варта пагаварыць з класным кіраўніком, – заўважае педыятр. – Ён павінен рассаджваць вучняў за парты ў адпаведнасці з ростам і назіраць, каб дзіця сядзела за партай роўна. Клапаціцеся таксама пра гэта дома. Кантралюйце, як сын ці дачка трымаюць паставу за пісьмовым сталом пры выкананні хатніх заданняў, за кухонным сталом падчас спажывання ежы. Бацькі, забудзьцеся пра торбы на адно плячо для сваіх дзяцей! Як мінімум да старэйшых класаў. Груз павінен размяркоўвацца па плячах дзіцяці раўнамерна. Для гэтага найлепш падыходзіць заплечнік. Сачыце за тым, каб ён не быў цяжкім. Вядома, сучасныя падручнікі і дапаможнікі важаць нямала, таму ў сумцы не павінна быць нічога лішняга. І, вядома ж, фізкультура. Акрамя школьных урокаў варта прывучыць дзіця да ранішняй зарадкі, заахвоціць да заняткаў на турніку дома або запісаць на плаванне, танцы, баскетбол ці ў іншую спартыўную секцыю, асабліва калі ўрачом ужо пастаўлены дыягназ «скаліёз»”.

    Пагаршэнне зроку
    Найбольш распаўсюджана блізарукасць. Яшчэ адна традыцыйная “школьная” хвароба. Дзіця скардзіцца, што дрэнна бачыць літары на дошцы.
    “З мэтай прафілактыкі карысна штодня рабіць практыкаванні для вачэй, асабліва падчас знаходжання за камп’ютарам, – падкрэслівае Вікторыя Толкіна. – Прафілактычныя меры таксама ўключаюць добрае асвятленне ў класе і дома за працоўным сталом. Бацькам варта сачыць і за тым, як дзіця чытае. Адлегласць ад вачэй да носьбіта павінна складаць 25–35 см. Гэта дазволіць паменшыць напружанне вачэй. Пры любых адхіленнях у вастрыні зроку гаджэты – пад забаронай.
    Не забывайце дадаваць у рацыён дзіцяці прадукты з высокім утрыманнем вітаміну А, які спрыяльна ўплывае на зрокавыя функцыі. Яго шмат у чарніцах, моркве, пятрушцы, шпінаце, пячонцы, рыбіным тлушчы”.
   
    Захворванні страўнікава-кішэчнага тракту
    Праблемы са страваваннем у дзяцей – не рэдкасць. Чым малодшы чалавек, тым больш уразлівы яго страўнікава-кішэчны тракт. Прычыны гэтаму – несбалансаванае харчаванне і няправільны рэжым прыняцця ежы.
    “Дома ўсё на сумленні бацькоў: што даюць, тое дзіця і есць. У школе іншая сітуацыя, – тлумачыць педыятр. – Вы не бачыце, ці ўсё з’ела дзіця, што яно купляе на дадзеныя яму сродкі. Калі няма ўпэўненасці, што сын ці дачка не набудуць на іх сухарыкі, чыпсы і іншыя шкодныя прадукты, не давайце грошы ўвогуле, лепш зрабіце з сабой бутэрброд.
    На сняданак і вячэру абавязкова забяспечвайце школьніка паўнавартаснымі гарачымі стравамі”.
   
Некалькі парад для бацькоў, якія дапамогуць узмацніць імунную сістэму дзяцей у сезон прастуд – час перамены надвор’я.
   
    • Захоўвайце правільны рэжым дня
    Пажадана арганізоўваць дзень дзіцяці так, каб у ім заставалася месца для дзённага сну і прагулкі. Ствараючы падобны расклад, вы дапамагаеце размеркаваць нагрузку на малады арганізм раўнамерна, што зберажэ яго ад стрэсаў, а, як вядома, стрэс – першы вораг імунітэту.
   
    • Харчуйцеся смачна і карысна
    Меню павінна быць разнастайным, прадукты – багатымі на вітаміны і мікраэлементы. Сінтэтычныя вітаміны варта ўжываць толькі ў тых выпадках, калі не можаце забяспечыць дзіцяці паўнавартаснае харчаванне. І памятайце, школьніку патрэбны прадукты, якія змяшчаюць як мага менш тлушчоў, але як мага больш калорый.
   
    • Займайцеся фізічнымі практыкаваннямі і загартоўвайцеся
    Нагрузка неабходна арганізму для нармальнага функцыянавання ўсіх органаў і сістэм.
    У справе загартоўвання галоўнае правіла – уводзіць такую практыку паступова.
   
    • Апранайцеся згодна з надвор’ем
    Вельмі важна не хутаць дзіця, улічваючы яго рухомасць. Ад пары світэраў яно можа спацець, распрануцца, выбегчы на вуліцу – і ў момант прастудзіцца. Заўсёды сачыце за тым, што дзіця апранае і наколькі яму будзе зручна рухацца ў пэўным адзенні.
   
    • Падтрымлівайце ў доме спрыяльны клімат
    Для гэтага існуе ўсяго 3 умовы: адсутнасць пылу і яе назапашвальнікаў, тэмпература ў памяшканні – не вышэй за 18–20 °С, вільготнасць – не менш за 50%. Такія кліматычныя ўмовы не даюць распаўсюджвацца бактэрыям.
   
    Гэтыя няхітрыя правілы дазволяць абараніць арганізм ад штогадовых эпідэмій грыпу, наступстваў скразнякоў і іншых непрыемнасцей, што могуць застаць знянацку школьнікаў падчас вучобы. Будзьце здаровыя!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  90

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.