ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Дзіцяці далі мянушку: як навучыць яго правільна рэагаваць?

З жыцця Касцёла

Дзеці вельмі часта прыдумляюць адзін аднаму мянушкі. Як правіла, гэтая з’ява праяўляецца пасля 3-ох гадоў, становіцца больш масавай ва ўзросце каля 5-ці гадоў і дасягае асаблівай вынаходлівасці ў школьныя гады. Нярэдка крыўдная мянушка становіцца для дзіцяці сапраўдным кашмарам. А бывае і так, што ўжо дарослыя людзі на сустрэчы выпускнікоў з замілаваннем узгадваюць, як некалі дражнілі адзін аднаго. Як жа разабрацца, ці нясе ў сабе мянушка вербальную агрэсію, ці не? Як бацькам навучыць дзіця правільна адказваць на непрыемныя адрасныя звароты?
Найперш трэба ўцяміць, за што даюць мянушкі.
   
    Імя і прозвішча
    Самы лёгкі шлях, па якім дзеці ідуць, каб прыдумаць мянушку, – гэта пераробка імя або прозвішча. Так, напрыклад, можна быць упэўненым, што калі ў хлопчыка прозвішча Круглікаў, то ён, хутчэй за ўсё, стане Круглым або Кругляшом, як у свой час яго тата, дзядзька і ўсё Круглікавы-старэйшыя.
    Як рэагаваць?
   Калі мянушка, дадзеная па гэтым прынцыпе, не нясе ў сабе адкрыта зневажальнага адцення, растлумачце дзіцяці, што на яе не варта звяртаць увагі. Можна нават разам пасмяяцца з таго, наколькі вы падобныя, што і дражняць вас аднолькава.

    Рост, вага ды іншыя знешнія адрозненні
    Дзеці не любяць тых, хто вылучаецца з агульнага шэрагу. Гном, Бамбіза (Дылда) або Жыртрэст знойдуцца ў любым дзіцячым калектыве. Такія мянушкі далёка не бяскрыўдныя і здольныя прышчапіць дзіцяці ўстойлівы комплекс непаўнавартаснасці.
    Як рэагаваць? Перш за ўсё, трэба паклапаціцца аб павышэнні самаацэнкі свайго дзіцяці. У той жа час крыўдная мянушка можа стаць для бацькоў і сігналам да дзеянняў: калі, да прыкладу, дзіцяці не даюць праходу з-за залішняй паўнаты, варта заняцца яго харчаваннем, наведаць дыетолага ці павысіць фізічныя нагрузкі.
   
    Характар і паводзіны
    Такія мянушкі як Зубрыла, Плакса-вакса, Шасцёрка – даволі трывожны званочак. Яны азначаюць, што дзіця не навучылася будаваць адносіны з аднагодкамі.
    Як рэагаваць? Дапамагчы дзіцяці разабрацца з яго праблемамі, і ні ў якім разе не пускаць справу на самацёк. Калі вы самі не спраўляецеся з праблемай, звярніцеся за дапамогай да дзіцячага псіхолага.
   
    Стратэгіі паводзін для дзяцей, якіх дражняць:
   
    - Абараняць сябе
    Навучыце дзіця ўпэўнена паводзіць сябе з крыўдзіцелем: высока трымаць галаву, стаяць прама і глядзець яму ў вочы. Парайце спыняць непрыстойныя паводзіны ў адносінах да сябе цвёрдым і спакойным голасам: “Ты дражніш мяне. Перастань, калі ласка” ці проста “Хопіць”.
   
    - Карыстацца формулай “Я хачу”
    Многія псіхолагі прапануюць навучыць дзіця звяртацца да крыўдзіцеля, пачынаючы са слоў “Я хачу”, і далей цвёрда прагаворваць, чаго іменна: “Я хачу, каб ты пакінуў мяне ў спакоі” або “Я хачу, каб ты перастаў мяне дражніць”.
   
    - Смяяцца
    Фрэд Франкель, псіхолаг і аўтар кнігі “Добрых сяброў цяжка знайсці”, прапануе кожны раз, калі дражняць, адказваць, але самому не дражніць у адказ. Ён сцвярджае, што ў такіх сітуацыях важна, каб дзіця дало крыўдзіцелю зразумець, што кпіны яго не кранаюць (нават калі гэта не так). Да прыкладу, нехта сказаў: “Ты – дурань”. Дзіця адказвае адной з фраз: “Ну і што?”, “Ды што ты!”, “І што далей?”. Франкель падкрэслівае, што прынцыпова, як дзіця прамаўляе гэтую фразу. Яна павінна быць адрэпеціравана і вымаўлена з мінімальным эмацыйным напалам.
    Лёс дзіцяці, у тым ліку ўзаемаадносіны з аднагодкамі, фарміраванне здаровай самаацэнкі і ўпэўненасці ва ўласных магчымасцях, шмат у чым залежыць ад бацькоў, псіхалагічнага клімату ў сям’і і выхавання. Таму калі навучыць яго годна ставіцца да сябе і іншых, праяўляць свае найлепшыя якасці, то, верагодна, нават самы “тоўсты акулярык” з дрэннымі адзнакамі зможа стаць душой калектыву.
   
У школьным узросце за з’яўленнем мянушак, як правіла, стаіць феномен іерархічных узаемаадносін у калектыве, спосаб самасцвярджэння дзіцяці або няўменне па-іншаму выказаць свае словы і пачуцці. Прычынай цкавання можа стаць усё што заўгодна. У некаторых выпадках гэта будзе жаданне паказаць сваю перавагу, а ў іншых – зайздрасць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.