ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Мары спраўджваюцца!

Інтэрв'ю

На пачатку лета бягучага года кс. Ян Раманоўскі вырушыў у Санцьяга-дэ-Кампастэла (Iспанія) – адзін з найбуйнейшых цэнтраў паломніцтва.
    З усяго зямнога шару ў сабор, дзе знаходзіцца грабніца св. апостала Якуба, рознымі спосабамі пілігрымуюць людзі: пяшком, на веласіпедах, часам на конях. Аднак самы папулярны спосаб пілігрымавання – пехатой.
    За 3 тыдні святар хадою пераадолеў шлях, які па працягласці, мабыць, складае ў суме даўжыню дарог усіх пілігрымак да Тракеляў… памножаную на 2. Паломніцтва мела інтэнцыі падзякі за 2 гады навучання ва ўніверсітэце ў Памплоне і паспяховую абарону магістарскай работы. Да іх былі таксама далучаны просьбы, у якіх кс. Яна прасілі маліцца родныя, сябры і знаёмыя.
– Кс. Ян, калі Вы ўпершыню пачулі пра Шлях св. Якуба?
    – Я быў яшчэ клерыкам. Аднойчы натрапіў на амерыканскі фільм “The Way” (“Шлях”), у якім бацька высвятляе, што яго сын загінуў на Каміна-дэ-Санцьяга, і вырашае прайсці гэтай дарогай замест сына. На жаль, ён да канца так і не разумее сэнсу пілігрымкі. Пасля прагляду фільма ўнутры мяне нарадзілася ідэя, каб таксама прайсці маршрутам да месца, дзе знаходзяцца парэшткі св. апостала Якуба. Але доўгі час гэта заставалася толькі ідэяй.
У 2015 годзе разам са знаёмымі мы пастанавілі пераадолець той шлях. Аднак з-за выезду на вучобу ў Іспанію, збору і афармлення адпаведных дакументаў я мусіў пакінуць ідэю. План, усё ж, надалей заставаўся ў маёй свядомасці. Будучы ўжо ва ўніверсітэце ў Памплоне, я сустракаў пілігрымаў, паколькі праз кампус навучальнай установы праходзіць гэты шлях. Вітаўся з паломнікамі словамі “Buen Camino!” (“Добрай дарогі!”), а сам думаў, што абавязкова таксама пайду тым шляхам. Пасля заканчэння першага года навучання я надзеў рукзак і вырушыў у Санцьяга-дэ-Кампастэла, горад св. апостала Якуба.
    Мара здзейснілася…
    Нават 2 разы! Год таму я пілігрымаваў у Санцьяга Шляхам французскіх каралёў (Camino Frances), якім звычайна ідзе вельмі вялікая колькасць паломнікаў. А ў гэтым годзе вырушыў Паўночным шляхам (Camino del Norte), што мае меншую папулярнасць у пілігрымаў. Падчас першага шляху пераадолеў 705 кіламетраў. Скіраваўся яшчэ на т. зв. “край свету” – мястэчка Фіністэр, у якім, паводле традыцыі, скончыў сваё пілігрымаванне св. Якуб. Паколькі ў тыя часы людзі думалі, што далей ужо нічога няма, то лічылі: там, дзе зямля злучаецца з вадой, знаходзіцца край свету. Другі шлях працягласцю 815 кіламетраў прайшоў не так даўно за 22 дні.
   
    – Чым адрозніваюцца паміж сабой гэтыя шляхі?
    – Другі шлях, хіба, цяжэйшы, што тычыцца фізічных намаганняў, а таксама прыродных і кліматычных умоў. Напрыклад, вельмі часта на працягу ўсяго дня неабходна ўзыходзіць на гару, а потым сыходзіць з яе, або некалькі дзён можна ісці пад праліўным дажджом, не маючы магчымасці высушыць адзенне. Але ўсё гэта толькі дабаўляе паломніцтву асаблівай выключнасці. З іншага боку, другую пілігрымку я перажыў, як мне здаецца, больш плённа ў духоўным плане, паколькі ішоў увесь час адзін, прысвячаючы шмат часу малітве і разважанням.
   
    – Дзе даводзілася спыняцца на начлег?
    – На шляху ёсць т. зв. альберге – прытулкі для пілігрымаў, дзе можна пераначаваць. Там можна сустрэць людзей з розных краін: Новай Зеландыі, Аўстраліі, Расіі, Ангенціны...
    Часам выпадаў шанс спыніцца ў кляштары, напрыклад, цыстэрсаў, дзе ўдавалася прыняць удзел у супольнай малітве. Дарэчы, я заўсёды стараўся спыняцца на начлег у мясцовасці, дзе ёсць касцёл і мелася б магчымасць канцэлебраваць св. Імшу. У адну з нядзель трапіў у касцёл, дзе адбывалася ўрачыстасць Першай св. Камуніі, што было для мяне трохі незвычайным досведам. Іншым разам у пэўнай мясцовасці святары запрасілі мяне на вячэру, а на наступны дзень – на сняданак. Гэта таксама быў цудоўны вопыт святарскага братэрства.
   
    – Якія людзі сустракаліся на Вашым шляху?
    – На Каміна спатыкаеш розных людзей ва ўзросце 6–80 гадоў. З многімі з іх можна паразмаўляць на разнастайныя тэмы. Але, праўду кажучы, большую частку свайго паломніцтва я прайшоў адзін, размаўляючы з пілігрымамі толькі ў месцах начлегу. Я меў свой рытм і за дзень прахо- дзіў каля 40-ка кіламетраў.
    У апошні дзень пазнаёміўся з 4-ма старэйшымі мужчынамі, палякамі, якія ўжо шмат гадоў жывуць у Германіі. Калі сказаў ім, што я ксёндз, запрасілі мяне на супольную малітву і папрасілі аб бласлаўленні на далейшы шлях.
   
    – Дарэчы, як даюцца апошнія кіламетры?
    – Не перадаць таго, што адчуваеш, калі ўсведамляеш, што знаходзішся ўжо побач з мэтай свайго пілігрымавання, што застаецца ўсяго пара дзён ці некалькі дзясяткаў кіламетраў. Тады маеш незвычайнае адчуванне сустрэчы з кімсьці важным у сваім жыцці. Гэтае адчуванне падобна да таго, што маем перад сустрэчай з асобай, якую ўжо даўно не бачылі. Але, на самой справе, гэта цяжка растлумачыць – трэба перажыць.
   
    – Вярнуўшыся ў Беларусь, якой Вам запомніцца Іспанія?
    – Іспанія ў маёй памяці застанецца краінай, якую вельмі палюбіў за яе незвычайную багатую культуру, за зычлівых і адкрытых людзей, якія заўсёды ўсміхаюцца. Але з іншага боку, на жаль, як і ў шматлікіх еўрапейскіх краінах, Касцёл там перажывае складаны перыяд. Не хапае святароў, у многіх дыяцэзіях сярэдні ўзрост духоўных асоб складае 60-65 гадоў. Ёсць таксама праблемы з рэлігійным жыццём саміх іспанцаў. Як сказаў адзін са святароў, якога сустрэў на Каміна, сёння Іспаніі патрэбна новая евангелізацыя. Лібералізм, маральны і этычны крызіс – адны з прычын гэтага.
   
    – Ці была гэтая пілігрымка па Каміна апошняй?
    – Спадзяюся, што вярнуся на Шлях св. Якуба, каб яшчэ раз перажыць тую незвычайную атмасферу малітвы, спакою і свабоды ад розных перажыванняў і цяжкасцей. Там знаходзішся нібы ў іншай рэчаіснасці!


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.