ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

“Кожны верш павінен несці пэўнае пасланне”

З жыцця Касцёла

Марыя Казлоўская вядомая ў сваёй мясцовасці як паэтэса. Яе вершы неаднойчы друкаваліся ў шматлікіх газетах. Жанчына піша пераважна пра Бога, Касцёл, хрысціянства, па сутнасці, пра сваё штодзённае жыццё. А жыццё ў яе, трэба заўважыць, няпростае, вірлівае...
На працу – з вялікаaй радасцю
    Спадарыня Марыя з’явілася на свет у 1941 годзе, падчас ІІ Сусветнай вайны. Нягледзячы на тое, што час быў неспакойны і людзі баяліся за сваё жыццё, бацькі і бабуля з дзядулем выхавалі яе ў каталіцкай веры. Са слоў жанчыны, дома заўсёды захоўвалі хрысціянскія традыцыі і цанілі тое, што Божае і святое.
    Ужо з самага дзяцінства спадарыня Марыя была пераканана ў сваім пакліканні, бо менавіта так жанчына называе прафесію настаўніка. Таму неўзабаве яна скончыла ўніверсітэт у Гродне. Працавала настаўніцай пачатковых класаў пад Лідай, а пасля – доўгі час у Доцішках. Жанчына падкрэслівае, што неабходна любіць сваю прафесію, бо тады і жыццё выглядае зусім па-іншаму.
“На працу трэба ісці з вялікай радасцю і запалам, каб кожны дзень уключацца на 100 працэнтаў. Калі чалавек адчувае сябе на сваім месцы і выконвае тое, што яму адпавядае і што ён любіць, кожная работа, нават калі яна вельмі цяжкая, прыносіць асалоду”, – гаворыць спадарыня Марыя.
 
Прыйдзі на дапамогу, Маці дарагая!
    Няхай Тваю любоў усе вакол прызнаюць,
    Няхай Цябе пазнаюць у кожнай краіне,
    І хай вера ў Бога ў людзей не згіне...

   На працягу 33-ох гадоў з дня ў дзень жанчына старанна выконвала свае абавязкі. За працу ў школе была ўзнагароджана граматай “Выдат- нік народнай асветы”. Як сама адзначае, за гэтыя гады не пакрыўдзіла ніводнага вучня, старалася ўспрымаць усіх аднолькава, нікога не выдзяляючы. “Вучні прыходзілі да майго дома яшчэ да пачатку заняткаў і чакалі, пакуль выйду. І так цэлай грамадой праводзілі мяне да школы”, – успамінае настаўніца.
 Спадарыня Марыя  з задавальненнем дзеліцца  сваёй творчасцю з іншымі   Мінула ўжо 20 гадоў з таго часу, як жанчына пакінула сцены сваёй любімай школы і перайшла на заслужаны адпачынак. Цяпер яе справу працягвае дачка – таксама настаўніца.
    Як трапна адзначае спадарыня Марыя, сёння дзеці іншыя. Ёсць вялікая розніца і ў выхаванні, і ў навучанні, і ў культуры. “Няраз некалькігадовае дзіця знойдзе штосьці ў тэлефоне ці камп’ютары хутчэй, чым я надзену акуляры. Дзеці вельмі развітыя ў адносінах да новых тэхналогій, але ім не хапае ведаў, мудрасці. Яны менш вучаць на памяць, менш чытаюць і пішуць, што ўплывае на інтэлектуальнае развіццё. Усё радзей яны актывізуюць свае пачуцці на думанне, бо часцей гэта робіць за іх інтэрнэт”, – не без жалю заўважае настаўніца на пенсіі.
   
    Перш чым брацца за паперу
    Першыя вершы з-пад пяра спадарыні Марыі выйшлі ўжо вельмі даўно і адразу “пайшлі ў свет”. Яна вельмі часта пісала, камусьці прысвячала, а копій сабе не пакідала. Уласныя творы пачала запісваць у спецыяльныя сшыткі толькі ў 2004 годзе. Сёння іх ужо вельмі шмат. У некаторых вершы падабраны тэматычна, у іншых – у залежнасці ад мовы, бо піша паэтэса па-польску, па-беларуску і па-руску.
    Большасць твораў – пра Марыю, Бога, Касцёл, святароў, веру... Шмат вершаў прысвечана Маці Божай Тракельскай, паколькі з Доцішкаў да санктуарыя вельмі блізка. “Я часта пілігрымую ў святое месца, і кожны раз гэта незабыўнае спатканне з Марыяй. Яна заўсёды слухае, і Ёй усё можна расказаць”, – дадае спадарыня Марыя.
    Аднак каб на свет з’явіўся верш, неабходна стварыць адпаведны настрой і мець добрае самапачуцце, заўважае суразмоўца. Трэба ўпарадкаваць думкі ў галаве, і толькі потым брацца за паперу і ручку. “Каб штосьці магло паўстаць, павінна быць ідэальная цішыня. Нават муха не можа перашкаджаць” (смяецца – заўв. аўт.), – расказвае жанчына. Дадае, што не піша вершы штодня, а толькі тады, калі ёсць натхненне, “бо без гэтага ніяк”. Яго чэрпае, перш за ўсё, у Святым Пісанні, казаннях, артыкулах з газет.
    “Кожны верш павінен, найперш, несці пэўнае пасланне, – сцвярджае паэтэса. – Вершы мусяць выхоўваць людзей, каб пасля прачытання можна бы- ло штосьці перанесці на сваё жыццё, зрабіўшы яго багацейшым і лепшым”.
   
