ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

Катэхеза для дарослых

З жыцця Касцёла

Калі старэйшыя людзі думаюць, што ўсё ведаюць, то моцна памыляюцца. Новыя выклікі часу, новыя жыццёвыя абставіны – і чалавек гатовы прысесці, каб паслухаць праўду. А праўда адна – у Богу. Таму катэхеза прысутнічае ў жыцці свядомага верніка пастаянна.

Кс. Павел Скуба - катэхізуе маладыя пары перад сакрамантам сужэнства

Упершыню пасля прыняцця першых сакрамантаў чалавек зноў праходзіць катэхетычны курс перад вельмі адказным крокам у сваім жыцці – заключэннем сужэнскага саюзу.
    Па сваёй сутнасці катэхеза перад прыняццем сакраманту шлюбу павінна быць паглыбленнем ужо наяўных ведаў, але часта яна з’яўляецца аднаўленнем у памяці чалавека асноўных праўд з Катэхізіса. Нярэдка з маладымі людзьмі даводзіцца ўсё вучыць нанава, таму што альбо вера для іх была не вельмі важная ў жыцці, альбо яны растрацілі практычна ўсё, што пазналі перад Першай св. Камуніяй і канфірмацыяй. Тых, хто сапраўды добра ведае Катэхізіс, малітвы, асновы сваёй веры, прыкладна толькі трэць ад агульнай колькасці.
    Перадшлюбная катэхеза паказвае маладым людзям Божы погляд на сужэнства, вучэнне Касцёла адносна многіх момантаў сумеснага жыцця, разглядае шматлікія пагрозы і праблемы, якія могуць узнікнуць у шлюбе. Яе спецыфіка палягае на тым, каб падрыхтаваць маладую пару да сапраўднага, годнага і плённага прыняцця важнага сакраманту, каб нарачоныя не ставілі перашкод Стварыцелю і маглі атрымаць усю паўнату Божай ласкі. Як правіла, перадшлюбная катэхеза ўключае 8 заняткаў, пасля якіх пара здае выніковы экзамен.
Безумоўна, многім гэтыя сустрэчы дапамагаюць. Людзі пераацэньваюць сваю веру, расстаўляюць на правільныя месцы каштоўнасці, усведамляючы свае памылкі. Пасля дзякуюць, дзеляцца, што адкрылі для сябе, як шмат звязана з духоўным жыццём чалавека. Іншыя ж, наадварот, нібы адбываюць павіннасць: “трэба хадзіць на катэхезу, бо не павянчаюць”. Спрабуеш звяртаць увагу нарачоных, што неабходна карыстацца атрыманым вопытам, аднак іх пазіцыя часам востра скептычная і грэблівая. Але калі казаць увогуле, то, канешне, большасць маладых пар успрымаюць гэтыя заняткі пазітыўна.
   
    Час ад часу вернік перажывае рэкалекцыі, якія, як правіла, уключаюць у сябе і катэхетычны цыкл
Кс. Віктар Ханько - катэхізуе вернікаў  падчас рэкалекцый    Сёння чалавек можа шмат ведаць пра Бога, але зусім не ведаць Яго. Таму вельмі важна не спыняцца на вывучэнні праўд хрысціянскай веры, запаведзей, норм маралі, але і, перадусім, практыкаваць іх у жыцці. Падтрымкай у гэтай справе служыць Святы Дух, асаблівае дзеянне якога можна адчуць падчас рэкалекцый.
    Трэба заўважыць, што ў кожнага верніка сваё разуменне “рэкалекцый”. Для кагосьці гэта споведзь падчас Адвэнту ці Вялікага посту, для некага – дні маўчання і трывання з Богам у Найсвяцейшым Сакраманце, для іншых – слуханне канферэнцый і разважанне над Божым словам. І ўсё гэта мае месца быць у залежнасці ад прагнення душы. Пажадана мець духоўнага кіраўніка, які, абапіраючыся на стан чалавека, можа падказаць, у чым ён зараз мае асаблівую патрэбу. Гэта могуць быць рэкалекцыі для сужэнцаў, на тэму прабачэння ці граху або заснаваныя на посце і малітве ў цішыні.
   
    Галоўная тэма любых рэкалекцый – Бог ёсць Любоў. Сабраныя разважаюць над пытаннямі: “А ці сустрэў я Пана?”, “Што мне замінае пачуць голас Айца?”. Вынікам духоўных практыкаванняў павінна быць наладжванне жывых адносін з Богам. Як паказвае практыка, 1-2 разы на год кожнаму свядомаму верніку варта перажываць падобныя рэкалекцыі.
   
