ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Мар’яна Бярнацкая як прыклад для пераймання

На шляху да святасці

15 ліпеня адбылася пешая пілігрымка Гродна – Адамавічы – Навумавічы. Вернікі прыбылі на форт № 2 – месца спачыну расстраляных падчас ІІ Сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпска, каб ушанаваць памяць тых, хто ахвяраваў сваё жыццё. Там традыцыйна была адпраўлена св. Імша ў інтэнцыі загінулых. Сярод іх была і бл. Мар’яна Бярнацкая, якая нястомна імкнулася да святасці. Аддаючы жыццё за іншага чалавека, яна стала наступніцай самога Езуса Хрыста.
Дарога да святасці
    Мар’яна з роду Чакала нарадзілася ў 1888 годзе ў Ліпску над Бебжай (Польшча). Ва ўзросце 20-ці гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. Пара мела шасцярых дзяцей, чацвёра з якіх памерлі адразу пасля нараджэння. У 1929 годзе, пасля смерці мужа, жанчына пасялілася ў свайго сына Станіслава, які праз 10 гадоў ажаніўся з Ганнай Шымчык. З той пары Мар’яна дзяліла сваю штодзённасць з маладым сужэнствам, праяўляючы да яго асаблівы клопат, мацярынскую любоў і зычлівасць.
Жыццё бласлаўлёнай было напоўнена верай, каханнем, малітвай, працай і цярпеннем. Шмат часу яна прысвячала Богу. Стварыцель быў найважнейшым, таму шукала Яго не толькі ў касцёле, але і за межамі святыні. Выключнай пашанай ахінала Маці Божую, якую старалася пераймаць. Рэгулярна ўдзельнічала ў марыйных набажэнствах. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці ядналася з Яе Сынам.
    Ганна Бярнацкая, выратаваная сваёй свякроўю, на месцы памяці мучанікаў II Сусветнай вайны Была апосталам малітвы, праз што адкрывала Усемагутнага, які ўмацоўваў яе ў цяжкасцях штодзённага жыцця. Размова з Хрыстом служыла ўзмацненню духоўнай еднасці яе сям’і, якая станавілася моцная Богам. Не разлучалася з ружанцам. Ён займаў асаблівае месца ў жыцці жанчыны: быў для бласлаўлёнай скарбам, крыніцай, што развівала любоў да Бога і бліжняга. Самае вялікае выпрабаванне для сям’і Бярнацкіх адбылося на мяжы чэрвеня і ліпеня ў 1943 годзе падчас масавых арыштаў жыхароў Ліпска і ваколіц, што сталі помстай гітлераўцаў за забіц- цё партызанамі нямецкага паліцая. У спіску асуджаных аказаўся таксама сын Мар’яны і яго жонка Ганна. Калі жанчына пачула загад нямецкага салдата, упала яму ў ногі і маліла, каб той выратаваў яе цяжарную нявестку: “Пане, а куды ж яна пойдзе? Пакіньце, я пайду за яе”. Салдат згадзіўся. Пасля 2-тыднёвага побыту ў гродзенскай вязніцы маці разам з сынам і іншымі арыш- таванымі вывезлі на фарты каля Навумавічаў, дзе 13 ліпеня 1943 года расстралялі.
    13 чэрвеня 1999 года папа Ян Павел ІІ абвясціў бласлаўлёнымі Мар’яну Бярнацкую і іншых мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. “Мы адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё для Хрыста. Аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго навечна ў Боскай хвале. Таму мы слушна імкнёмся па іх прыкладзе верна крочыць за Езусам”, – гаварыў Святы Айцец у гаміліі падчас беатыфікацыйнай урачыстасці.
   