    Ліха без дабра не бывае
    Сярод вершаў паэтэсы ёсць той, з якога можна даведацца аб гісторыі яе роднай мясцовасці і аб тым, як вернікі засталіся без сваёй святыні і могілак, якія аказаліся за лініяй мяжы на літоўскім баку. Жанчына апісвае, што людзі балюча перажывалі гэтае адлучэнне.
 Перачытваючы свае творы, паэтэса нібы вяртаецца ў мінулае   У размове высвятляецца, што раней в. Доцішкі належала да парафіі Эйшышкі. Кожную нядзелю вернікі ездзілі ў касцёл калгасным аўтобусам. Малодшыя дабіраліся на веласіпедах і нават пяшком (трэба было пераадолець каля 10-ці км). У 1991 годзе паўстала мяжа паміж Беларуссю і Літвой. Доцішкі аказаліся на беларускім баку, а святыня ў Эйшышках – на літоўскім. З’явіліся цяжкасці з даездам да касцёла. “Памятаю, мы ўваходзім у святыню, а ксёндз ужо прамаўляе казанне... Грамада вернікаў з Доцішкаў зноў заходзіць спазніўшыся”, – з сорамам узгадвае жанчына.
    З кожным годам патрабаванні да перходу мяжы станавіліся ўсё больш сур’ёзнымі. У лютым 1996 года спадарыня Марыя выступіла з ініцыятывай пабудаваць святыню ў Доцішках. Распачаўся доўгі працэс збору адпаведных дакументаў і атрымання ўсіх неабходных дазволаў. Жанчына вельмі актыўна ўдзельнічала ў гэтай справе. Яе муж, які на той час быў старшынёй мясцовага калгаса, усяляк падтрымліваў высакародную ідэю. З Божай дапамогай і дзякуючы людской зычлівасці 31 мая 1996 года адбылося асвячэнне пляца пад будаўніцтва касцёла, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Божае Нараджэнне 1998 года Пастэрка была цэлебравана ўжо ў новай святыні. Сям’я Казлоўскіх ахвяравала касцёлу вялікі звон, які сёння склікае парафіян на малітву. “Людзі не аднойчы аддавалі апошнюю капейку. Дапамагаў і калгас, і сам біскуп, які падтрымліваў будаўніцтва матэрыяльна, – успамінае жанчына. – Трэба было таксама шмат маліцца, бо без гэтага сёння нічога не паўстала б”.
 
Людское сэрца павінна прагнуць Бога
    І цераз малітву да Яго знайсці дарогу,
    Каб з Панам вечна валадарыць у Небе,
    Душы чалавечай большага не трэба...

    Спадарыня Марыя не шкадавала сіл і брала на сябе рэалізацыю многіх ініцыятыў, што стваралі гісторыю парафіі. “2 разы на тыдзень вучыла нашых харыстаў касцёльным песням. Спачатку рабіла свае хатнія абавязкі, а потым ляцела на рэпетыцыю ў святыню”, – успамінае жанчына і адзначае, што тады не было магчымасці надрукаваць тэксты песень на камп’ютары. “Трэба было іх размножваць ад рукі”, – дадае. “Усё, што зараз маем у святыні, прайшло праз мае рукі. Колькі рэчаў я выпрасіла і тут, у краіне, і за мяжой! Прывезла ў касцёл літургічныя шаты і імшальныя кнігі”, – дадае спадарыня Марыя, якая на працягу многіх гадоў была старшынёй парафіяльнай рады.
    Сёння яна надалей служыць пры касцёле – з’яўляецца закрыстыянкай. Адчыняе і зачыняе святыню, чувае над парадкам у закрыстыі. Жыве справамі Касцёла, сваёй супольнасці, служыць Пану Богу і дапамагае ксяндзу пробашчу. Планаў у жанчыны, па яе словах, яшчэ шмат.
   
    На добрую памяць
    Наведваючы Марыю Казлоўскую ў яе родным доме ў Доцішках, бяру ў рукі адзін са сшыткаў, дзе сабрана творчасць паэтэсы. Раз-пораз можна сустрэць вершы ўдзячнасці, у якіх жанчына дзякуе Богу за дар жыцця, за веру, за сваіх вучняў, мужа, які адышоў у вечнасць 3 гады таму... Асаблівая падзяка – за дар новай святыні, якая ўжо амаль 20 гадоў служыць вернікам і з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам.
    “Маё жыццё праляцела вельмі хутка. Кожны дзень я ўсведамляю, што яно цудоўнае, хоць і вельмі кароткае. Трэба імкнуцца пражыць адведзены Богам час як мага лепш, каб пасля нас засталася добрая памяць, а душа пасля смерці магла жыць вечна…”, – падсумоўвае сустрэчу жанчына.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.