ГРОДНА
Аўторак,
25 чэрвеня
2024 года
 

“Мая місія – будаваць Божае Валадарства ў кожным чалавечым сэрцы”

Інтэрв'ю

Хутка с. Стэла Ядкоўская з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначыць юбілей 50-годдзя манаскага жыцця. Назарэтанка, якую называюць апосталам гродзенскіх бальніц, цалкам прысвяціла сябе служэнню хворым і церпячым. Цягам тыдня с. Стэла наведвае 8 бальніц. За дзень абыходзіць каля 200 палат. Таксама дзякуючы яе намаганням ў горадзе над Нёманам паўсталі 4 шпітальныя капліцы, дзе пацыенты могуць памаліцца і прыняць удзел у св. Імшы.
С. Стэла, апранутая ў белы халат, з-пад якога віднее хабіт, сустракае мяне ля ўваходу ў анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Пакуль ідзём доўгімі калідорамі, манахіня распавядае, што сваё служэнне ў гэтым шпіталі яна распачала ў далёкім 1966 годзе.
    – На той момант я працавала ў прыёмным пакоі, – гаворыць с. Стэла. – Запісвала хворых, якія паступалі на лячэнне, а заадно цікавілася, якога яны веравызнання. Таму адразу ведала, хто і ў якой палаце ляжыць. Гэта былі складаныя часы атэізму. Святарам нельга было наведваць медыцынскія ўстановы, а хворым былі патрэбны святыя сакраманты. Вось і даводзілася ісці на хітрасць: пераапранаць ксяндза ў белы халат і накіроўваць у адпаведныя палаты.

   Сястра Стэла падтрымлівае хворых словамі веры і праз сваю малітву даручае іх Пану – Ці заўсёды ўдавалася заставацца незаўважанымі?
    – А як жа, – гаворыць з усмешкай сястра. – Аднойчы ў шпіталь патрапіла манахіня з Каменкі. Я рэгулярна яе наведвала і падчас аднаго з такіх візітаў пачула страшныя стогны, якія даносіліся з рэанімацыйнага аддзялення. Там знаходзіўся мужчына ў вельмі цяжкім стане. Я падышла да яго і сказала: “Ці Вы католік, ці праваслаўны, пакайцеся за свае грахі!”. Медсёстры пачулі гэта і параілі пакінуць церпячага ў супакоі, бо ён і так у хуткім часе памрэ. Аднак я не страціла надзеі і на наступны дзень прывяла з сабой ксяндза, каб той паспавядаў хворага. Як толькі святар увайшоў у палату, у калідоры пачуліся крокі. Я ўбачыла міліцыянера, што накіроўваўся ў мой бок. Стала страшна, а праз імгненне я зразумела, што ўсё роўна губляць няма чаго, і крыкнула: “Стой, туды нельга ўваходзіць!”. Міліцыянер здзівіўся такому загаду, але спыніўся і не стаў адчыняць дзверы. Калі святар скончыў спавядаць, давялося ўцякаць праз запасны выхад, каб нас не выкрылі.
    Уваходзім у анкалагічнае аддзяленне. Сястра асцярожна прыадчыняе дзверы першай палаты і ціхім пяшчотным голасам вітаецца з пацыентамі: “Добры дзень! Ці ёсць сярод Вас католікі? Прыходзьце на св. Імшу ў каплічку!”.
    Такім чынам манахіня абыходзіць адзін за другім усе пакоі, запрашае хворых прыступіць да споведзі і прыняць Камунію. Прозвішчы ахвочых і нумары палат занатоўвае ў блакнот. Туды ж с. Стэла запісвае імёны пацыентаў, якія па стане свайго здароўя не могуць прыйсці ў капліцу, але хочуць скарыстаць з душпастырскай паслугі.
   Падчас св. Імшы ў капліцы, што месціцца ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Нечакана сустракаем знаёмага сястры – Тадзіка. Ён шчыра цешыцца адведзінам. Пачынае распавядаць пра сваю хваробу, потым жаліцца, што моцна хоча дамоў... Манахіня сціскае яго рукі ды запэўнівае ў малітве. Тадзік яшчэ некалькі хвілін моўчкі сядзіць на ложку, а пасля крадком выцірае слязу і дзякуе госці за падтрымку.
    – У маладосці я сама змагалася з хваробай. І, можа, каб сама не дасведчыла болю, мне было б складана зразумець хворых людзей, з якімі зараз сутыкаюся штодня. Таму дзякую Пану Богу за гэтае выпрабаванне, – гаворыць с. Стэла. – Кожны чалавек, якога сустракаю ў бальніцы, патрабуе ўвагі і асабістага падыходу. Некага трэба пашкадаваць, некага – падбадзёрыць. Кагосьці неабходна проста цярпліва выслухаць. Мяне вельмі засмучае, калі ў ходзе размовы хворы пачынае казаць, што ўжо дзясяткі гадоў не быў у споведзі альбо што не верыць у Бога і не хоча нічога змяняць у сваім жыцці. У такія моманты даводзіцца станавіцца ў абарону веры, але рабіць гэта так, каб не адштурхнуць чалавека. Я проста выказваю сваё меркаванне і стараюся падкрэсліць найважнейшае – існаванне душы. Тлумачу, што пахаваюць цела, а душа не памрэ і прадстане перад Божым судом. Канешне, ніхто не дасць гарантыі, што духоўна згублены чалавек пакаецца і захоча паяднацца з Нябесным Айцом. Але я не адчайваюся, малюся і прашу Усявышняга аб ласцы навяртання для няверуючых.
    Медыцынскі персанал ды пацыенты даўно звыкліся з візітамі манахіні і вітаюць яе з належнай пашанаю. Рэдка на якіх тварах можна заўважыць здзіўленне і насцярожанасць.
    Падчас размовы людзі дзеляцца з ёю сваімі перажываннямі, цяжкасцямі, адкрываюць самыя патаемныя куточкі сваёй душы, а пасля дзякуюць за духоўную падтрымку, прысутнасць і прысвечаны час. – Трэба служыць не толькі целу, але і душы чалавека. Таму праз сваю дзейнасць імкнуся будаваць Божае Валадарства ў кожным чалавечым сэрцы. У гэтым, хіба, і ёсць мая місія, – гаворыць манахіня. – Я вельмі цешуся, што магу несці хворым Хрыста. З Ім лягчэй пераадольваць цярпенні і пакуты. Вера сапраўды чыніць цуды. Яна натхняе надзею, а надзея пазітыўна ўплывае на самаадчуванне.
    Вярнуўшыся ўвечары са шпіталя ў манаскі дом, с. Стэла думкамі і сэрцам застаецца з хворымі. Яна моліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам у інтэнцыях людзей, якіх сустрэла на працягу дня, а таксама ўзгадвае хворых, што рыхтуюцца да сур’ёзных аперацый ці ляжаць у коме.
   
Урачыстасць, падчас якой манахіня будзе дзякаваць Богу за дар жыцця, веры і паклікання ў Назарэт, адбудзецца 16 ліпеня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Св. Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачнецца ў 12.00.

   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  190

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.