    Падзяка патомкаў за любоў і самаадданасць
Арыгінальны дакумент бл. Мар’яны Бярнацкай    Спадар Станіслаў Бетко, праўнук бл. Мар’яны, успамінае, што калі быў малым хлопцам, яго бабуля Ганна Бярнацкая і цёця Леакадзія Чаркоўская часта расказвалі пра яе. “Гэта была простая, ціхая, пакорная і працавітая жанчына, адданая сваім блізкім. Бог і родны дом былі для яе цэлым сусветам. Я ганаруся сваёй прабабуляй, – падкрэслівае спадар Станіслаў. – Гэта вялікі дар мець бласлаўлёную сваячку. Думаю, менавіта дзякуючы яе заступніцтву наша сям’я здаровая і жыве ў згодзе. Пасля глыбейшага роздуму магу зрабіць выснову, што мой род павінен распаўсюджваць культ бл. Мар’яны, сцвярджаючы, што няма большай любові, чым тая, калі хто складае сваё жыццё ў ахвяру”.
    Спадар Станіслаў таксама адзначае, што члены яго сям’і моляцца праз заступніцтва бл. Мар’яны, у 2-ую суботу ліпеня прыходзяць на адпуст у яе гонар, устаноўлены ў Элцкай дыяцэзіі, адкуль сваячка родам. “Штогод стараюся прыязджаць у Беларусь, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях на месцы смерці цывільнага насельніцтва ля форта № 2 у Навумавічах. Такім чынам хачу ўшанаваць прабабулю і хаця б трохі наблізіць яе жыццё і мучаніцтва беларускім пілігрымам”, – гаворыць спадар Станіслаў.
   
    Заступніца свекрывей
    У Ліпску, дзе нарадзілася бл. Мар’яна, знаходзіцца каменны абеліск з памятнай табліцай: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Бла- слаўлёнай Мар’яне Бярнацкай, дачцэ Ліпскай зямлі, якая 13 VII 1943 года з любові да бліжніх склала ў ахвяру сваё жыццё...”. А ў мясцовым санктуарыі Маці Божай Базыльянкі знаходзіцца абраз бласлаўлёнай, да якога прыбывае ўсё больш пілігрымаў, а асаблівым чынам свякрові, каб выпрошваць для сябе і блізкіх патрэбныя ласкі.
    Як вотум удзячнасці за гераічны ўчынак імем бл. Мар’яны Бярнацкай названы Дом адзінокай маці ў Элку. Пра духоўнасць гэтай жанчыны гаворыцца ў малітоўніку “Я пайду за ёй”, выдадзеным для мам і свекрывей у 2014 годзе на сродкі мясцовага “Карытас”.
 Праўнук бл. Мар’яны Станіслаў Бетко (2-гі злева) штогод стараецца ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях на месцы расстрэлу ў Навумавічах   Як адзначае біскуп Ежы Мазур SVD, ардынарый Элцкай дыяцэзіі, на працягу апошніх гадоў у Ліпску арганізоўваецца Дыяцэзіяльная сустрэча свекрывей.
    Да 2014 года яна праходзіла ў свята Маці Божай Анёльскай, 2 жніўня. Аднак у 70-ую гадавіну смерці бл. Мар’яны была перанесена на 2-ую суботу ліпеня. На сустрэчу прыбывае вялікая колькасць сем’яў дыяцэзіі, а асаблівым чынам свякрові, удовы і нявесткі. У яе рамках адбываецца таксама набажэнства ў інтэнцыі абароны зачатага жыцця.
    “Прыклад нашай бласлаўлёнай дыяцэзіянкі спрыяе таму, што бачым у ёй у першую чаргу заступніцу свекрывей, – адзначае біскуп. – Але мы не абмяжоўваем асаблівую ролю бласлаўлёнай, бачым яе і як заступніцу ўдоў, нявестак, сем’яў. Яна заўсёды абараняла здаровыя адносіны ў сям’і. Гэта вельмі важна, асабліва сёння, калі сямейныя каштоўнасці перажываюць глыбокі крызіс, калі атакі скіроўваюцца на само паняцце сужэнства як саюзу жанчыны і мужчыны, яго неразрыўнасць. Прасіце аб заступніцтве бл. Мар’яны, каб адносіны паміж членамі сем’яў станавіліся лепшымі, прыгажэйшымі, больш чулымі”, – заахвочвае ардынарый Элцкай дыяцэзіі.
    25 лютага 2017 года рэліквіі бл. Мар’яны былі ўнесены ў санктуарый Маці Божай Зоркі Новай Евангелізацыі і св. Яна Паўла ІІ у Торуні (Польшча), дзе адбываюцца штомесячныя набажэнствы для жанчын.
    Пра ахвярнае жыццё і гераічную смерць мужнай жанчыны да гэтага часу ўспамінаюць у шматлікіх гаміліях і канферэнцыях. Вернікі не перастаюць лічыць яе прыкладам для пераймання як у сямейным, так і ў парафіяльным жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.