    Падчас катэхезы кожны можа знайсці для сябе патрэбныя словы
    Кс. Анджэй Ганчар - катэхізуе зняволеных у турмахЛюдзі, якія трапілі ў турму, безумоўна, задаюцца пытаннямі: “Што мяне сюды прывяло?”, “Чаму так сталася ў жыцці?”, “Дзе я «зламаўся»?”. Галоўнае, аб чым, пэўна, усе сябе пытаюць – ці не пакінуў іх Бог, і як да Яго наблізіцца. Гэта натуральна, бо абумоўлена псіхалогіяй чалавека. Таму зняволеныя часта шукаюць падтрымкі святара. І для іх няма розніцы: католік, праваслаўны, мусульманін.
    Размову мы пачынаем з таго, што знаёмімся. Спярша я даю чалавеку магчымасць выказацца самому, падзяліцца ўласнымі перажываннямі, праблемамі. А потым прыступаю да катэхезы з тым акцэнтам, што Бог побач, Ён не пакінуў.
    Насамрэч, усе гэтыя людзі адкрыты на дыялог. Можна дапусціць, што ў такіх абставінах чалавек больш глыбока перажывае катэхезу. Калі дзеці, моладзь або дарослыя вяртаюцца з катэхетычных заняткаў дадому, іх зацягвае вір штодзённасці, яны перастаюць думаць пра пачутае. А ўмовы, абмежаваныя 4-ма сценамі, дыктуюць зусім іншыя правілы. Духавенства, якое наведвае зняволеных, увесь час заахвочвае іх дзяліцца тым, пра што даведаліся, абмяркоўваць гэта паміж сабой. Тады ў людзей могуць узнікаць іншыя пытанні, з-за чаго яны імкнуцца пазнаць праўды веры больш дасканала.
   
   
    Катэхеза ўсяляе надзею
    С. Стэла Ядкоўская CSFN - катэхізуе хворых у бальніцахНа працягу жыцця мы клапоцімся пра сваё цела: спажываем ежу, адпаведна апранаемся. Некаторыя на ўласным прыкладзе ўпэўніваюцца ў тым, наколькі чалавечы арганізм слабы, і далёка не ўсё залежыць выключна ад цябе самога. І што тады? Я нагадваю людзям пра душу, якая несмяротная. Прыношу Катэхізіс, дзе сабраны асноўныя малітвы, апісаны Божыя і касцёльныя запаведзі. Здараецца, штосьці тлумачу. Дапамагаю падрыхтавацца да споведзі, каб прыняць у сваё сэрца жывога і сапраўднага Езуса. Ёсць такія няшчасныя, якія не прыступалі да сакраманту пакаяння 50-60 гадоў!
    Часам хтосьці адмахваецца: “Я падумаю”. Але якое “падумаю”? Сёння я гавару з чалавекам, а заўтра ён можа адысці ў вечнасць. Некаторыя настроены агрэсіўна, крычаць, каб зачыніла дзверы з адваротнага боку. І я зачыняю, але перад гэтым прашу падумаць пра сябе. Праз некаторы час людзі ўсё роўна “ламаюцца”, бо гэта звязана з прыродай чалавека, які па натуры сваёй прагне Бога.
    Аднойчы мужчына запэўніваў мяне: “Я атэіст!”. А я яму: “Каб быць атэістам, трэба мець моцную веру...”. І ён у замяшанні. Да кожнага неабходны асабісты падыход. Калі не атрымліваецца з аднаго боку, трэба спрабаваць з другога: лавіць чалавека, як рыбу. Галоўнае, прасіць Святога Духа. Бо гэта не мы дзейнічаем, але Бог праз нас.
   
    Любая катэхеза скіравана да сэрца чалавека
    Кс. Валерый Лісоўскі - катэхізуе глуханямыхОрганы ўспрымання толькі дапамагаюць спасцігнуць праўду пра Бога – яе трэба адчуць. Людзі, пазбаўленыя здольнасці чуць і гаварыць, пазнаюць Пана праз вобразы. Яны глядзяць на абразы, фігуры, табернакль і з Божай ласкай перажываюць Яго прысутнасць у сваіх душах.
    Нягледзячы на тое, што ўспрыманне навакольнага свету глуханямымі абмежавана 3-ма тысячамі жэстаў і паняццяў (70-цю тысячамі – тымі, хто валодае зрокам і слыхам), нельга сцвярджаць, што іх вера павярхоўная. Падчас катэхезы глуханямыя шмат пытаюць, цікавяцца нейкімі рэчамі, просяць нешта патлумачыць падрабязна.
    Такія людзі вельмі шчырыя, больш глыбока давяраюць. Яны жывуць у цішыні, чаго нам сёння не хапае... Глуханямыя не могуць спаўна выказацца і падзяліцца ўсім тым, што перажываюць у сваім сэрцы. Але я ўпэўнены, што іх душа напоўнена Божай прысутнасцю не менш.
   
Кожная гамілія падчас св. Імшы з’яўляецца своеасаблівай катэхезай, калі сам Бог праз святара прамаўляе да нас. Трэба толькі захацець і адкрыцца на прыняцце праўды, якая скіравана да кожнага асабіста ў дадзены момант жыцця.


   

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.