ГРОДНА
Аўторак,
25 чэрвеня
2024 года
 

Заступнікі перад Богам не забываюцца пра родныя мясціны

З жыцця Касцёла

Беларуская зямля выгадавала шмат годных хвалы людзей, сярод якіх і бл. Цэліна Бажэнцкая. Разам з дачкой Ядзвігай яна заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста. чвэрць жыцця Мужная жанчына правяла ў Абрэмшчыне (недалёка ад в. Заневічы). Тут у памяць аб бласлаўлёнай на месцы, дзе раней знаходзіўся дом яе сям’і, збудавана капліца, куды часта прыязджаюць маладыя сужэнствы, каб памаліцца ў інтэнцыі добрай сям’і і даручыць свой саюз яе заступніцтву.
    Ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля менавіта ў гэтым асаблівым для дыяцэзіі месцы распачалося святкаванне 100-годдзя парафіі Заневічы. Тутэйшыя вернікі ўпэўнены, што бл. Цэліна нястомна выпрошвае для іх неабходныя ласкі перад Божым алтаром.
Апека бласлаўлёнай – для хвалы Усемагутнага
    У першы дзень урачыстасцей юбілею існавання мясцовай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата Кунцэвіча св. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Абрэмшчыну, дзе пачалося святкаванне, прыбыло шмат гасцей, сярод якіх шматлікія святары, у тым ліку і тыя, якія паходзяць з гэтых зямель, манахіні, прадстаўнікі мясцовай улады і вернікі з розных куткоў Гродзеншчыны. Прыехалі таксама 15 сваякоў бл. Цэліны Бажэнцкай з Польшчы.
    У гаміліі іерарх заклікаў вернікаў дбаць аб пераказе ў парафіі Божага слова, з зерня якога нараджаецца вера. “Ідзіце далей у пілігрымцы веры ў новыя часы. Няхай маладое пакаленне будзе верным, а старэйшае ўмела перадае скарб веры і прыгожыя звычаі ды традыцыі”, – заахвоціў біскуп.
З нагоды ўрачыстасці сёстры змёртвыхпаўстанкі ахвяруюць пробашчу парафіі келіхНа заканчэнне першага этапу ўрачыстасцей пробашч кс. Валерый Быкоўскі падзякаваў сваім папярэднікам – святарам, якія прыбылі, каб разам святкаваць гэтую падзею, а таксама вернікам, якія вялікай пашанай атачаюць парафіяльную святыню і капліцу ў Абрэмшчыне. Святар адзначыў, што трэба асабліва дзякаваць Пану за дар жыцця і паклікання бл. Цэліны і праз яе заступніцтва маліцца, каб Бог быў праслаўлены ў жыцці кожнага чалавека, які жыве на роднай зямлі бласлаўлёнай.
   
   
   След сям’і бласлаўлёнай
   у парафіі

    Біскуп Юзаф Станеўскі садзіць дуб – сімвал сілы і вынослівасці веры нашчадкаўНа другі дзень св. Імшу на сходах невялікай святыні ў Заневічах узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх прыбыў сюды не толькі як пастыр, але і як сведка часткі гісторыі парафіяльнай супольнасці, бо паходзіць з яе.
    Менавіта тут ён узрастаў і выспяваў у пакліканні, беручы прыклад веры і набожнасці з мясцовых вернікаў. Біскуп заклікаў парафіян да падзякі Усемагутнаму за ўсе дары і ласкі, якія на працягу столькіх гадоў атрымлівалі, молячыся ў сваім касцёле. І ў той жа час выказаў словы ўдзячнасці самім парафіянам. “Не было б гэтай святыні, калі б не было чалавечых сэрцаў, якія так моцна любяць Бога”, – дадаў іерарх.
    Кс. Валерый Быкоўскі нагадаў гісторыю стварэння парафіяльнай супольнасці. Адзначыў, што сімвалічны 1917 год быў годам пачатку вялікіх падзей для Хрыстовага Касцёла на Усходзе, бо акурат у гэты час адбылася бальшавіцкая рэвалюцыя. Святыні знішчаліся, а святары перажывалі пераслед. “Менавіта ў 1917 годзе па просьбе нашых продкаў, якія былі пазбаўлены касцёла ў Свіслачы і Літвінках, сям’я Бажэнцкіх з Абрэмшчыны перадала на патрэбы вернікаў сваю пахавальную капліцу. Гэта дало пачатак стварэнню парафіі ў Заневічах”, – распавёў святар.
    Святкаванні юбілею завяршылася словамі ўдзячнасці, якія пробашч прамовіў да ўсіх, хто прымае актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці і рознымі спосабамі падтрымлівае святыню. На ўспамін аб урачыстасці 100-годдзя парафіі былі пасаджаны 3 дубы, як знак моцнай веры тутэйшых парафіян, што накіроўвае людзей у неба.
   
