ГРОДНА
Субота,
25 мая
2024 года
 

XXIV Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Навагрудку

З жыцця Касцёла

Сёлета маладых людзей разам з іх душпастырамі 6–8 мая гасцінна прымала парафія св. Міхала Арханёла, сёстры назарэтанкі, а таксама мясцовыя адукацыйныя ўстановы. Дэвізам сустрэчы сталі словы: “Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю”.
Дзень першы
    Св. Імшу на адкрыццё мерапрыемства ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што сёння вельмі важна ісці напе- рад. “Нельга стаяць на месцы, трэба няспынна развіваць сваю веру. Ад вас, маладое пакаленне, залежыць будучыня Касцёла, грамадства, краіны”, – заўважыў біскуп. Пасля адбылася канферэнцыя на тэму “Марыя – наша Маці і прыклад жыцця”, якую правёў а. Андрэй Ядкоўскі CSsR. Падчас прамовы святар даў моладзі каштоўную параду: “Калі хочаш быць шчаслівым, бяры ў рукі ружанец”.
    Праграму першага дня на цэнтральнай плошчы горада завяршыў канцэрт праслаўлення. Разам з семінарыйным гуртом “AVE” моладзь усхваляла Бога праз спеў і танцы.

    Дзень другі
    Пасля супольнай малітвы маладыя вернікі прынялі ўдзел у катэхетычных сустрэчах, прысвечаных тэме цнотаў Марыі: пакоры, чысціні веры, надзеі, любові, служэнню і трываласці. Моладзь была падзелена на групы. Кожнай з іх прапанавалася наблізіць постаць Найсвяцейшай Маці на аснове розных тэзісаў. Пасля катэхетычных заняткаў удзельнікі ДДМ абыгрывалі іх у міні-сцэнках.
   
Акрамя моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх ВНУ. Агульная колькасць удзельнікаў сёлетніх ДДМ – каля 1500 чалавек.

    Так як другі дзень мерапрыемства супаў з Нядзеляй Добрага Пастыра, маладыя людзі сабраліся на св. Імшы, каб маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, а таксама аказаць духоўную падтрымку тым, хто ўжо прысвяціў сваё жыццё Хрысту. Літургію цэлебравалі новапрэзбітэры. Пасля святары ўдзялілі вернікам індывідуальнае бласлаўленне.
    Апоўдні прайшла прэзентацыя моладзевых парафіяльных груп. Падчас выступленняў маладыя людзі праслаўлялі Маці Божую спевамі, танцамі і тэатральнымі пастаноўкамі.
   
    Дзень трэці
    У апошні прадугледжаны праграмай ДДМ дзень моладзь адправілася ў пешай пілігрымцы за горад у Батароўскі лес, каб ушанаваць бласлаўлёных сясцёр-мучаніц на месцы іх спачыну. Літургію ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх пазнаёміў прысутных з гісторыяй гераічнай смерці 11-ці назарэтанак, якія падчас ІІ Сусветнай вайны аддалі сваё жыццё дзеля выратавання айцоў сямей з Навагрудка і мясцовага святара. На месцы, акропленым крывёю мучаніц, моладзь мела магчымасць суцішыцца пасля бурлівага перажывання мінулых дзён і паразважаць, на чым базуецца вера і якімі ахвярамі поўніцца іх штодзённасць.
    Пасля ўдзельнікі мерапрыемства разам з арганізатарам кс. Антоніем Грэмзам падзякавалі пробашчу парафіі ў Навагрудку кс. Юрыю Жэгарыну і мясцовым жыхарам за цёплы прыём і за новаўвядзенне ў праграму мерапрыемства – паломніцтва да святога месца.
    Завяршыліся ДДМ канцэртам праслаўлення ў выкананні гурта “Laudans”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  221

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.