ГРОДНА
Чацвер,
24 красавіка
2025 года
 

Чаму ў маі молімся Ларэтанскай літаніяй?

Дзіцячы куточак

Літанія – гэта збор малітоўных зваротаў, адрасаваных асобе, праз заступніцтва якой выпрошваем неабходныя ласкі. Заклікі ў выглядзе кароткіх формул называюць розныя характарыстыкі святога, здарэнні з яго жыцця. Яны з’яўляюцца нібы маленькімі каменьчыкамі вялікага мазаічнага пано.
    Ларэтанская літанія атрымала сваю назву ад італьянскага горада Ларэта, дзе ў мясцовай базіліцы захоўваецца т. зв. святы дом, фрагменты жылля Багародзіцы. Менавіта тут Літанія Найсвяцейшай Панне Марыі была асабліва папулярнай. Аднак лічыцца, што з’явілася яна ў XII стагоддзі ў Францыі. Першапачатковая версія Літаніі не захавалася. Адзін з варыянтаў тэксту ў 1575 годзе кіраўнік хору ў Ларэта Кастанца Порта паклаў на музыку. Гэта і паспрыяла папулярызацыі менавіта такой версіі, якая стала вядомай ва ўсім свеце. У 1581 годзе папа Сікст V дараваў індульгенцыю (поўны адпуст караў за грахі) усім, хто чытае Ларэтанскую літанію.
    Марыя працягвае сваю далонь і дапамагае кожнаму, нават самаму вялікаму грэшніку, які да Яе звяртаецца. Няхай пацвярджэннем гэтаму будзе апавяданне святара-салезіяніна Бруна Фэрэра “Святы Пётр і Марыя”.
На працягу некалькіх дзён Пан не аглядаў усяго неба. Аднойчы раніцай, калі абудзіўся, вырашыў праверыць, ці ўсё ў парадку. Са здзіўленнем заўважыў сярод групы асоб таго, хто ў сваім жыцці не зрабіў нічога добрага, а быў вялікім злыднем і бязбожнікам.
    – Што ўчыніў гэты чалавек, каб трапіць у неба? Святы Пётр павінен будзе адчытацца з гэтага, – сказаў пра сябе Пан.
    Правяраючы далей, заўважыў сярод іншых бласлаўлёных нейкую жанчыну, якая ў сваім жыцці здзейсніла шмат дрэннага.
    – І яна тут? – здзівіўся. – Хто правярае ўваход у шэраг бласлаўлёных? Святы Пётр павінен будзе растлумачыць гэта.
    Абыходзячы неба, Пан наткнуўся таксама на іншых асоб, якіх не спадзяваўся ўбачыць у небе. Рашучым крокам накіраваўся да ўваходу. Ля варот з ключамі ў руцэ стаяў святы Пётр.
    – Штосці тут не так... – строга заўважыў Пан. – Я спаткаў тут, у небе, людзей, нявартых гэтага месца. Які з цябе ахоўнік? Ці не засынаеш ты часам падчас службы?
    – О, не! Я не сплю, – адказаў пакрыўджаны Пётр. – Стаю ў варотах з шырока расплюшчанымі вачыма. Але нада мной ёсць маленькае акенца. Праз яго час ад часу Марыя апускае вяроўку і цягне тых, каму я забараняю ўвайсці. Таму, мабыць, не варта, каб я стаяў тут, у варотах. Іду ў адстаўку!
    Твар Пана раз’ясніўся вялікай усмешкай.
    – Ну добра ўжо, добра, – адказаў зычліва, абдымаючы святога Пятра, як калісьці на зямлі. – Тое, што робіць Панна Марыя, заўсёды добра зроблена. Ты і далей глядзі за варотамі і дазволь, каб аб акенцы думала Яна...
   
   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
   
Заданне:
    молячыся разам з бацькамі Ларэтанскай літаніяй, паспрабуй укласці некалькі сваіх заклікаў да Марыі, якія падказвае сэрца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.