З парафіі ў Заневічах паходзіць шмат манахінь і святароў, якія ахвярна служаць Касцёлу. Сярод іх – браты-блізняты, якія таксама ў маленстве хадзілі сцежкамі бл. Цэліны Бажэнцкай.
   
 Кс. прэлат Юрый (злева) і кс. прэлат Андрэй (справа) Стэцкевічы   Кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, Мінск
    Наша мама паходзіць з Заневічаў, тата – з Абрэмшчыны. У бацькоў нас было васьмёра дзяцей. Колькі сябе памятаю, у сям’і заўсёды цанілася малітва, сакраментальнае жыццё, Эўхарыстыя і ўсё тое, што належыць лічыць самым важным. Я ўсведамляю, што хрысціянскія каштоўнасці былі вынесены намі менавіта з роднага дома...
    Тата расказваў, што, калі прыйшлі саветы, ксяндза ў Заневічах арыштавалі. Ключы ад касцёла ў сельсавеце забраў ён. Тады бацьку было толькі 19 гадоў. Аднак яму ўдалося пераканаць улады, што ў касцёле не ўдасца зрабіць збожжасховішча, таму што там стаяць лавы, з-за якіх для захавання культур мала месца. На працягу многіх гадоў тата трымаў ключы дома. Калі людзі прыходзілі, адчыняў ім святыню і разам з усімі маліўся.
    Сёння бацьку ўжо 90 гадоў. Мама памерла 30 гадоў таму. Не так даўно размаўляў з татам і ён зноў узгадаў гэтую гісторыю. Мы вельмі ганарымся сваім бацькам! Ён з’яўляецца краевугольным каменем нашай радасці і нашага жыцця.
   
    Кс. прэлат Юрый Стэцкевіч, Калінінград
    Гняздо для птушак – тое месца, дзе яны адчуваюць сябе ўтульна, куды ахвотна вяртаюцца. Чалавека ж цягне да роднага дома. Ён вяртаецца туды, каб схавацца ад пэўнай небяспекі, цяжкасцей, разнастайных абавязкаў, але таксама для таго, каб быць бліжэй да сваіх каранёў. Заневічы з’яўляюцца для мяне менавіта такім цудоўным гняздом. Ужо на працягу 26-ці гадоў я служу ў Калінінградзе. Люблю тых людзей, люблю тое месца. Адчуваю сябе там вельмі добра. Аднак кожны раз, калі выдаецца нагода, ахвотна вяртаюся на Бацькаўшчыну. Тут маё сэрца б’ецца зусім іншым, прыгожым рытмам, таму што ў гэтым месцы яно незаўважнай ніццю злучана з Сэрцам Езуса.

   
Бл. Цэліна Бажэнцкая (дзявочае прозвішча – Хлудзінская) з дзяцінства хацела служыць Богу як манаская сястра. Але па волі бацькоў выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, які паходзіў з Абрэмшчыны. Тут нарадзіла чацвярых дзяцей: 2-іх пахавала, 2-іх выгадавала. Ва ўзросце 41 год аўдавела. Пасля смерці мужа рэалізавала даўняе жаданне. Калі старэйшая дачка выйшла замуж, разам з малодшай дачкой Ядзвігай паехала ў Рым i стала заснавальніцай новай супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак.
   
    Некалькі фактаў
    з жыцця бласлаўлёнай:
    • За дапамогу параненым паўстанцам Кастуся Каліноўскага, якую аказвалі ў сямейным маёнтку Абрэмшчына, была арыштавана царскай паліцыяй і адпраўлена ў гродзенскую вязніцу.
    • Арганізавала школу для дзяўчат, дзе Джакама Дэла К’еза (будучы папа Бенедыкт XV) служыў у якасці капелана.
    • Першы манастыр адкрыла на польскіх землях. Затым – у Балгарыі і ЗША. Усяго паспела заснаваць 22 супольнасці.
    • Адышла ў вечнасць за 3 дні да свайго 80-годдзя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  190

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.